“Калі б апазыцыя сапраўды імкнулася да перамогі над Лукашэнкам, дык ужо даўно дамаглася б”

Валянцін Жданко, Менск

У нашай пошце апошніх дзён па-ранейшаму нямала лістоў, у якіх слухачы разважаюць наконт прычынаў і наступстваў нядаўніх падзеяў у Грузіі. Вось які ліст на гэтую тэму атрымалі мы зь мястэчка Друя Браслаўскага раёну:

“Пішу вам ананімна, бо баюся за сваю бясьпеку. Сачу за падзеямі ў Грузіі, і з сумам прыходжу да высновы, што наша апазыцыя на тле грузінскай вельмі слабая. Калі б яна сапраўды захацела скінуць Лукашэнку, дык даўно гэта зрабіла бы. Раю нашым лідэрам апазыцыі браць прыклад зь Ніно Бурджанадзэ. Не зьвяртаць увагі на Лукашэнку і яго пагрозы — бо гэта толькі пагрозы. Нельга дапусьціць, каб Лукашэнка заставаўся на трэці тэрмін — для Беларусі гэта будзе катастрофа”.

У сваім лісьце слухач зь мястэчка Друя Браслаўскага раёну таксама выказвае трывогу з нагоды падзеяў вакол газэты “Народная воля”. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Я лічу, што абвінавачаньні на адрас “Народнай волі” — гэта толькі зачэпка для перасьледу. Улады, на мой погляд, даўно хацелі гэта зрабіць, але не знаходзілі прычыны. І вось прычына знайшлася. Як кажуць у народзе, “была б сьпіна — знойдзецца і віна”. І што нам цяпер застаецца? Глядзець БТ і ОНТ, чытаць “Советскую Белоруссію” і маліцца на Лукашэнку?”

Вашыя, шаноўны слухач, папрокі на адрас апазыцыі й парада не зьвяртаць увагу на Лукашэнку, бо ўсе ягоныя пагрозы, маўляў, несур’ёзныя — ня надта пераканаўчыя. Асабліва з улікам таго, што сам вы свой ліст на Свабоду падпісаць не адважыліся. У адрозьненьне ад Грузіі, у Беларусі для чалавека, які наважыцца ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, гэта можа скончыцца арыштам, буйным грашовым штрафам і непрыемнасьцямі на працы. Што да асобы Ніно Бурджанадзэ, то апошняя яе месца працы, шаноўны слухач — пасада сьпікера грузінскага парлямэнту. У беларускай Палаце прадстаўнікоў, як вы ведаеце, апазыцыйнай фракцыі ўвогуле няма.

На гэтую ж тэму разважае ў сваім новым лісьце Мікалай Слуцкі зь Менску. Ён піша:

“У “аксамітных” рэвалюцыях у Грузіі, Сэрбіі, а раней у Чэхаславаччыне і ў Расеі ў 1991 годзе кіраўнікі сілавых структураў не адважыліся ўжыць сілу супраць народу, бо гэта непазьбежна прывяло бы да шматлікіх ахвяраў. А за гэта давялося б адказваць — магчыма, нават гэтак жа, як Чаўшэску. Думаю, у нас Навумаў ды Латыпаў на кровапраліцьце таксама наўрад ці адважыліся б. А вось Лукашэнка і ягоны камандзір брыгады Паўлічэнка падобны загад маглі б аддаць. Зрэшты, гэта наўрад ці выратавала б іх. Вайна даказала, што беларусы — не палахліўцы. Думаю, што дзясяткі тысячаў іх прыйшлі б на плошчу, калі б паверылі, што гэтым можна выратаваць краіну.

У Беларусі вялікія цяжкасьці з інфармаванасьцю людзей. Апазыцыя павінна ўлічваць гэта. Ёй трэба адразу пасьля абвяшчэньня часу выбараў прызначыць месца, дзень і час, куды людзі павінны прыйсьці даведацца пра вынікі выбараў. Падчас выбарчай кампаніі 2001 году гэтага не зрабілі. Відаць, ніхто не захацеў узяць на сябе адказнасьць наступствы. У выніку людзей прыйшло мала”.

Ня думаю, спадар Слуцкі, што прычына толькі ў неінфармаванасьці людзей. Той, хто хацеў даведацца пра час і месца збору пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 годзе, мелі для гэтага магчымасьць. Ёсьць шмат іншых абставінаў, якія істотна адрозьніваюць беларускія ўмовы ад тых, што склаліся ў свой час у Сэрбіі альбо нядаўна ў Грузіі. Пра іх мы шмат гаварылі ў сваіх перадачах — гэта і абмежаваныя магчымасьці апазыцыі, і жорсткасьць аўтарытарнага рэжыму, і мэнтальнасьць грамадзтва, і шмат іншых.

Ліст ад Уладзімера Стрэчаня з украінскага гораду Чарнаўцы:

“Слухаю вас штодня раніцай. Зь цікавасьцю сачу за перадачамі на беларускай мове, бо сам я беларус. Паважаю вас за высокую інфармаванасьць, лёгіку выкладу і праўдзівасьць. Усё, што вы выкладаеце — гэта гісторыя, а гісторыю, як вядома, немагчыма перарабіць. Гісторыі мінулых гадоў сучаснае пакаленьне ня ведае. А многіх з тых, хто добра яе ведаў, ужо няма сярод нас. Сёньняшнія правадыры, перафарбаваўшыся з чырвонага колеру, сходу сталі жоўта-блакітнымі. Для іх няма мінулага, ёсьць улада і вялізнае жаданьне бязвылазна заставацца ў аднойчы занятым крэсьле. Усе гэтыя Лазарэнкі, Кучмы — адной масьці”.

Сапраўды, спадар Стрэчань, выпрабаваньне ўладай — адно з самых складаных для многіх постсавецкіх лідэраў. Аднойчы апынуўшыся ў прэзыдэнцкім крэсьле, некаторыя зь іх прыкладаюць нямала намаганьняў, каб заставацца ў ім пажыцьцёва. Такім шляхам пайшлі практычна ўсе сярэднеазіяцкія прэзыдэнты былых савецкіх рэспублік. У эўрапейскай частцы былога СССР сытуацыя іншая — найперш таму, што ў грамадзтве тут іншае стаўленьне да гэтых памкненьняў. Але некаторых і гэта не спыняе. Аляксандар Лукашэнка, як вядома, пакуль што не зьбіраецца пакідаць прэзыдэнцкай пасады і пасьля дванаццаці гадоў.

Наш даўні слухач, доктар тэхнічных навук Міхаіл Леках з Рыгі адклікнуўся на ліст Зыгмунта Зялінскага зь Дзятлава, што прагучаў 26 кастрычніка. Спадар Зялінскі сярод іншага сьцьвярджаў, што людзі ў краінах Балтыі жывуць горш, чым у Беларусі. Міхаіл Леках, паслухаўшы ліст і мой камэнтар, напісаў:

“Мне спадабаўся спакойны, удумлівы тон вядучага, а таксама тое, што вы не абышлі ўвагай крытычных заўваг спадара Зялінскага. А слабасьць вашай дыскусіі выявілася ў тым, што прыведзеныя цьверджаньні не былі падмацаваныя канкрэтнай інфармацыяй — лічбамі ды фактамі. І гэта прывяло да таго, што вы, спадар Жданко, дапусьцілі памылкі. Напрыклад, спадар Зялінскі казаў пра цяжкае жыцьцё большасьці жыхароў Літвы і Латвіі. А вы пярэчылі, што большасьць жыхароў гэтых краінаў жыве добра. На жаль, гэта ня так. На сёньня каля 75 адсоткаў жыхароў Латвіі жывуць ніжэй за ўзровень беднасьці, вызначаны латвійскімі прафсаюзамі, ня маюць мінімальна неабходнага мэдычнага абслугоўваньня з прычыны яго платнасьці. У Рэзэкненскім ды іншых раёнах беспрацоўе перавысіла усе дапушчальныя ўзроўні — 25 адсоткаў і вышэй”.

Спыню на гэтым цытаваньне Вашага, спадар Леках, ліста і заўважу: у сваім камэнтары я не сьцьвярджаў, што большасьць жыхароў балтыйскіх краінаў задаволеныя ўзроўнем свайго жыцьця. Размова ішла пра параўнаньне беларускіх і літоўскіх рэаліяў. Зыгмунт Зялінскі сьцьвярджаў, што параўнаньне гэтае — на карысьць Беларусі.

Я ў адказ нагадаў яму, што ўсе балтыйскія народы на нядаўніх рэфэрэндумах дружна прагаласавалі за сяброўства сваіх краінаў у Эўразьвязе. А вось у так званую саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі, як вам вядома, ніхто не імкнецца — нават тыя краіны, узровень жыцьця ў якіх сапраўды ніжэй, чым у Беларусі — Украіна, Малдова, закаўкаскія дзяржавы.

Яшчэ адзін факт. Як вядома, ва ўсіх краінах Балтыі нямала расейскамоўных жыхароў, якія пасяліліся там пасьля таго, як Прыбалтыка была акупаваная савецкімі войскамі. Ня ўсе яны атрымалі грамадзянства. Многія зь іх не задаволеныя тым, што даводзіцца вучыць мову, што ўскладніліся кантакты з тымі краінамі, адкуль яны прыехалі. Але, заўважце, за рэдкім выключэньнем, ніхто з гэтых соцень тысяч людзей не імкнецца ні ў Расею, ні ў Беларусь, дзе, як сьцьвярджае спадар Зялінскі, людзям лепш жывецца.

Вы, спадар Леках, у сваім лісьце аспрэчваеце і гэты факт: у прыватнасьці, спасылаецеся на статыстыку, паводле якой насельніцтва Латвіі ў параўнаньні з 1989 годам скарацілася на 229 тысяч чалавек. Так, прычыны скарачэньня агульнавядомыя — зьнізілася нараджальнасьць і ўзрасла эміграцыя. Але зьяжджаюць насельнікі Латвіі, спадар Леках, зусім не ў Беларусь і не ў Расею.

На заканчэньне кароткі ліст ад Валерыя Ганчарэнкі зь вёскі Вялікія Лётцы Віцебскага раёну. Слухач піша:

“Зусім нядаўна, спадар Жданко, я стаў аматарам вашай перадачы, і ўжо палюбіў Радыё Свабода на беларускай мове. Мне 35 гадоў, я каталік, беларус. На жаль, на роднай мове не размаўляю, за што вельмі сорамна. У 2004 годзе я планую зьдзейсьніць пешую пілігрымку ў Сьвятую Зямлю (Ерусалім). Да гэтага браў удзел у пілігрымках у Будслаў. Праўда, каб ажыцьцявіць гэты намер, мне патрэбная фінансавая дапамога”.

У сваім лісьце Валеры Ганчарэнка зь вёскі Вялікія Лётцы Віцебскага раёну таксама дасылае рапарт пра чутнасьць нашага радыё у сваёй мясцовасьці й просіць даслаць зімовы расклад перадач. Фінансава дапамагчы вашай, спадар Ганчарэнка, пілігрымцы мы, на жаль, магчымасьці ня маем. А вось некалькі каляндарыкаў з новым раскладам ахвотна дасылаем.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Міхаіл Адаркін з Гомелю, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Павал Дзешчыц з Магілёва і Андрэвуш Шчура з расейскага сяла Пятроўскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.