“У нашым калгасе на новыя чаравікі не заробіш”

Валянцін Жданко, Менск

Агляд вашых, шаноўныя слухачы, лістоў пачну з допісаў пра штодзённыя клопаты жыхароў беларускіх вёсак і мястэчак. Жыцьцё правінцыі за апошняе дзесяцігодзьдзе істотна зьмянілася. Якія гэтыя зьмены? Вось як распавядае пра іх Генрых Аўцюкевіч зь невялікай вёсачкі ў Гарадзенскай вобласьці. Свой дакладны адрас слухач у лісьце называе, але просіць у эфіры яго не падаваць. Генрых Аўцюкевіч піша:

“Вёску, у якой жыву, не называю, бо баюся непрыемнасьцяў ад уладаў. Але пра гаротнае наша жыцьцё распавесьці хачу. Работы ў вёсцы няма, а калі і ёсьць — дык зь мізэрнымі заробкамі. Паўсюль зачыняюць школы і бібліятэкі. Думаюць таксама зачыняць ФАПы і паштовыя аддзяленьні. Такую вось “культуру” нясуць цяперашнія ўлады. У Менску будуюць грандыёзную Нацыянальную бібліятэку, а вясковыя зьнішчаюць. Пры гэтым у раённую бібліятэку нас, вясковых, не запісваюць. А што нам прапануюць замест кніг і часопісаў? Таннае віно ў краме і шкодны самагон. Самагон, дарэчы, гоняць ва ўсіх вёсках і амаль у кожнай хаце. У нашай вёсцы толькі мы ня гонім, ды яшчэ некалькі гаспадароў.

Пакуль у суседняй вёсцы была бібліятэка — я меў аддушыну. Цяпер мяне яе пазбавілі, як і многага іншага — лекаў, адзеньня, абутку. Пэнсіі хапае толькі на хлеб ды малако. Думаю, калі б дзяржава адмовілася ад будаўніцтва лядовых ды іншых палацаў, на гэтыя грошы людзям можна было даць пэнсіі, на якія была б магчымасьць выжыць. А так — не жыцьцё, а пакута. Няма грошай нават на дровы. Можа, Пан Бог пашкадуе, і гэтая зіма будзе цёплай...”

Камэнтаваць ваш ліст, спадар Аўцюкевіч, не выпадае — вы сам далі адказы на ўласныя пытаньні. Тое, што адбываецца цяпер зь беларускай вёскай, непакоіць і абурае ня толькі апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, але і ягоных прыхільнікаў. Але высновы на падставе невясёлых назіраньняў, натуральна, розныя. Вось як разважае на гэты конт Ганна Богдан з Касьцюковіцкага раёну:

“Вы часта без прычыны лаеце Лукашэнку. У краіне разруха, беспрацоўе. Моладзь працаваць ня хоча. Паўсюль алькаголікі, наркаманы. Кожны толькі і цікуе, каб што-небудзь у цябе скрасьці. Гэты час мне вельмі нагадвае пасьляваенны. Тады таксама жылі бедна і галодна. Але цяпер усё ж такой галечы, як тады, няма. Хоць у калгасе на добрыя чаравікі за месяц і не заробіш, але і з голаду ніхто ня пухне. На крайні выпадак, заўсёды можна што-небудзь з калгаснага поля прынесьці — якую бульбіну ці моркву... Што адзін Лукашэнка з такімі людзьмі можа зрабіць? Яшчэ добра, што вайны няма”.

Дзіўна, спадарыня Богдан, што пунктам адліку для сваіх параўнаньняў вы абралі пасьляваенны час. Якая вайна была ў Беларусі за апошнія дзесяць гадоў? Нават калі ўзяць пад увагу, што распад у 1991 годзе Савецкага Саюзу быў хваравітым і меў шматлікія нэгатыўныя наступствы для эканомікі і сацыяльнай сфэры, дзесяцігодзьдзе — гэта зусім дастатковы час, каб пры разумнай палітыцы забясьпечыць людзям годнае жыцьцё. У свой час за дзесяць год эўрапейскія краіны паўсталі з пасьляваенных руінаў. У Беларусі ж, як вядома, у 1990-я гады руінаў і катаклізмаў не было, акупантаў не назіралася, а ўлада рабіла ўсё, што толькі хацела.

Чаму ж зноў вярнулася галеча? Чаму чалавек за месяц цяжкай працы ў калгасе ня можа зарабіць на чаравікі? Чаму выпускнік унівэрсытэту ня можа знайсьці працы, якая б яго карміла? І адкуль, спадарыня Богдан, разруха ў краіне, якая выгнала апошняга акупанта амаль шэсьцьдзесят гадоў таму?

Мікола Саскевіч з Калінкавічаў вяртаецца ў сваім новым лісьце да выступу Аляксандра Лукашэнкі ў перадачы расейскага тэлеканалу НТВ “Свабода слова”. Слухач піша:

“Лукашэнка зусім адарваўся ад жыцьця простага народу. Вось ён кажа, што сярэдняя зарплата ў Беларусі — 140 даляраў. Але гэта хлусьня: такі заробак атрымліваюць адзінкі, а ў большасьці людзей зарплата — 50 даляраў. Пры гэтым кошты ў Беларусі нашмат вышэйшыя, чым у Расеі, пачынаючы з хлеба і заканчваючы бэнзынам і дызэльным палівам. І цэны ў Беларусі растуць на ўсё амаль штодня. Вартую работу ў Беларусі знайсьці амаль немагчыма. Таму ледзь не палова насельніцтва езьдзіць у Маскву і Санкт-Пецярбург на заробкі — на катаржныя нелегальныя работы, каб неяк пракарміць свае сем’і”.

Заканчвае Мікола Саскевіч свой ліст развагамі наконт пэрспэктываў беларуска-расейскага саюзу:

“Гэты нягеглы саюз будуецца шмат гадоў, і простыя людзі ўжо кпяць зь яго і няўдалых будаўнікоў, якія з году ў год гавораць адно і тое ж. Ну, а што датычыць Расеі, шаноўны Валянцін Жданко, дык я ўпэўнены, што нічога добрага там ня будзе. Гэта ж як трэба гаспадарыць, каб, маючы самыя багатыя ў сьвеце прыродныя рэсурсы, трымаць народ у галечы! Там спачатку будуюць, а потым зноў усё ламаюць. Таму, пакуль Беларусь залежыць ад Расеі, нічога ў нас ня будзе. Добра будуць жыць толькі Лукашэнка ды яго памагатыя. Праўда, жывучы гэтак, яны заўсёды будуць баяцца”.

Думаю, спадар Саскевіч, справа найперш не ў залежнасьці ад Расеі, хоць і гэтая праблема для Беларусі надзвычай актуальная. Для эканамічнай палітыкі беларускія ўлады абралі зусім не расейскую, а хутчэй савецкую мадэль. Многія праблемы ў эканоміцы якраз з гэтай прычыны.

Ліст з Заходняй Украіны, ад Аляксандра Багданца зь мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці. Слухач піша:

“Кучма ды Лукашэнка — браты-блізьняты. У нас рэжым дзейнічае падобным жа чынам, толькі вы пра гэта мала ведаеце”.

Аляксандар Багданец даслаў адзін з нумароў мясцовай газэты “Ровенскі дыялёг”, у якім распавядаецца гісторыя Міколы Ляховіча, аднаго з найбольш актыўных удзельнікаў акцыі “Ўкраіна бяз Кучмы”. Спадара Ляховіча за ягоную палітычную дзейнасьць некалькі гадоў трымалі ў турме — нібыта як арганізатара масавых беспарадкаў. Апазыцыя лічыць яго палітвязьнем. Мікола, як і ўсе асуджаныя актывісты арганізацыі УНА-УНСО, не захацеў пісаць заявы аб памілаваньні на імя прэзыдэнта, бо ня лічыць сябе вінаватым. Аднак нядаўна ён трапіў пад амністыю з прычыны стану здароўя.

Наш ровенскі слухач Аляксандар Багданец лічыць, што такія спосабы барацьбы з палітычнай апазыцыяй Леанід Кучма пераняў у Аляксандра Лукашэнкі, які адным зь першых на постсавецкай прасторы пачаў ужываць гвалт супраць удзельнікаў апазыцыйных акцыяў пратэсту.

Ліст з Эстоніі, ад Галіны Вахт зь мястэчка Торва. Слухачка так распавядае пра сваё жыцьцё і пра смутак па часе, калі існаваў Савецкі Саюз:

“Сама я беларуска, але цяпер ужо грамадзянка Эстоніі. З мужам мы пражылі паўжыцьця ў Беларусі, там жа вырасьцілі дачку. Сам ён усё жыцьцё праезьдзіў па Саюзу, прайшоў армію у сяброўстве з хлопцамі розных нацыянальнасьцяў. І стаў добрым чалавекам: крыўды ўсім дараваў, хоць у свой час, калі яму было ўсяго чатыры гады, іх сям’ю саслалі з Эстоніі ў Сібір. У Эстонію нам давялося пераехаць, бо папрасіла ягоная старэнькая маці.

...Пішу вам, бо абураная вашым паклёпам на Савецкі Саюз. Вы шмат гадоў абаранялі тых, хто імкнуўся разбурыць саюз і растаптаць просты народ, каб разбагацець на іхных сьлязах. Што ж, вы дамагліся свайго: агульны дом разбураны. У саюзе чужых людзей не было, і гора чужога не было. Саюз народаў нас радаваў. Людзі тады былі дабрэйшыя. І мэдыцына больш уважлівая, і міліцыя, і вайскоўцы. І ўсё бяз грошай, з дабром да чалавека. Па вуліцах хадзілі сьмела, усьміхаліся, ня ведалі слова “тэрарызм”. А цяпер нас, як зьвяроў, пасадзілі ў клеткі — у іншай краіне, з чужой мовай. Разьдзялілі дзяцей на сваіх і чужых, паводле нацыянальнасьці, сваіх вучаць любіць, а чужых ненавідзець...”

Вашую настальгію, спадарыня Вахт, можна зразумець. Напэўна, такія ж пачуцьці ўласьцівыя многім людзям старэйшага пакаленьня, чыя маладосьць і сталасьць прыпалі на тыя гады, калі межы паміж савецкімі рэспублікамі былі ўмоўныя, а юны ўзрост і рамантычныя пачуцьці дапамагалі зь лёгкасьцю пераадольваць побытавую неўладкаванасьць і шматлікія пераезды з аднаго канца СССР у другі.

Але тая краіна, якую вы, спадарыня Вахт, апісваеце як агульны дом добрых сяброў, насамрэч была зусім іншая і будавалася зусім не на прынцыпах добрай волі й сяброўства нацыяў. Маленькая незалежная Эстонія, у якой да 1940 году жылі бацькі вашага мужа, зусім не зьбіралася ўваходзіць у СССР. Яна гвалтам была захопленая савецкімі войскамі, акупаваная, ёй насадзілі савецкі рэжым. Сотні тысяч эстонцаў, якія выклікалі ў камуністаў клясавую варожасьць, былі сасланыя ў Сібір і многія там памерлі. У вашага мужа, сапраўды, добрае сэрца, калі ён дараваў гэта людзям, якія пазбавілі яго радзімы і дзяцінства. Але сотні тысяч іншых людзей не даравалі. І ў тым, што яны здолелі адрадзіць сваю дзяржаву, пазбавіцца акупацыі і дыктатарскага камуністычнага рэжыму, ёсьць вышэйшая гістарычная справядлівасьць. Як гістарычнай непазьбежнасьцю, спадарыня Вахт, быў і распад Саюзу, які будаваўся на прынцыпах ня добраахвотнасьці, а гвалту і палітычнага дыктату.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.