“У беларускім эфіры замест якасных расейскіх тэлепраграмаў — дзяржаўная прапаганда”

Валянцін Жданко, Менск

Яшчэ зусім нядаўна ў беларускім эфіры непадзельна дамінавалі расейскія тэлевізійныя і радыёканалы. І вось паступова іх пачало выцясьняць дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне і радыё. Зьнік тэлеканал “Культура”, спыненае вяшчаньне радыёстанцыяў “Маяк” і “Юность”, паступова замяняецца альбо істотна абмяжоўваецца трансьляцыя ОРТ, РТР, НТВ.

Якой мэты імкнуцца дамагчыся гэтым беларускія ўлады: умацаваць суверэнітэт сваёй дзяржавы, адгарадзіўшыся ад расейскай інфармацыйнай прасторы? Ці пазбавіць беларускае насельніцтва альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, узмацніць прапагандысцкі ціск на грамадзтва, рыхтуючыся да чарговых палітычных кампаніяў?

Вось як адказвае на гэтыя пытаньні Анатоль Хоцін зь Віцебску. Слухач піша:

“Апошні год я быў на заробках у Расеі. Вярнуўся ў свой Віцебск, уключыў тэлевізар — і ня змог глядзець. У што ператварылася тэлебачаньне ў Беларусі? Беларускай мовы фактычна не засталося ні на адным канале. Маскоўскія каналы паскарачалі, пакалечылі, замяніўшы якасныя расейскія праграмы ўласнай прымітыўнай прапагандай, якая да таго ж падаецца на дзіўнай мове, якую язык не паварочваецца назваць расейскай, да таго яна бедная і выкручаная ў выкананьні мясцовых тэлевізійнікаў.

Давялося тэрмінова купляць “талерку” — спадарожнікавую антэну, з дапамогай якой я адгарадзіўся ад беларускай прапаганды. А беларускую мову чую толькі на Свабодзе — зноў жа з дапамогай адмысловай антэны. Тое ж самае раю зрабіць і сваім знаёмым, у якіх ад беларускага тэлебачаньня падобныя ж уражаньні”, — напісаў віцяблянін Анатоль Хоцін.

На жаль, спадар Хоцін, далёка ня кожная беларуская сям’я, асабліва на вёсцы, можа дазволіць сабе спадарожнікавае тэлебачаньне. Большасьці беларускіх калгасьнікаў месячнага заробку наўрад ці хопіць на адну толькі абанэнцкую плату, каб глядзець спадарожнікавыя расейскія тэлеканалы. Што ўжо казаць пра ўсё астатняе. У большасьці сельскіх раёнаў іншага тэлебачаньня, апроч дзяржаўнага беларускага, ужо не засталося. Газэты і часопісы цяпер выпісвае рэдкая вясковая сям’я: гэта, зноў жа, не па кішэні. Застаецца радыё, але і тут спадзяваньне галоўным чынам на старыя радыёпрыймачы савецкай вытворчасьці, якія захаваліся далёка ня ў кожнага.

Для большасьці ж вяскоўцаў адзінымі крыніцамі інфармацыі засталіся цяпер “радыёкропка” на сьцяне ды дзьве праграмы дзяржаўнага беларускага тэлебачаньня. У людзей па сутнасьці няма выбару, ім даступная толькі тая інфармацыя, якую падаюць дзяржаўныя мэдыі.

Іншы пункт гледжаньня на тое, што адбываецца зь беларускай інфармацыйнай прасторай, у Мікалая Давыдзюка зь Менску. У сваім лісьце слухач піша:

“Дзіўна чуць, як цяпер рознага кшталту нацыяналісты заенчылі, абвінавачваючы Лукашэнку, што ён нібыта абмяжоўвае расейскія тэлеканалы. А ці ня гэтыя самыя людзі дзесяць год таму, на пачатку 1990-х гадоў, заклікалі ўладу адгарадзіць Беларусь ад так званага “імпэрскага ўплыву”? Ці не тады ж пад іх ціскам на частоты тэлеканалу “Астанкіна” было пераключана Беларускае тэлебачаньне?

Лукашэнка робіць тое ж, што першымі зрабілі рэспублікі Прыбалтыкі, а ўсьлед за імі — і ўсе краіны СНД, у тым ліку Ўкраіна. Ён абараняе інфармацыйную прастору незалежнай краіны. У Беларусі павінна быць уласнае тэлебачаньне, якое будзе адлюстроўваць свой, беларускі пункт гледжаньня на падзеі ў Беларусі і ў сьвеце. Каму спадабаецца, калі цябе, прэзыдэнта сувэрэннай дзяржавы, прадажнае маскоўскае тэлебачаньне, выконваючы замову алігархаў, бессаромна зьневажае і бэсьціць? Лукашэнка робіць тое, што на ягоным месцы зрабіў бы кожны”, — лічыць Мікалай Давыдзюк зь Менску.

Абарона ўласнай інфармацыйнай прасторы, сапраўды, ёсьць значнай праблемай для новых незалежных дзяржаваў. Пытаньне ў тым, якія новыя ўласна нацыянальныя каналы ўзьніклі на частотах перакрытых расейскіх каналаў? Які іх прафэсійны ўзровень? Ці забясьпечваюць яны поўную інфармаванасьць? Ці адлюстроўваюць розныя палітычныя погляды?

У тым і рэч, што чатыры цяперашнія дзяржаўныя беларускія каналы падобныя, як блізьняты — сваім непрафэсіяналізмам, безгустоўнасьцю, грэблівым стаўленьнем да беларускай мовы. А найперш — палітычнай ангажаванасьцю, і як вынік — неаб’ектыўнасьцю і шэрасьцю. Улада абараняе такім спосабам зусім не нацыянальную незалежнасьць, спадар Давыдзюк, а ўласныя інтарэсы, уласную палітычную будучыню.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.