“Тэлефанаваць на Свабоду баюся: магу страціць працу”

Валянцін Жданко, Менск

На мінулым тыдні жыхары Беларусі ўбачылі новае аблічча дзяржаўнага тэлебачаньня. Галоўны зьмест абнаўленьня — у тым, што з праграмаў так званага “нацыянальнага” тэлеканалу амаль цалкам выцесьненая беларуская мова. У Менску цяпер тры агульнабеларускія тэлеканалы, і ўсе тры — расейскамоўныя. Такое вось рэальнае “дзьвюхмоўе”, пад сьцягамі якога ўлада ў 1996 годзе праводзіла рэфэрэндум.

Як ставяцца да таго, што адбываецца на дзяржаўным тэлебачаньні, самі тэлегледачы? Вось які ліст атрымалі мы днямі ад прафэсара Ўсоева з Горадні. Слухач піша:

“Заўсёды зь цікавасьцю слухаю вашы перадачы, асабліва цяпер, калі задушаная беларуская незалежная рэгіянальная прэса. Але пішу я гэты ліст зь іншай нагоды. Хачу выказаць вялікую падзяку францускаму тэлебачаньню за іх праграмы (якія яны, ня ведаю, падаравалі ці таньней прадалі, але відавочна з умовай, каб агучваньне тэксту рабілася на беларускай мове). Гэты ўнёсак у культуру больш карысны для людзей Беларусі, чым нават інвэстыцыі.

Калі я раней не глядзеў агульны беларускі ды гарадзенскі тэлеканалы з прычыны зьместу і расейскай мовы, дык цяпер з задавальненьнем сачу за праграмамі францускага міжнароднага тэлеканалу, дзе чую цудоўную беларускую мову. Асабіста я лічу, што з заходнеэўрапейскіх краінаў Францыя мэнталітэтам да Беларусі бліжэй за ўсіх. А можа, гэта мне здаецца, таму што я з 10 да 24 гадоў вывучаў францускую мову і чытаў адпаведныя кнігі на мове аўтараў”, — напісаў прафэсар Усоеў з Горадні.

Беларуская мова зь дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё мэтанакіравана выцясьняецца ўсе тыя гады, калі пры ўладзе Аляксандар Лукашэнка. Тэлебачаньне, якое нават за камуністамі было пераважна беларускамоўным, цяпер нагадвае тэлестудыю расейскай правінцыі. На беларускай мове выходзіць хіба што прагноз надвор’я. Ды яшчэ тыя нямногія замежныя праграмы (як у выпадку з францускім тэлеканалам, альбо трансьляцыямі некаторых спартовых спаборніцтваў), уладальнікі якіх ставяць умовай пераклад менавіта на беларускую мову.

Сытуацыя, нават калі зыходзіць зь дзейнага ў Беларусі заканадаўства — відавочная. Пра якое раўнапраўе моваў можа ісьці размова, калі тэлевізійныя начальнікі з дабраславеньня сваіх гаспадароў праводзяць татальную русіфікацыю?

У адным са сваіх апытаньняў мы цікавіліся ў слухачоў, каму, на іх думку, цяпер у Беларусі добра жывецца. Іван Кузьняцоў зь Менску адказвае на гэтае пытаньне так:

“Добра жывецца камуністам. Яшчэ пры канцы так званай “перабудовы” ў “Народнай газэце” (тады яе рэдагаваў Іосіф Сярэдзіч) было надрукавана рашэньне ЦК КПСС з заклікам да камуністаў, каб тыя пераходзілі ў камэрцыйныя структуры. Вось яны і зрабілі гэтую “прыхватызацыю”. А ты, Свабода, іх надта добра замаскавала, назваўшы “новымі рускімі” ці “новымі беларусамі”. Паглядзіш наўкол — катаюцца на “Мэрсэдэсах” ды будуюць сабе палацы ўсё былыя камуністы ды іхныя памагатыя, кагэбісты ды энкавэдысты. Ніякімі беларусамі тут і ня пахне.

Вы прапануеце тэлефанаваць вам. Але як патэлефануеш: мяне ж пасьля гэтага заўтра ж з працы звольняць. Яны ўсе тэлефоны праслухоўваюць. А калі што — дык і заб’юць, як Завадзкага ці Ганчара. Сам жа Лукашэнка казаў, што за год на Беларусі бясьсьледна зьнікаюць больш як 2000 чалавек. А ў сапраўднасьці, напэўна, яшчэ болей. І гэты мой ліст яны прачытаюць, ды мо выкінуць на сьметнік, а вам што-небудзь напішуць ад сябе. Бо кагэбісты цяпер працуюць яшчэ больш нахабна, чым пры Сталіне”, — напісаў слухач зь Менску, які падпісаўся як Іван Кузьняцоў (імя, напэўна, выдуманае).

Такія апасеньні выказваюць многія нашыя слухачы. Асобныя, як і вы, спадар Кузьняцоў, падпісваюцца выдуманымі імёнамі, ня ўказваюць дакладнага зваротнага адрасу. Некаторыя, баючыся, што тэлефоны праслухоўваюць, тэлефануюць з вуліцы, з таксафонаў. Наколькі абгрунтаваныя гэтыя засьцярогі?

Калі чалавек піша або тэлефануе на Свабоду, выказваючы свае думкі, ён не парушае ніякіх беларускіх законаў. Многія нашыя слухачы робяць гэта зусім адкрыта, не хаваючы сапраўдных імёнаў. Зь іншага боку, цяжка папракаць тых, хто захоўвае інкогніта і баіцца перасьледу. Многія з гэтых людзей памятаюць час, калі ліст на Свабоду, сапраўды, мог скончыцца для яго аўтара стратай працы, а то і зьняволеньнем.

У аглядзе пошты 24 верасьня я цытаваў ліст Генадзя Самусевіча, які папракаў кіраўнікоў Беларускага гуманітарнага ліцэю, абвінавачваў іх у тым, што ня думаюць пра далейшы лёс сваіх навучэнцаў. На мае пярэчаньні з гэтай нагоды адгукнуўся вядомы публіцыст, былы школьны настаўнік Аляксандар Фядута зь Менску. Ён піша:

“Я ў шчырым захапленьні ад учынку падлеткаў-ліцэістаў. Але захапляюся я імі зусім у духу “Буравесьніка рэвалюцыі”: “Безумству храбрых поем мы песню!” Дзеці маюць права на безразважна адважныя ўчынкі. А дзе ж мудрасьць дарослых? Куды будуць паступаць потым ліцэісты? І што будзе з тымі зь іх, хто гатовы працягваць навучаньне ў Беларусі? Напрыклад, з тымі, хто гатовы стаць пераемнікамі Ўладзімера Мархеля, Міхася Мушынскага, Адама Мальдзіса — беларусістамі? Ім жа спатрэбіцца атэстат аб сярэдняй адукацыі. Хто выдасьць ім яго? Дзеці могуць пра гэта ня думаць, але абавязаныя думаць дарослыя.

Пагаджаюся з вашай лёгікай, калі вы разважаеце наконт права прадстаўніка любой прафэсіі на ўласную палітычную пазыцыю. І пэдагог таксама мае гэтае права — бясспрэчна. Але — ліцэй зачынены. Дзяцей асудзілі на найгоршае з выпрабаваньняў — выпрабаваньне на “палітычную сьпеласьць”. Дзякуй Богу, ніхто яшчэ не дадумаўся пісаць пра тых, хто ўсё ж пайшоў у звычайную школу, не дадаў яшчэ і гэтага стрэсу. Але апяваньне подзьвігу “сокалаў” без адэкватнага асэнсаваньня ўсяго комплексу пытаньняў, у тым ліку і тых, якія задаюць “вужакі” кшталту мяне — ці ня ёсьць гэта паўтарэньнем тых памылак, празь якія ўжо праходзіла рамантызаваная сьвядомасьць беларусаў?” Подпіс — Аляксандар Фядута, Інтэрнэт-чытач Свабоды.

Лёс ліцэістаў — гэта, безумоўна, адно зь першарадных і найбольш істотных пытаньняў у гэтым канфлікце, спадар Фядута. І вы, несумненна, маеце рацыю, калі зь непакоем пішаце пра гэта, як і пра адказнасьць кіраўнікоў ліцэю.

Але праблема ліцэю шматплянавая. Значным мне падаецца і аспэкт, над якім разважае ў сваім лісьце наш слухач з Гомеля Анатоль Жэрдзеў, які не пагаджаецца з думкай, што месца ліцэістаў — не на вуліцы, а ў школе, і што тыя павінны ісьці вучыцца туды, куды ім укажуць улады. Слухач піша:

“Вельмі засмучае, што людзі даюць такія парады ліцэістам ды іхным бацькам. Аўтары такіх лістоў не разумеюць: жыцьцё ў Беларусі кепскае не таму, што не хапае адукацыі. Параўнайце адукаванасьць беларусаў за два дзесяцігодзьдзі — у пэрыяд з 1945-га па 1955-ы гады, і за апошнія дзесяць гадоў. Лічба, напрыклад, дыплямаваных інжынэраў непараўнальная. А вынікі іхнай працы?

У тыя паваенныя гады людзі хутка з руінаў паднялі Беларусь. А цяпер, калі інжынэраў у некалькі разоў болей, сёньняшнія кіраўнікі заганяюць народ назад у руіны. Дастаткова глянуць, ува што ператварыліся за апошнія гады грамадзкія ды сельскагаспадарчыя збудаваньні ў нашых вёсках — лазьні, клюбы, фэрмы.

Можна пагадзіцца: тое, што адбываецца сёньня зь ліцэем, здольна кепска адбіцца на лёсе ліцэістаў. Але ні за што не пагаджуся, што будзе лепш, калі ліцэістаў духоўна зламаюць. У Беларусі няма будучыні, калі не зьявіцца сярод нас крытычная маса духоўна ўзьнятых людзей. Менавіта гэтага баяцца тыя, хто хоча, каб беларусы заўсёды заставаліся прыгнечанымі. Таму і перасьледуюць найперш не карупцыянэраў, ня здраднікаў, а — ліцэістаў. У ворагаў Беларусі ня стане глебы пад нагамі, калі моладзь выйдзе з-пад іх уплыву”, — напісаў Анатоль Жэрдзеў з Гомеля.

Істотныя, прынцыповыя заўвагі, спадар Жэрдзеў. І, на маю думку, яны зусім не супярэчаць таму, што выказаў у сваім лісьце Аляксандар Фядута.

На заканчэньне — урывак зь ліста менскага студэнта Барыса Гарэцкага. Ён піша:

“Я — аматар і пастаянны слухач Свабоды. Хачу выказацца з нагоды г.зв. маладзёвай канфэрэнцыі Партыі БНФ. Гэта ўжо пятая спроба стварэньня маладзёвага крыла, якая, як і ўсе папярэднія, скончыцца правалам, паразай старэйшых таварышаў, якія вельмі хочуць кіраваць моладзьдзю. Тым больш, што цяпер у БНФ мае месца супрацьстаяньне кланаў Міхалевіча і Вячоркі. А калі ў іх саміх няма спакою, ніякай гаворкі ня можа ісьці пра “Малады Фронт-2”. Бо ўся краіна ведае пра сапраўдную дзейнасьць Маладога Фронту начале з Паўлам Севярынцам”.

Цяжка, Барыс, быць судзьдзём у вашых унутрыпартыйных справах ды спрэчках. Можна наракаць на тое, што сярод вас (па сутнасьці — аднадумцаў) няма згоды. Хоць, зь іншага боку, такая лёгіка палітычнай барацьбы, у якой удзельнічаюць, як правіла, асобы амбітныя. І за гэтыя амбіцыі даводзіцца разьлічвацца.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Крушкін з Магілёва, Зянон Антонаў, Эрнэст Ялугін і Віктар Бута зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.