“Дажываем свой век жабракамі”

Валянцін Жданко, Менск

Пачну зь ліста нашага даўняга слухача і аўтара, навукоўца Міхаіла Лекаха з Рыгі. У сваім чарговым допісе ён зьвярнуў увагу на ліст Аляксея Вабішэвіча з Маладэчна, што прагучаў у аглядзе пошты 8 чэрвеня. Спадар Вабішэвіч апісваў сваё пэнсіянэрскае жыцьцё: з пэнсіі на 45 даляраў 30 даляраў ён вымушаны плаціць за камунальныя паслугі. Жыхар латвійскай сталіцы Міхаіл Леках з нагоды пачутага піша:

“Вядома, пэнсіянэру з Маладэчна, ды і іншым пэнсіянэрам у Беларусі жывецца нялёгка, цяжка. Але Аляксей Вабішэвіч ставіў у сваім лісьце канкрэтнае і вельмі важнае пытаньне: ці ёсьць яшчэ ў Эўропе краіна, дзе гэтак жа ставіліся б да пэнсіянэраў? На гэтае прынцыповае пытаньне вы, спадар Жданко, чамусьці не адказалі. Чаму? Ня маеце інфармацыі? Ці вам забараняюць казаць праўду?

Дык дазвольце адказаць мне. Горш, чым у Беларусі, жывецца пэнсіянэрам у Латвіі. Большасьць зь іх атрымліваюць пэнсію ад 50 да 60 латаў. Адзінокаму пэнсіянэру ў Рызе, які жыве ў кватэры плошчай 30 квадратных мэтраў, у студзені давялося заплаціць за жыльлё, камунальныя паслугі, тэлефон і электраэнэргію амаль 54 латы. І застаецца ад сярэдняй пэнсіі чатыры з паловай латы на жыцьцё. Гэтых грошай ня хопіць нават на праязны білет у грамадзкім транспарце.

Такой дзікасьці, як у Латвіі, калі ў Рызе зімой у 10–20-градусны мароз адключалася ацяпленьне жылых будынкаў і ўстановаў, у Беларусі ня ведаюць”, — робіць выснову Міхаіл Леках з Рыгі.

За апошнія тыдні гэты слухач даслаў некалькі новых лістоў зь вялікім аб’ёмам матэрыялаў пра цяперашняе жыцьцё ў Латвіі, якое апісваецца выключна змрочнымі фарбамі. Раней я ўжо некалькі разоў цытаваў падобныя лісты спадара Лекаха, — у прыватнасьці, тыя зь іх, у якіх слухач наракаў на тое, што расейскамоўныя жыхары ня маюць аднолькавых правоў з латышамі.

Адказ Міхаілу Лекаху днямі на адрас Свабоды даслаў Мікола Ліцьвінчык зь Бярозы. Ён піша:

“Калі спадару Лекаху так кепска ў Рызе, няхай едзе жыць у Беларусь, у адзіны камуністычны запаведнік Эўропы. Альбо ў Расею: там толькі ў эўрапейскай частцы хопіць месца для 500 мільёнаў чалавек. Няхай паспрабуе мець справу з тамтэйшымі ўладамі і парадкамі: можа, тады ў яго галаве прасьвятлее.

Мая дачка жыве ў Рызе. Здала экзамэн па латыскай мове, працуе і ніякага ўціску не адчувае. Раней, у 1994 годзе, яна зьбіралася пераехаць на радзіму, у Беларусь. За два гады, што чакала беларускага грамадзянства, ёй на біржы толькі аднаго разу прапанавалі працу — месца дворніка. І гэта дыплямаванаму інжынэру. Паехала назад у Рыгу.

А наконт мовы няхай бы спадар Леках памаўчаў. У нашым райцэнтры Бярозе тры школы, і ўсе расейскамоўныя. А ў Рызе мае ўнукі вучацца ў беларускай школе. У Беларусі ў іх такой магчымасьці не было б. Вось табе і моўны “ўціск”, — напісаў Мікола Ліцьвінчык зь Бярозы.

Да напісанага Міколам Ліцьвінчыкам, адказваючы вам, спадар Леках, дадам: сацыяльныя праблемы існуюць у любой краіне. А ў постсавецкіх дзяржавах яны асабліва вострыя. Латвія ў гэтым сэнсе, безумоўна, не выключэньне. Ёсьць, аднак, прынцыповы момант, які не дазваляе пагаджацца з вашым крытычным напалам, калі вы ў кожным са сваіх шматлікіх лістоў ставіце за прыклад для вырашэньня сацыяльных, моўных, палітычных праблемаў Беларусь.

Латвія, адрозна ад Беларусі, — дэмакратычная дзяржава. Там існуе падзел уладаў: дзейнічае моцны парлямэнт, працуе незалежны суд. Грамадзянін мае ўсе магчымасьці адстаяць свае правы, калі лічыць, што нейкая дзяржаўная ўстанова іх парушыла. У Беларусі людзі такой магчымасьці вельмі часта ня маюць. Асабліва калі размова ідзе пра палітычныя правы.

А што да становішча беларускіх пэнсіянэраў, то працытую ліст Сьцяпана Біцюка зь Менску, пад якім, на маю думку, маглі б падпісацца многія людзі сталага веку. Слухач піша:

“Вельмі рады за нашага Аляксандра Рыгоравіча: як спрытна ён гуляе ў хакей у сваіх лядовых палацах: нават зоркі НХЛ перад ім саступаюць. Здаровы, малады, поўны сілаў. Вельмі правільна ён гаворыць: не ў аптэках і бальніцах трэба шукаць здароўе, а на спортпляцоўцы... Але вось бяда: на маю пэнсію (60 тысяч рублёў) ня тое што ў лядовы палац хадзіць — хоць бы ўласную кватэру не страціць за няўплату. Выбар такі: альбо плаціць за камунальныя паслугі, альбо купляць хлеб, малако і бульбу.

На лекі грошай не застаецца. Добра, што хоць з паліклінікі пакуль ня гоняць. Але, адчуваю, усё ідзе да таго, што хутка бяз грошай ня трапіш і да доктара. Зьбіраю парожнія бутэлькі, макулятуру. Крыху дапамагаюць сваякі зь вёскі — бульбай і салам. І часта думаю, гледзячы на гіганцкія будоўлі ў Менску: навошта ўся гэтая раскоша нашым дзецям і ўнукам, калі іхныя бацькі дажываюць век жабракамі?”

Пытаньне, спадар Біцюк, збольшага рытарычнае. Пры ўсім гэтым варта заўважыць, што менавіта пэнсіянэры падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндумаў былі галоўнай электаральнай сілай, на якую абапіраўся Аляксандар Лукашэнка.

Разалія Рубінчык зь Менску — пэнсіянэрка, якая шмат гадоў займаецца праблемай абароны жывёлаў. У сваім лісьце яна разважае пра нядаўна прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні закон “Аб абыходжаньні з жывёламі”. Слухачка піша:

“Колькі разоў мы настойвалі, каб закон называўся гэтак жа, як у цывілізаваных краінах — “Аб абароне жывёл”. Да нас не прыслухаліся. А якая назва — такі і сам закон: пра абарону жывёл у ім практычна ні слова. Наадварот, ён робіць становішча жывёлін яшчэ больш цяжкім. Напрыклад, абмяжоўваецца колькасьць асобін, якіх можна трымаць у кватэры. Гаспадары павінны браць дазвол ва ўсіх суседзяў і спраўджваць потым гэтыя дазволы ў ЖЭСах. Уявеце, якое поле дзейнасьці для патэнцыйных шарыкавых ды швондэраў. Бедныя жывёліны фактычна безабаронныя перад тымі, хто іх зьнішчае.

У краіне, дзе няма прытулкаў для жывёлін, дзе да іх ставяцца як да сьмецьця, дзе іх па-барбарску ловяць і зьнішчаюць — закон, відаць, і ня можа быць іншым. А дэпутаты, што павінны служыць народу, які іх выбіраў, служаць выключна ўладзе, бо яна іх корміць.

Ну, ці ж не абсурд: людзі, якія падбіраюць і ратуюць жывёл, паводле гэтага закону, павінны быць сурова пакараныя, а самі жывёлы — зьнішчаныя. Напэўна, ва ўлады ў Беларусі і тут свой асаблівы шлях — шлях барбараў”.

Ведаю, спадарыня Рубінчык, што ёсьць нямала такіх жа, як вы, неабыякавых людзей, якія блізка да сэрца прымаюць беды братоў нашых меншых. Дзеля гэтага ахвяруюць і асабістым часам, і сродкамі, і камфортам, зьбіраючы пад свой дах беспрытульных катоў і сабак.

На жаль, умовы побыту большасьці беларускіх грамадзянаў (а гэта, як правіла, цесныя кватэркі ў густанаселеных шматкватэрных дамах) ня надта спрыяюць гэтаму. Узьнікаюць прэтэнзіі суседзяў — і часта прэтэнзіі абгрунтаваныя. Зразумела, што ў такой сытуацыі ўлада павінна ўзяць на сябе клопат пра тое, каб разьмясьціць кінутых жывёлін не ў кватэрах, а ў адмысловых прытулках. А актывісты Таварыства абароны жывёл — выдатныя памочнікі ў гэтай справе.

Актывіст Маладога Фронту Барыс Гарэцкі зь Менску адклікнуўся на нядаўняе вяртаньне станцыі менскага мэтро “Плошча Незалежнасьці” старой савецкай назвы — “Плошча Леніна”. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Зьмена назвы — дадатковая нязручнасьць для менчукоў. Людзі блытаюцца, можна нават пачуць, як станцыю цяпер называюць “Плошча Незаленіна”. Тым больш, што плошчы Леніна ў Менску няма.

А галоўнае, моладзь не жадае бачыць і чуць у сталічным мэтро імя, якое заўжды будзе асацыявацца з камуністычнай дыктатурай, гвалтам, бальшавіцкім пераваротам. Гэта ганебна для Беларусі. І з такімі фактамі трэба змагацца, нельга пакідаць іх без увагі. Не зьдзіўлюся, калі ў хуткім часе новыя назвы на шыльдах ў вагонах мэтро будуць закрэсьленыя сьвядомымі пасажырамі, а ў Менгарвыканкам паступяць сотні пратэстаў з нагоды вяртаньня імя Леніна”.

Мы даволі падрабязна асьвятлялі гэтую сытуацыю ў сваіх рэпартажах некалькі тыдняў таму. А вашыя перасьцярогі, Барыс, сапраўды, аказаліся слушнымі. Пасажыры менскага мэтро апошнім часам заўважылі: многія толькі што зьмененыя ў вагонах схемы-ўказальнікі лініяў чыясьці невядомая рука падкарэктавала флямастэрамі, закрэсьліўшы імя Леніна. Так што кіраўніцтва мэтрапалітэну, якое зь невядомых прычынаў вырашыла вярнуцца да камуністычнай назвы, набыло дадатковы клопат.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алеся Мініч з Валожына, Віктар Курлукоў з Гомелю і Віктар Бута зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.