Шмат месца ў пошце апошніх дзён займаюць лісты на тэму магчымай ваеннай апэрацыі супраць ірацкага рэжыму. Ці магчыма ўтаймаваць Садама Хусэйна, скасаваць пагрозу, якая сыходзіць ад Багдаду, без ужываньня вайсковай сілы? Наш сталы слухач Мікола Саскевіч з Калінкавічаў лічыць, што час, калі можна было спадзявацца на ўгаворы, скончыўся.
“Нядаўна расейскае тэлебачаньне паказала сюжэт пра ірацкіх дзяцей: маўляў, з прычыны санкцыяў ім не хапае ежы, лекаў, падручнікаў, а калі пачнецца вайна, яны яшчэ больш пацерпяць, — піша слухач. — Хацелася б спытаць у расейскіх журналістаў: а хто ў гэтым вінаваты? ЗША, ці ўсё ж Садам Хусэйн, які ў адной з самых багатых нафтай краінаў давёў людзей да голаду? Які забівае й кідае ў турмы ўсіх, хто не ўхваляе ягоны рэжым?
Калі не адхіліць яго ад улады, заўтра на вуліцах гарадоў у іншых краінах сьвету будуць узрывацца хімічныя, біялягічныя ды іншыя бомбы. Хусэйн перадасьць гэту зброю іншым дыктатарам — і тады катастрофа напаткае ўсю плянэту”.
Заканчвае свой ліст Мікола Саскевіч з Калінкавічаў такой прапановай:
“Калі б у мяне была магчымасьць дапамагчы Амэрыцы, я б прайшоў вайсковую падрыхтоўку і мог бы ўдзельнічаць у барацьбе з тэрарыстычным рэжымам. Дапамажыце мне ў гэтым, і я ахвотна пайду на вайну за справядлівасьць і мір на нашай плянэце”.
Памкненьне вашае, спадар Саскевіч, адчуваецца, зусім шчырае і зразумелае. Але ў Злучаных Штатах дастаткова сваіх добра навучаных і ўзброеных салдатаў, якія ўжо ў поўнай гатовасьці да баявых дзеяньняў і разьмешчаныя ў зоне магчымай вайны. Добраахвотнікаў зь іншых краінаў дзеля выкананьня такіх задачаў ЗША не набіраюць.
Анатоль Жэрдзеў з Гомеля адклікнуўся на адзін з маіх камэнтароў, у якім я казаў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка засяродзіў у сваіх руках столькі ўлады, што цяпер нават другарадныя праблемы дзяржавы ня могуць вырашацца безь ягонага ўдзелу. Анатоль Жэрдзеў з гэтым цьверджаньнем не пагаджаецца. Ён піша:
“Такі ваш, Валянцін, адказ зьбівае з панталыку маладых слухачоў, у якіх яшчэ не сфармаваўся сьветапогляд. Мы бачым, што з мноства мыльных бурбалак доўга жывуць толькі адзінкі — і тое з прычыны ўмоваў, а ня дзякуючы сваім якасьцям. Гэтак жа жыве і большасьць правіцеляў. Сёньня яшчэ многія памятаюць Леаніда Брэжнева, які напрыканцы жыцьця нічога зь сябе не ўяўляў як палітык і ўвогуле вёў расьлінны лад жыцьця. Ён ня тое што быў ня здольны прымаць разумныя рашэньні — нават хадзіць ня мог без дапамогі. Кепска вымаўляў словы. Але ж ягоная сьвіта працягвала кіраваць ад ягонага імя да канца.
Беларуская ўлада грунтуецца сёньня на той жа тэхналёгіі кіраваньня. І ня трэба кідаць стрэлы на прыкрыцьцё сапраўднай улады. Вам неабходна паказваць духоўнае ўбоства тых, хто прадае Радзіму, а зь ёй і будучыню сваіх дзяцей, якім жыць на гэтай зямлі. Пры выпадку трэба нагадваць ім лёсы дзяцей Сталіна і Хрушчова, якія зьехалі за мяжу, бо не маглі заставацца тут жыць пасьля злачынстваў сваіх бацькоў”, — напісаў Анатоль Жэрдзеў з Гомеля.
Калі вы, спадар Жэрдзеў, лічыце, што сёньня, падобна як у эпоху позьняга Брэжнева, рашэньні за кіраўніка дзяржавы прымае ягоная сьвіта, то, відавочна, памыляецеся. Усе найбольш важныя пытаньні, зьвязаныя з прызначэньнем і адстаўкай высокіх чыноўнікаў, продажам дзяржаўнай уласнасьці, вызначэньнем замежнапалітычнага курсу Аляксандар Лукашэнка вырашае самастойна, калі нават не аднаасобна — гэта часта могуць назіраць пільныя гледачы дзяржаўнага тэлеканалу.
Іншая рэч — падабенства ў створаных сыстэмах кіраваньня, але і тут паралелі ў значнай ступені ўмоўныя. З аднаго боку, сыстэма cапраўды спраўна працуе нават без Лукашэнкі — згадайма нядаўнія мясцовыя выбары; а з другога — за плячыма ў Лукашэнкі няма магутнага полюсу ўлады, кшталту ўсемагутнага палітбюро за плячыма савецкіх генсэкаў. Беларускі кіраўнік, відавочна, не жадае, каб такі полюс існаваў.
Зваротны адрас наступнага ліста — вёска Іжа Вялейскага раёну Менскай вобласьці.
“Зноў вырашыла патурбаваць вас, дарагія вы нашы дабрадзеі й вестуны так званага “свабоднага” сьвету, — ад сябе, а таксама ад імя людзей, якія мне даверыліся, — піша Марына Талапіла. — Ужо паўгоду, як мы пакінулі межы Менску, каб ня ўдзельнічаць у агульным свабодным падзеньні ў распусту. Хочам паспрабаваць у далечыні ад мітусьні мірской засяродзіцца на пытаньні, кажучы словамі Эвангельля ад Лукі: “Сьвятло, якое ў табе — ці ня ёсьць цемра?” Так, сёньня мы маем справу толькі з рознымі адценьнямі бруду. Наўкол, як унутры, так і звонку, стан гнятлівы.
Магчыма, пэрыядычна, зь цікавасьці ўключаючы наш адзіны на хутары старэнькі радыёпрыймач, мы на нейкі час і ўпадаем у ілюзорную прастору свабоды, але неўзабаве вельмі хутка настае працьверазеньне і ўзьнікае пытаньне: якую свабоду вы нам несяце? Свабоду ад чаго? Ад маралі, прыстойнасьці? Ад сумленьня, сьціпласьці й сарамлівасьці?
Вы ўсяляк намагаецеся зганьбіць вашай жа так званай “свабоды” выбар — Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Дык дай Бог яму многія гады лідэрства, бо ён ёсьць своеасаблівым раздражняльнікам для вашага лібэральнага дэмакратычнага сьвету, які кепска пахне. Для кожнага, хто здольны бачыць, відавочная ўся ваша палітыка падвойных стандартаў, калі адным нельга, а іншым — можна. Таму і нараджаюцца, як грыбы пасьля дажджу, тэрарысты-сьмяротнікі”, — робіць выснову добраахвотная пустэльніца Марына Талапіла зь вёскі Іжа Вялейскага раёну.
Для мяне адметна, што там, на далёкім хутары, вы, спадарыня Талапіла, ловіце сваім старэнькім прыймачом усё ж хвалю Беларускай Свабоды, а не дзяржаўнага радыё, якое ўсяляк усхваляе сёньняшнюю ўладу. Што да вашага цьверджаньня пра Аляксандра Лукашэнку як вынік свабоднага выбару народу, то яно было справядлівае толькі два першыя гады пасьля выбараў 1994 году. Пазьней, калі была зьнішчаная Канстытуцыя, паводле якой Лукашэнку выбіралі, калі ў Беларусі перастаў існаваць падзел уладаў і зьнік незалежны парлямэнт, свабодных выбараў больш не было.
Марына Талапіла і яе аднадумцы зь вёскі Іжа Вялейскага раёна бачаць прычыны недасканалага міжнароднага ўладкаваньня ў дабрабыце амэрыканцаў і палітыцы амэрыканскага ўраду. Яшчэ адна цытата зь ліста:
“Апэтыты амэрыканцаў нястрымныя і не абгрунтаваныя ніякай лёгікай. Амэрыканцы складаюць 4% насельніцтва Зямлі, пры гэтым маюць дзеля сваіх амбітных патрэбаў больш як 30% усіх аўтамабіляў, што вырабляюцца на плянэце. Як для нас, прыхільнікаў велатранспарту, дык Злучаныя Штаты — жахлівы монстар-самазабойца, галоўная пагроза для экалёгіі Зямлі...
Мільярды даляраў яны марнуюць на падтрыманьне свайго гэтак званага “лідэрства”. За што іх і ненавідзіць больш як палова насельнікаў плянэты. Калі б гэтыя грошы яны накіравалі дзеля апякунства над галоднымі дзецьмі Афрыкі — нянавісьці да Штатаў значна паменела б”.
Ёсць адна важная абставіна, спадарыня Талапіла, пра якую вы ня згадваеце, і якая, між тым, здольная радыкальна зьмяніць акцэнты ў вашых гнеўных абвінавачаньнях. Гэтыя 30% аўтамабіляў, якія вас так раздражняюць, амэрыканцы вырабілі ўласнымі рукамі альбо купілі на ўласныя грошы. Яны ўвогуле за два з паловай стагодзьдзя ўласнай працай стварылі магутную заможную дзяржаву, прыцягальную для мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі.
Але нават багатая Амэрыка ня здольная ўзяць на ўтрыманьне дзясяткі краінаў, якія пакутуюць ад голаду і нястачы. Таму яна і спрабуе, грунтуючыся на ўласным досьведзе, паказаць ім шлях, які вядзе да заможнага і годнага жыцьця. Шлях гэты пралягае праз рынкавую эканоміку і дэмакратычную дзяржаву, — іншай дарогі да дабрабыту пакуль ня знойдзена.
Стаўленьне іжаўскіх пустэльнікаў да пагрозы вайны супраць Іраку таксама з выразным антыамэрыканскім адценьнем:
“Што датычыць прэзыдэнта Буша, ягонай стомленасьці ад віхляньняў Садама, то нашая парада яму — няхай спачатку паглядзіць на сябе ў люстэрка самавыкрыцьця. Толькі на тыя сродкі, якія заходні сьвет марнуе на вайну, можна было б утрымліваць міжнародную камісію ў справе кантролю за зброяй у Іраку многія стагодзьдзі…”
Заканчваюць свой ліст Марына Талапіла і яе аднадумцы зь вялейскага хутара наступнай заўвагай:
“Не падумайце памылкова: для нас ня толькі ЗША нясуць у сабе рэлігійную д’ябальшчыну. Не адстае ад іх і Расея, і іншыя… Сьвет ляжыць у зьле, і паквітаньне набліжаецца. Хіба кожны з нас не жыве ў страху перад будучыняй, перад тым, што адбудзецца з намі ў бясконцай гонцы за радасьцямі жывата? Мы гэта прадбачым, а таму вымушаныя выйсьці з гэтай шалёнай гульні й знайсьці прытулак у сыбірскай тайзе”, — напісала Марына Талапіла ад імя суполкі сваіх аднадумцаў, якія ўцяклі зь Менску на хутар ля вёскі Іжа Вялейскага раёну.
І сьвет, і чалавек у гэтым сьвеце — недасканалыя і грэшныя, тут няма прадмету для спрэчкі, спадарыня Тлапіла, і кожны сам вырашае, як ва ўмовах гэтых супярэчнасьцяў жыць. Большасьць цьвярозых разважлівых людзей ня хоча існаваць у пастаяннай небясьпецы і пагрозе, якую ўяўляе для сьвету рэжым Садама Хусэйна.
Пэрспэктыва дзесяцігодзьдзямі спадзявацца толькі на міжнародныя місіі і на тое, што Хусэйн іх чарговы раз не падмане і ня выганіць — ня дужа ўсьцешныя для людзей, якія, хоць і не зьбіраюцца знайсьці прытулак у сыбірскай тайзе, але таксама імкнуцца да спакойнага і стабільнага існаваньня.
Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Алег Пракарына зь мястэчка Сноў Нясьвіскага раёну, Сяргей Бандарэнка, Ільля Копыл і Мікалай Вязьмін зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.