“Пакутуем, бо не заплацілі за незалежнасьць”

Валянцін Жданко, Менск

Звычайна, асэнсоўваючы падзеі апошніх гадоў і разважаючы пра прычыны цяперашняга стану Беларусі, большасьць аўтараў лістоў на Свабоду шукаюць вытокі ў падзеях васьмігадовай даўніны. Тады, у 1994 годзе, грамадзяне Беларусі зрабілі выбар, які кардынальна паўплываў і на месца краіны ў сьвеце, і на дзяржаўнае ўладкаваньне, і на магчымасьці і пэрспэктывы кожнага чалавека.

Ёсьць, аднак, слухачы, якія лічаць гэты відавочны адказ занадта спрошчаным і недакладным. Вось які ліст даслаў нам Леанід Усюкевіч зь Менску:

“Надта танна нам абышлася незалежнасьць — таму і пакутуем мы цяпер. Іншыя народы дзеля незалежнасьці сваіх краінаў змагаюцца на барыкадах, вядуць вызвольныя войны з акупантамі, дзейнічаюць у падпольлі... А нам незалежнасьць звалілася зь неба, як манна. Але разьлічвацца за гэта ўсё роўна даводзіцца. Бог паслаў нам іншае выпрабаваньне. Мы апынуліся адрэзанымі ад Эўропы, у ізаляцыі, як хворыя на каросту. З намі ніхто з прыстойных краінаў ня хоча знацца, нас нікуды ў Эўропу не пускаюць без прыніжальнага стаяньня ў чэргах па дарагія візы...

І не Лукашэнка ў гэтым вінаваты — сам народ. Той народ, які ня ведае цаны незалежнасьці, а таму і ня лічыць яе каштоўнасьцю. І шмат яшчэ напакутавацца давядзецца, перш чым гэтыя людзі зразумеюць, што яны нарабілі і куды ім трэба йсьці”.

Пытаньне віны даволі складанае, спадар Усюкевіч. Да таго ж, можна аспрэчыць вашае цьверджаньне пра тое, што незалежнасьць “звалілася на беларусаў, як манна зь неба”. А крывавыя паўстаньні ХІХ стагодзьдзя? А Беларуская Народная Рэспубліка? А беларусізацыя? Без усяго гэтага наўрад ці была б магчымай і незалежнасьць пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Зразумела, што найпрасьцей спасылацца на тое, што кожны народ варты сваіх правадыроў і свайго лёсу. Аднак, па-іншаму ўспрымаецца гэтае цьверджаньне, калі гаворыш ад першай асобы.

Ліст ад слухача з Бабруйску, які падпісаўся, верагодна, псэўданімам — Лука Мудроў:

“У чым фэномэн Аляксандра Лукашэнкі? На маю думку, адказ на гэтае пытаньне даў расейскі пісьменьнік Фёдар Абрамаў — можа, хто памятае ягоную трылёгію “Дом”. Так, ён даўно адышоў у лепшы сьвет. Але ёсьць ягоныя маленькія апавяданьні пра жыцьцё-быцьцё вёскі. Адно хачу нагадаць.

Быў такі хлопец, якому далі мянушку “Соврика”. Вельмі ўжо хлусіў на кожным кроку. Ідзе ён па вуліцы, а жанчыны клічуць яго: “Эй, Совріка, ідзі сюды”. А ён ім у адказ: “Няма калі, у магазін селядцы завезьлі...” Вядома, жанчыны адна перад адной кінуліся да магазіна, але замест селядцоў убачылі толькі вырачаныя вочы прадаўшчыцы…

Вядома, гэта ёсьць своеасаблівым талентам — хлусіць ад шчырага сэрца і пераканаўча. Але якім легкаверным трэба быць, каб, ня раз пераканаўшыся ў падмане, потым зноў верыць гэтаму чалавеку.

…Між тым, прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ўжо пачаліся. Нездарма адзін за другім губляюць пасады і накіроўваюцца на турэмныя нары вэртыкальшчыкі, дырэктарат. І гэта — толькі пачатак”.

Гэтая гісторыя, якую вы, шаноўны слухач, вычыталі ў расейскага пісьменьніка, даўно вядомая ў розных варыянтах, у розных аўтараў, і нават у фальклёры. І заканчваецца яна прыблізна аднолькава — настае час, калі таленавітаму хлусу перастаюць верыць нават тады, калі ён кажа праўду. І фінал такі, думаю, уласьцівы ня толькі байкам.

Ліст ад Станіслава Ліня з Зэльвы — на тэму дзяржаўнага гімну, якога дагэтуль ня мае Беларусь. Слухач піша:

“Спачатку я вельмі абураўся, што дзяржаўным гімнам Беларусі пасьля столькіх гадоў абмеркаваньня вырашана пакінуць крыху падпраўлены гімн БССР. А потым неяк супакоіўся. Ну, сапраўды, які яшчэ гімн можа пасаваць да чырвона-зялёнага савецкага сьцягу і гербу ў выглядзе вянка? Няўжо “Магутны Божа”?

Заўважце, у большасьці людзей тэма гімну ня выклікала ніякай цікавасьці. Ніхто ёй усур’ёз не цікавіцца, бо ўсе ведаюць — будуць тыя сымбалі, якія падабаюцца Лукашэнку. А яму падабаецца ўсё савецкае. Затое, калі настане час іх мяняць (а такі час настане, я ў гэта цьвёрда веру) — будзем мяняць пакетам, усё разам — і герб, і сьцяг, і гімн”.

Цалкам пагаджаюся з вашымі заўвагамі, Станіслаў. Пасьля таго, што было ўчынена з нацыянальнымі гістарычнымі сымбалямі ў 1995 годзе, немагчыма было чакаць ад уладаў нейкага прынцыпова іншага падыходу пры вырашэньні праблемы гімну. Тым больш, што перад вачыма расейскі прыклад. Праўда, там такі выбар падаваўся як кампраміс: сьцяг і герб у Расеі ўсё ж засталіся нацыянальныя, гістарычныя — савецкая толькі мэлёдыя гімну. У Беларусі ніякага кампрамісу не дапушчана — усё выключна савецкае.

Ліст ад школьніка Андрэя Паско зь Берасьця:

“Тыя валанцёры, што ад верасьня мінулага году і да сёлетняга чэрвеня баранілі Курапаты — малайцы. Я ў захапленьні ад іхнага ўчынку, лічу іх сапраўднымі патрыётамі. Бо Курапаты — гэта месца вялікіх пакутаў беларускага народу. Фактычна там была зьнішчаная найлепшая частка беларускага этнасу. Тое, што цяпер у нас на такім нізкім узроўні нацыянальная самасьвядомасьць — віна ў тым ліку і тых, хто зьнішчыў тады лепшых прадстаўнікоў беларускага грамадзтва.

Сталіністы і іхныя пасьлядоўнікі дагэтуль імкнуцца сьпіхнуць віну за ўчыненае ў Курапатах на немцаў. Але сёньня ім ужо амаль ніхто ня верыць. А мужны ўчынак валанцёраў выклікаў яшчэ большую грамадзкую цікавасьць да гэтай праблемы. Распавядайце пра падзеі ва ўрочышчы і далей — гэта надзвычай важная тэма”.

А на заканчэньне Андрэй Паско зь Берасьця выказваецца наконт нядаўняга рашэньня Міністэрства адукацыі адмяніць абавязковы іспыт па беларускай літаратуры:

“Гэта надзвычай недальнабачнае рашэньне. З адменай абавязковых іспытаў па беларускай літаратуры й гісторыі можа зьнікнуць апошні прытулак Беларушчыны. І пазбаўленыя мовы і памяці людзі канчаткова забудуць, да якой нацыі належаць”.

Адмена іспытаў, Андрэй, — гэта толькі адна з праяваў той палітыкі ў дачыненьні да ўсяго нацыянальнага, беларускага, якую ажыцьцяўляе цяпер улада. Мова не гучыць у кабінэтах дзяржаўных чыноўнікаў, яна цалкам выцесьненая з дакумэнтаў, яе ўсё больш заціскаюць на тэлебачаньні, радыё, у друкаваных выданьнях; на ёй не працуе ніводная вышэйшая навучальная ўстанова...

Заўважце, Лукашэнка прыходзіў да ўлады і праводзіў потым рэфэрэндум, заклікаючы да двухмоўя. Але рэальна ўсе гэтыя гады двухмое вынішчалася, дзеля панаваньня ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця адной мовы.

На заканчэньне — урывак зь ліста нашай даўняй слухачкі Ніны Ярмалінскай з Салігорску:

“У перадачах Свабоды і наагул на вашым радыё мне падабаецца ўсё і ўсе. Не падабаюцца толькі абвесткі і анонсы — тое, што вы іх часта паўтараеце. З задавальненьнем слухаю перад сном навіны і аб усім, што адбываецца ў Беларусі.

Цешыць, што на Свабоду прыйшлі “нашаніўцы” — Зьміцер Бартосік, Сяргей Харэўскі... І, вядома, на першым пляне, як заўсёды, Сяргей Дубавец зь яго непаўторным імпэтам і “Востраю Брамаю”.

Апошнім часам гучала цікавая перадача “Партрэт на Свабоду” з удзелам Андрэя Клімава, успаміны Леаніда Барткевіча. Увогуле, размова аб творчасьці “Песьняроў”, я думаю, цікавая для кожнага слухача, бо лепш за “Песьняроў” могуць быць толькі “Песьняры”. Прапаную працягваць гэтую тэму і далучыць да яе Данчыка.

...Малюся за Ўладзімера Мулявіна, каб Бог даў яму здароўя і мужнасьці.

А вам, Валянцін Жданко, прапаную павялічыць час агляду лістоў на Свабоду і чытаць усе лісты, якія прыходзяць у рэдакцыю. За кожным лістом — душа чалавека, яго разважаньні, прапановы, сьлёзы, боль і радасьць. Гэтым будзе выказаная павага да кожнага слухача”, — напісала Ніна Ярмалінская з Салігорску, якая падпісалася як “вэтэран нацыянальна-вызвольнага руху і сталая слухачка Радыё Свабода”.

Дзякуй вам, спадарыня Ніна, за прапановы і за такую пільную ўвагу да нашай працы.

Без абвестак і анонсаў, якія вам не падабаюцца, на жаль, не абысьціся. Ня ўсім слухачам удаецца адводзіць так шмат часу, як вам, каб цалкам слухаць праграму — мы павінны дапамагаць ім арыентавацца — анонсы спрыяюць гэтаму.

Што да лістоў, то абяцаю вам, спадарыня Ніна, што не абыходжу ўвагай ніводнага. Аднак некаторыя слухачы зьвяртаюцца ў рэдакцыю з прыватнымі просьбамі — пытаюць адрас якой-небудзь установы, просяць даслаць кнігу ці касэту, выказваюць абвінавачаньні на адрас начальніка ці суседа, якія маюць патрэбу ў грунтоўнай праверцы. Натуральна, такія лісты ў эфіры гучаць ня могуць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.