“Зайздрошчу ірляндцам і баскам, якія маюць IRA і ETA…” ды іншае.

Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

У мястэчку Наваельня, што ў Дзятлаўскім раёне на Гарадзеншчыне, ёсьць кола людзей сталага веку, якія часта ўвечары зьбіраюцца разам, каб паслухаць беларускую Свабоду. Даведаліся мы пра гэта зь ліста Аляксандра Давыдзенкі з гэтага мястэчка. Пачутым местачкоўцы часам незадаволеныя. Вось як піша пра гэта спадар Давыдзенка:

“Мне 55 гадоў. Часта ўвечары я і мае равесьнікі, а таксама людзі больш сталыя, зьбіраемся ў сваёй вёсцы і слухаем вас. Але чуем зусім ня тое, пра што хацелі б даведацца.

Чаму ў вас не знаходзіцца спагадлівага слова для людзей нашага пакаленьня? Мы ж трапілі ў пастку, як ніхто іншы: і з укладамі ў Ашчадным банку, і з працай, і цяпер з пэнсіяй. Чаму вы ня станеце на нашу абарону? Чаму ня кажаце, як нам быць, як можна нашаму пакаленьню дапамагчы?

Замест гэтага ў вас адно й тое ж, адна палітыка і адна хлусьня. Вы тут жыць не жылі, а судзіце ўсіх. І гэта адштурхоўвае ад вашай хвалі. Вы ўжо пераўзышлі Гебэльса. Той хацеў паруліць усім сьветам, і вы, панове, таго ж хочаце”, — спыню на гэтым цытаваньне ліста Аляксандра Давыдзенкі з Наваельні Дзятлаўскага раёну.

Магчыма, вам падасца дзіўным, спадар Давыдзенка, але й тады, калі мы распавядаем пра сёньняшнія палітычныя падзеі, і калі агучваем успаміны пра эпоху камуністычнай дыктатуры, і калі зьвяртаем увагу на сытуацыю з правамі чалавека, — мы па сутнасьці адказваем на вашыя пытаньні наконт таго, хто вінаваты ў тым, што адбылося з вашым пакаленьнем, і як вам можна дапамагчы.

Аляксандар Давыдзенка далей піша:

“Мы ў гэтым асяродзьдзі жывем і ўсё бачым, чуем. Жывучы ў калгасе, ведаем яшчэ па маладосьці пана Шарэцкага. Ён, калі працаваў старшынём калгаса, заўзятым камуністам быў. Усё палохаў: “Выганю з партыі, калі ўнёскаў не заплаціце”.

Мы верылі Шарэцкаму, галасавалі за яго. Але ён, на жаль, да нас так і не прыехаў, хоць і абяцаў. Ён спазнаў у партшколе смак даляра, а партыі для яго былі (і адна, і другая) толькі кармушкамі.

А Чыгір, сын якога займаўся цёмнымі справамі, а вы яго выстаўляеце як ахвяру рэжыму?

Чым маліцца на такіх асобаў, як на абраз, лепш дапамаглі б нашаму калгасу імя Заслонава. Вось тады не было б сорамна вам перад людзьмі. І было б вам больш веры. А бруд можна знайсьці ў любой хаце.

Апазыцыя ўсё чакае: вось прыедзе АБСЭ і ўсё вырашыць. Ды навошта, каб у маю хату нехта лез разьбірацца? Вось бы дзе прафсаюзам наладзіць мітынг “Рукі прэч ад Беларусі”. Тады б іх народ падтрымаў. Захад нам ніколі не дапаможа — гэта ведаюць усе. Так проста нас там ніхто не чакае.

А прэзыдэнта мы самі выберам такога, які быў бы дастойны народу. А вы не распускайце плётак і не зьбірайце па сьметніках заразу — яе і так хапае. Лепш распавядзіце, як нам пазбавіцца ад такога жыцьця. А тое, як жывём, мы й самі ведаем, нават болей за вас. Запрашаю ўвесну да нас у калгас, на дапамогу. За абедам вы ўбачыце і пачуеце ад нас усю праўду”, — гэта быў ліст Аляксандра Давыдзенкі з Наваельні.

На маю думку, спадар Давыдзенка, на свае пытаньні вы здольны адказаць толькі сам. Магчыма, толькі сфармуляваць гэтыя пытаньні трэба па-іншаму.

Вось вы настойліва клічаце нас прыехаць падымаць ваш калгас імя Заслонава. А ў вас не ўзьнікала пытаньня, чаму ўся калгасная сыстэма ўвесь час мае патрэбу ў тым, каб яе нехта падымаў, у той час як за нейкую сотню кілямэтраў на захад ад вашай Наваельні польскія фэрмэры нікога ня просяць ні сеяць, ні ўбіраць?

Альбо яшчэ: вы супраць, каб у вашу хату нехта лез з парадамі, як вам жыць і каго выбіраць — самі, маўляў, выбераце дастойнага. А ў вас ніколі не было сумневу: можа, вы жывяце гэтак таму, што гэтак выбіраеце?

Ліст ад Міхаіла Зарэцкага зь Берасьця. Ён піша:

“Вашы перадачы слухаю штодня, хоць рабіць гэта складана з прычыны кепскага прыёму.

Нідзе ў сьвеце народныя абраньнікі ня ставяцца да сваёй нацыі й ейнай мовы гэтак, як у нас. Каб вынішчыць нацыю, паўсюль зьліквідоўваюць беларускія школы, выкладаньне ва ўсіх навучальных установах — толькі па-расейску. Закону аб мовах не выконваюць, пачынаючы зьверху.

А што такое саюзная дзяржава? Гэта новая назва Расейскай імпэрыі, якую хочуць стварыць паводле прынцыпу ўзбуйненьня калгасаў пры камуністычнай уладзе”, — напісаў Міхаіл Зарэцкі зь Берасьця.

Тэма ня новая, спадар Міхаіл, пра гэта мы распавядаем часта й многа. Прычына тут, на маю думку, глыбей, яна ня толькі ў палітыцы ўладаў (хоць і ў ёй, безумоўна, таксама), але і ў нацыянальнай сьвядомасьці самога народу, ягонай гатовасьці да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.

Піша Алесь Рысь з Салігорску Менскай вобласьці:

“Я — ваш заўзяты слухач. Пішу з адчаю, які абвалок мяне. Балюча за радзіму, якую мы не зьбераглі для нашчадкаў. Мне сорамна за наш народ, калі толькі можна яго гэтак назваць, бо лепшых — самых разумных, працавітых, шчырых патрыётаў — вынішчылі за апошнія 200 гадоў.

Сёньня тое месіва, што заве сябе народам — авечы статак з сэрвільнай натурай і матэрыялістычным сьветапоглядам. Гэтак званыя “беларусы-адраджэнцы” (ня ўсе, зразумела) размаўляюць на роднай мове толькі ў сядзібе БНФ з ламаным расейскім дыялектам, але, толькі выйшаўшы за парог — імгненна гучыць расейская мова.

Яны з гонарам называюць сябе патрыётамі-беларусамі, што гатовы хоць заўтра на барыкады, але, як толькі да іх падыходзіць некалькі РНЕшнікаў з голенымі галовамі — як адразу тэлефануюць у “Край” па дапамогу.

Я ўжо не кажу, як яны паводзяць сябе ў мянтоўскім пастарунку. Іхная справа — ляпіць налепкі ды пісаць на сьценах, вось і ўвесь іхны нацыянальна-вызвольны рух.

Паслухаўшы Радыё Свабода, можна, ня ведаўшы, падумаць, што ў Беларусі апазыцыя — гэта рух, за якім ідуць мільёны. Але… Вось Малады Фронт — гэта нібыта самая вялікая моладзевая арганізацыя. А на акцыю пратэсту ў Менску ня могуць вывесьці і ста чалавек. Я ўжо не кажу пра рэгіёны.

У Беларусі сапраўдных беларусаў ня больш як 5 % з усяго насельніцтва. Што можа зрабіць такая жменька? Можа, прыйсьці да ўлады? Сьмех ды сорам.

Я зайздрошчу ірляндцам, што ў іх ёсьць ІRА, баскам за ETA, уйгурцам за ShUAR. Я ненавіджу імпэрыі. Як казаў змагар за ірляндзкую дзяржаву Майкл Колінз, “я ненавіджу іх не за іхную нацыю, не за тое, што яны нішчылі нас сотні гадоў, а за тое, што яны нарадзілі ўва мне ўнутры гэтую нянавісьць, і я не магу пазбавіцца яе”.

Тое самае адчуваю й я, хоць мне й далёка да Колінза. Мне сорамна перад памяцьцю майго прадзеда, які рубаў бальшавікоў у 1920-м Слуцкім збройным чынам, мне сорамна перад памяцьцю Каліноўскага, Філістовіча, Пракулевіча… А мы можам толькі ляпіць налепкі – няўжо гэта і ёсьць наша змаганьне?” — напісаў Алесь Рысь з Салігорску.

Адчуваецца, Алесь, што патас ваш непадробны, што выкліканы ён сапраўднымі болем і адчаем. Ня думаю, аднак, што вы маеце рацыю, залічваючы ў здраднікі толькі за расейскую мову ці за негатовасьць выходзіць на барыкады.

У кожнага народу ўласны шлях да незалежнасьці. У беларусаў — свой, магчыма, у многім больш складаны, чым у іншых, якраз з прычыны названых вамі абставінаў. Але й сярод тых, хто размаўляе не па-беларуску, і сярод тых, хто не наважаны наладжваць бойкі з прафашыстоўскім РНЕ — нямала вашых аднадумцаў, якім ня менш, чым вам, рупіць лёс краіны. У іх, як і ў вас, няма і ня будзе іншай радзімы. І шукаць, па-мойму, варта ня тое, што адасабляе вас, а тое, што аб’ядноўвае.

На заканчэньне — ліст ад Васіліны Аслонавай зь Менску — жанчыны, якая ўжо ў сталым ўзросьце далучылася да адраджэнcкага руху і робіць дзеля гэтага тое, што можа. Яна піша:

“Мне 61 год. Пасьля вайны жабравала на Гарадзеншчыне. Потым былі шэсьць гадоў дзіцячага дому. Культасьветвучылішча. Пэдагагічны інстытут (вячэрні). Мяне мо разоў шэсьць паказвала Беларускае тэлебачаньне: кабета ў чорным паліто, белых ботах, з паднятай уверх рукой і словамі “Жыве Беларусь!” — гэта я.

Потым, у 1997-м годзе, за тое, што заступілася за хлопцаў на мітынгу “Беларусь у Эўропу”, мяне пасадзілі на трое сутак.

Ведаю, што мне ўжо нічога ня сьвеціць. Маю 39 тысяч рублёў пэнсіі за 36 гадоў стажу (зь іх 17 на шкоднай рабоце). Ні блізкіх няма, ні дачы. Сапраўднае прозьвішча называю толькі рэдакцыі, бо калі агучыце яго ў эфіры, болей спэцпрыёмніка на Акрэсьціна я, бадай, ня вытрымаю”.

Разам зь лістом Васіліна Аслонава даслала верш, у якім ёсьць такія словы:

Выйсьця няма — ні туды, ні сюды.
Цягнуць за краты ды ў суды.
Лепшыя людзі зноў у падпольлі.
Яны не багацьця шукаюць, а волі.

Дзякуй спадарыня Васіліна, вам, а таксама усім, хто знайшоў час паслухаць нас і падзяліцца думкамі пра пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў.