Зубр з прозьвішчам Валеры Дранчук

Віталь Сямашка, в. Гавязна — Менск

Арка з каштанам перад уваходам. Рабінавая алея за ваколіцай. Ліпа з круглай кронай. Унікальны пірамідальны дуб, галіны якога цягнуцца ўверх. Такіх шмат было раней за 12 кілямэтраў адсюль — у Радзівілаў, у Нясвіжы. Бусьліныя гнёзды ля церамка са сьвежага дрэва на месцы згарэлай сядзібы, дзе жылі чатыры пакаленьні аднога роду. Калодзеж з крынічнай вадой ды надпісам “Дзякуй, што адведалі. Прыходзьце яшчэ. Гаспадар”. А вось і сам ён, сіваваты, але маладжавы, у шортах ды саламяным капелюшы — трымае ў руках касу.

(Дранчук: ) “Вось так, пракос за пракосам, і ўсе мы калісьці ляжам пад ёю — пад гэтай травой…”

На Стаўпеччыне дзесьці паўгоду таму сустрэўся я з Валерыем Дранчуком, вядомым эколягам, палітыкам ды журналістам, ці “прыродалюбцам” ды “хутаранцам”, як ён любіць называць сабе сам. Ягоная малая радзіма мае рамантычны назоў Гавязна — ад балцкага “гаіць”, як цьвердзіць спадар Валеры. Побач, праўда, яшчэ амаль высахлая рачулка Гавязьнянка. Была й расьліна, назоў якой запомніўся зь дзяцінства — “гавяза-дзераза”. Раней Гавязной называлася ўсё сучаснае мястэчка Вішнявец. Цяпер толькі вось гэты “дранчукоўскі” фальварак, які хутка прыхаваецца за так званым этнаграфічным плотам з маладых сасонак. Ці не апошні бастыён, падумалася мне спачатку. Аказалася, не — пляцдарм, калі хочаце, стаўка па правядзеньні, мабыць, першага ў Беларусі вясковага рэфэрэндуму наконт вяртаньня Вішняўцу старога назову — Гавязна. Яго ініцыюе Дранчук. Да абмеркаваньня далучыліся нават раённая адміністрацыя ды прэзыдэнцкі друк. 82-гадовая спадарыня Казлоўская наогул сказала мне, што не адыдзе да Бога, пакуль кладаўе не стане Гавязьнянскім.

(Казлоўская: ) “Я ўвесь час кажу — я ў Гавязьне нарадзілася, гадавалася, бацькі, дзяды мае былі ў Гавязьне, у школу хадзілі. Я за Гавязну!”

Ёсьцека, натуральна, супраціў. Старшыня былога саўгасу-мільянэра “Вішнявец” Уладзімер Бычко, як раней казалі, “займае правільную грамадзянскую пазыцыю”.

(Бычко: ) “Мая пазыцыя — канечне, Вішнявец застанецца. Гавязна — гэта гісторыя, ну і хай застаецца гісторыяй. Вішнявец гэта таксама гісторыя — жыве не адно пакаленьне, і назва нам пакуль падабаецца…”

Насамрэч гэта ня проста рознае стаўленьне да гісторыі. Дранчук сваімі захадамі абудзіў мясцовых да актыўнай палітычнай дзейнасьці. Цяпер яму сьмешна згадваць, але на золку перабудовы выступіў у часопісе “Беларусь” з праграмным артыкулам “Экалёгія вышэй за палітыку!”. Хоць ніколі ён ня быў наіўным ды ня здольным да практычнага жыцьця хлапчуком, як яго прадстаўляюць сёньня ня толькі, скажам, у афыцыйным Міністэрстве аховы навакольнага асяродзьдзя, якое ён несупынна крытыкуе, але й некаторыя і ў апазыцыі.

Пасьля заканчэньня факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту працаваў у мясцовай раёнцы, у “Звязьдзе”, апаратах тадышняга Вярхоўнага Савету ды Саўміну. Але там ён са сваімі поглядамі аказаўся, як кажуць, не да двару. Успамінае Дранчукоў сталы сябра ды паплечнік Аўген Церахаў, які сёньня працуе ў Лошыцкім парку ды зьяўляецца намесьнікам старшыні Беларускай экалягічнай партыі зялёных:

(Церахаў: ) “З Валерам мы пазнаёміліся гадоў 15 таму, калі ён рэдагаваў часопіс “Родная прырода”. Першае, што зьдзівіла ў тыя гады — ён не баіцца. Гэта быў чалавек, які чакаў новых ідэяў, жадаў гэтыя ідэі чуць і друкаваў іх на старонках часопісу. Ён пытаўся пра пратэстныя акцыі зялёных ва ўсім сьвеце і ці можна іх правесьці ў сябе. Ён ніколі не паўтарае поглядаў, што пануюць у грамадзтве, заўсёды ёсьць свой погляд, акцэнт менавіта “дранчукоўскі”, якога нідзе не пачуеш. Зьдзіўляла вось гэтае ўменьне пісаць прыгожа, натхнёна, захоплена пра свой родны кут, свой родны край, а потым пераходзіць да навуковых рэчаў і разглядаць гэтыя сувязі. Ён ня кідае тэмы, таму што яна стала нямодная ці ў другім месцы больш плацяць. Ім кіруе сумленьне ўласнае і неабходнасьць для краіны”.

Ці можна пазначыць экалягічныя праблемы Беларусі двума словамі, спыталі ў яго ў адным з інтэрвію. Адказ быў дакладны — “Вынішчэньне лесу”. Маўляў, нашыя балотныя абшары ды зялёны пояс, што складаюць лясныя палеткі — гэта вытворца кіслароду, магутны біясфэрны фільтар. Лёгкія ня толькі Беларусі, але і Эўропы. На жаль, яны ўсё болей ды болей пакрываюцца цёмнымі плямінамі, цьвердзіць Валеры Дранчук.

(Дранчук: ) “Я ня памятаю ў сваім дзяцінстве, каб столькі было адкідаў. Зайдзі ў лес — там горы сьмецьця. Прырода зламаная. Чалавек вясковы выйдзе на дарогу і ня ўбачыць каня — толькі машыны, машыны. Ён перастаў быць залежным ад прыроды. Машына мацнейшая, можа асушыць балота, зрушыць рэчку — і чалавек бачыць, што здольная яна зрабіць ўсё. Калі чалавечая душа перастала любавацца прыроднымі каштоўнасьцямі, ён становіцца адчужаным”.

Боль прыроды Валеры адчувае ці не фызычна. Зноў-такі, як некаторыя кажуць — з апантанасьцю ці то дзівака, ці “вар’ята”. Апавядае сын — Цімафей Дранчук, каардынатар маладзёвага руху “Зубр”:

(Цімафей: ) “Напрыклад, калі ў дзяцінстве я ляжаў у шпіталі, неяк на выходных бацькі прыйшлі мяне наведаць, і мы сядзелі ў дворыку. Нам пад ногі літаральна звалілася сарачаня. Бацька сказаў: так, давайце пакінем. І гэтае сарачаня ў нас пражыло некалькі гадоў. Дагэтуль сарачыныя гнёзды паўсюль вакол дома нашай бабулі ў Заслаўі… Усё дзяцінства ўвесь вольны час я праводзіў на хутары. Клён каля дома, ліпы, рачулка, якую асушылі. Заўсёды мне бацька згадваў, што ён тут лавіў рыбу. Мне гэтыя адчуваньні перадаліся, і заўсёды думаю: калі мы вернемся да тых часоў, калі рака ізноў пабяжыць у тым жа кірунку і калі я здолею паўтарыць бацькаў шлях ды злавіць шчупака?”

(Карэспандэнт: ) “Цімафей, у назьве “Зубр” ці ёсьць нейкі ўплыў бацькаў?”

(Цімафей: ) “На самой справе, ня толькі я браў удзел у прыняцьці канчатковага рашэньня, але, зразумела, што ён мне імпануе з-за таго, што бацька зь дзяцінства вучыў любіць прыроду, усё жывое, усё беларускае…”

(Карэспандэнт: ) “У “Зубры” бацькава справа таксама працягваецца?”

(Цімафей: ) “Можна сказаць і так, канечне…”


* * *
Справай жыцьця Дранчука сталася змаганьне супраць вынішчэньня Белавескай пушчы. Валеры адзначаны эўрапейскай прэміяй Генры Форда “За захаваньне культурнай спадчыны ды навакольнага асяродзьдзя”, прэміяй імя Алеся Адамовіча за публіцыстычныя артыкулы ў заснаванай ды рэдагаванай ім газэце “Белавеская пушча”. Тым ня менш, многім ягоная апантанасьць і тутака незразумелая — маўляў, ёсьць для Беларусі справы значна больш важнейшыя, да прыкладу, зьмяненьне палітычнага рэжыму. Але ён лічыць, што справа ня проста ў тым, што пушча першая з прыродных аб’ектаў былога Савецкага Саюзу была залічаная ў Сьпіс усясьветнай прыроднай спадчыны, бо гэта самы вялізны плянэтарны лясны масіў натуральнага паходжаньня — так званы лес-самасей. Пытаньне пра захаваньне душы жывой, чалавека ў чалавеку — у часы тэхнагеннай глябалізацыі, часам насуперак усім.

(Дранчук: ) “Сёньня кіруе гэтым сьветам некантраляваная тэхнічная эліта, у руках якой безьліч вялікіх грошай. Калі не выплачваюць зарплаты, гэта ня значыць, што ў гэтых карпарацыяў няма грошай. За гэтыя грошы купляецца паліва, тэхніка. У той жа Белавескай пушчы будуюцца ангары, дзе захоўваецца канфіскат. Вы разумееце, у што ператвараецца наша зямля?! Трэба гаварыць пра тыя страты, якія можа панесьці чалавек, нават калі ён гэтага ня ведае. Скажам, быць ці ня быць АЭС у Беларусі. Што б ні казалі пра наш электарат, ён хучэй паверыць эколягу, чым краснабаю, які запусьціць заводы. Чалавеку трэба гаварыць праўду пра тыя абмежаваньні, на якія ён мусіць ісьці…”

(Карэспандэнт: ) “І таму ты з адчаем Дон-Кіхота кінуўся ў палітыку?”

(Дранчук: ) “Прыродалюбства, любоў да зямлі, да роднай мовы, Айчыны — яно як бы сёньня стала палітыкай, апазыцыяй рэжыму, які гэта адкінуў праз рэфэрэндум, праз русіфікацыю, саюзы эфэмэрна-намэнклятурныя…”

Хроніку шляху Дранчука да апазыцыі выклаў мне яшчэ адзін ягоны сябра ды паплечнік — Аляксей Мікуліч, доктар біялягічных навук, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

(Мікуліч: ) “1995 год. Копія дакумэнта з упраўленьня справаў прэзыдэнта — Ціцянкоў падпісаў такую паперу, што даведзеная да ўсіх запаведнікаў ды заказьнікаў Беларусі — нарыхтоўваць кожны год 50 тысяч кубамэтраў руднічнай стойкі — гэта паўсьпелы лес. Куплялі ў нас Фінляндыя ды Ўкраіна. І тады мы ўзьнялі вэрхал такі! На нашыя пісьмовыя захады нам ніхто нічога не адказаў. Запрасілі на экафорум 1995 году ў Попрадзе — Славаччына. І было прынятае камюніке. Калі гэта прагучала на эўрапейскім узроўні, Фінляндыя адразу адмовілася купляць гэты лес. Мы разам пікетавалі, як дубовыя лясы высякаліся ў Прыпяцкім запаведніку. І гэта ўсё працягваецца ў Белавескай пушчы”.

(Карэспандэнт: ) “Валеру можна назваць узорам беларускага эколяга?”

(Мікуліч: ) “Можна. Хаця “эка” — прырода, “лёгас” — навука”. Але ён больш чым навукай займаецца. Як ён выхаваў сваю сям’ю! У яго жонка расяянка, але яна цяпер цудоўна гаворыць па-беларуску, цудоўная яго памочніца. А ўзяць дзяцей — вельмі адданыя Беларусі, прыродзе. Тая самая экалёгія душы!”

Валеры Дранчук абраны сябрам Нацыянальнай рады палітычнага блёку “Эўрапейская кааліцыя — Свабодная Беларусь”, дзе, натуральна, займаецца экалягічнымі праблемамі. Я гутару з каардынатарам руху Андрэем Саньнікавым:

(Карэспандэнт: ) “Палітыка жорсткая рэч, і калі чыстыя, духоўныя людзі ў яе прыходзяць, хіба застаецца ім выбар, акрамя выбару паміж белай варонай ды Дон-Кіхотам?”

(Саньнікаў: ) “Сапраўды, чалавек паводзінаў дон-кіхоцкіх прыйшоў у палітыку. Я лічу, што гэта здабытак для нас. Калі прыходзяць такія людзі, ніхто ня скажа, што палітыка брудная рэч, таму што чалавек прыйшоў не праз свае амбіцыі, а ён заўважыў, што нельга нечага дасягнуць, не спрабуючы вывесьці гэту праблему на палітычны ўзровень. Менавіта так адбывалася ў Эўропе, калі рух зялёных стаў палітычнай сілай. А тое, што ён амаль адзін б’ецца за Белавескую пушчу, гаворыць аб тым, наколькі ў яго прысутнічаюць якасьці барацьбіта… І адзін чалавек ня Дон-Кіхот, калі гэты чалавек Валеры Дранчук”.

Тым ня менш, палітычная будучыня 52-гадовага Валерыя Дранчука, як ён сам лічыць, пакуль не акрэсьленая.

(Дранчук: ) “Я не рашыў, ці буду ісьці ў парлямэнт. Я хацеў бы зрабіць усё магчымае, каб людзі годныя маглі гаварыць на парлямэнцкай мове, інтарэсы прыроды пераводзіць на мову законаў. Мая задача ў блёку — адкрыцьцё гэтых людзей. Можна назваць гэта “зялёным блёкам”. Я бачу як мінімум чалавек трыццаць, здольных ісьці на выбары. І калі дзесяць зь іх будзе ў парлямэнце, гэта будзе вялікая перамога!”

Мы ізноў з Дранчуком у ягоным родавым фальварку. На ўскраіне яны зь сябрам паставілі памятны крыж на ахову памяці ды ляндшфтаў з надпісам “Тут нараджаліся ды паміралі”. Дарэчы, старажытны назоў “Гавязна” афыцыйна захоўваецца дзякуючы аднайменнаму ляндшафтна-батанічнаму заказьніку, які побач плошчай 7 гектараў сем гадоў таму ўтвораны намаганьнямі Валерыя. І, канечне, дзякуючы белакапытніку — унікальнай расьліне, якая расьце ў Беларусі толькі тут і занесеная ў Чырвоную кнігу.

(Дранчук: ) “Дзе крыніца, там белакапытнік. Кветка зацьвітае паміж сьцюжамі-маразамі, з надыходам першых веснавых дзён — проста чароўная яна…”

(Карэспандэнт: ) “Для цябе ў жыцьці гэта ўласная папараць-кветка?”

(Дранчук: ) “Сапраўды, гэтую кветку я адкрыў. Калі яна паўстала празь дзесяць гадоў пасьля жорсткай мэліярацыі, я паверыў у сілы прыроды…”