Вiдэамагнiтафон узнаўляе старыя кадры. Кватэра Ўладзімера Кармілкіна, за сталом Зянон Пазьняк, Юры Хадыка, Уладзімер Пузыня, яшчэ колькi знаёмых твараў. І – сам Кармілкін. Унізе экрану — 15 лютага 1996 году. Уладзімеру Паўлавічу спаўнялася 62 гады. Цырымонія, як i мiнулымi, i пазьнейшымi гадамi, распачынаецца выкананьнем песьнi-малітвы “Магутны Божа”.
(голас Кармілкіна: ) “Цудоўны гімн, цудоўная мэлёдыя. І дай Бог, каб мы дажылі да дзён шчасьлівай нашай незалежнай Беларусі. Тое, што Зянон Станіслававіч робіць, тое, што Фронт робіць — гісторыя ніколі не забудзе нашых адраджэнцаў. Але каб патрапіць у гісторыю, патрэбна зрабіць усё дзеля таго, каб наш народ жыў шчасьліва. А ня так, як жыве зараз...”
Праз шэсьць з паловаю гадоў, у сёлетнім ліпені, калі труну зь целам Уладзімера Кармілкіна апускалi ў зямлю, людзi над сьвежай магiлаю таксама сьпявалi малiтву Натальлi Арсеньневай. Тую самую, якую дзясяткi (а мо – сотнi) разоў прасьпяваў за сваё жыцьцё i сам, цяпер ужо нябожчык, Уладзiмер Кармiлкiн. Зь iм, шэраговым сябрам Беларускага Народнага Фронту, разьвiтвалiся і палiтыкi, і творчая iнтэлiгенцыя... І проста людзi, бяз тытулаў i званьняў. Тыя, з кiм ён болей за дзесяцiгодзьдзе iшоў вызвольным шляхам ад камунiстычнага рэжыму да здабыцьця незалежнасьцi краiны, а затым i яе абароны. Сьцiплы чалавек, не палiтык, не трыбун, ён знайшоў сваё месца ў гэтым змаганьнi. Стаў хранiкёрам найноўшае гiсторыi Беларусi — гэты статус падкрэсьліваюць зараз усе. Таксама і Юры Хадыка...
(Хадыка: ) “Ён стаўся нашым Нэстарам-летапісцам. Ягоныя фотаздымкі, стужкі — гэта чыстае люстэрка, дзе адбіўся такі важны пэрыяд у жыцьці нашага народу, як пачатак апошняга Адраджэньня. Толькі трэба, каб архіў гэты працягнуў нейкі чалавек годны”.
Пры канцы 1980-х гадоў вiрлiвая плынь людзей, якая выйшла на вулiцы, каб скончыць з камунiзмам ды вярнуць незалежнасьць i дэмакратыю Беларусi, падхапiла i Ўладзімера Кармiлкiна. Шлях да вызваленьня для яго, як і для тысячаў нацыянальна сьвядомых грамадзянаў, пачынаўся з Курапатаў. Дзяды 1988 году, якiя пачалі адлiк найноўшай гiсторыi Беларусi, сталi хросным днём i для Кармілкіна. Ён сам лiчыў, што той дзень, тыя мiлiцэйскiя дубiнкi сфармавалi яго як беларуса-адраджэнца. І ўжо надалей на ўсiх вулiчных акцыях цi зьездах, канфэрэнцыях апазыцыйных сiлаў, i найперш БНФ, побач з прэзыдыюмам заўсёды мiльгацела постаць хударлявага, звонку малапрыкметнага чалавека ў старамодным касьцюмчыку з абавязковым бел-чырвона-белым значком на штрыфелi. У руцэ – мiкрафон, на шыi – фотаапарат. Цi наадварот. Ён не рабiў мастацкiх здымкаў цi радыёперадачаў. Проста фiксаваў, што адбываецца.
Мала хто ведаў, што цiкавасьць да архіваваньня падзеяў прачнулася ў Кармілкіна яшчэ падчас службы ў войску. Ужо пасьля сьмерці Кармілкіна ягоная дачка знайшла цэлы стос дзёньнікаў, першы зь якіх датаваны 1953 годам. Гэты дзёньнік, без паправак i памылак, прынамсі я чытаў не адрываючыся. Ён захапiў i сюжэтнасьцю запiсаў, і трапнымi назiраньнямi, ацэнкамi. Вось ён пераказвае першыя гады сваёй вайсковай службы ў Шчучыне. Традыцыйная вайсковая будзённасьць запаўняецца эмацыйнай нязгодаю аўтара зь ёю...
Зь дзёньніка Ўладзімера Кармілкіна:
“22 кастрычніка, 1953 год. Толькі тыдзень у войску, а мяне ўжо выклікалі “на дыван”. Усё гэта мая страсьць да жартачкаў. Здарылася наступнае. Я сядзеў пасьля заняткаў ў клясе, куды зайшоў капітан Г. Убачыўшы мяне, пацікавіўся, чым я займаюся. Я адказаў, што пішу артыкул у рэдакцыю газэты “Во славу Родины” з крытыкаю слабой культурна-асьветніцкай працы ў падразьдзяленьні (насамрэч, я пісаў ліст дадому). Капітан вылецеў з пакою як апараны... Зараз на мяне глядзяць як на патэнцыйна падрыўны элемэнт. Пэўна, з вайскоўцамі жартаваць на такія тэмы небясьпечна”.
Але ў драматычныя скрыжалi 1980-90-х гадоў Уладзiмер Кармiлкiн зрабiў крок дзесяцiгодзьдзем пазьней – з “адлiгi” 1960-х. Ад кпiнаў над вайсковымi звычкамi ён iшоў да асэнсаваньня заганнасьцi савецкiх рэалiяў. Пратэставала ягонае нутро перадусiм супраць прыгнёту асобы ў СССР, ейнай прымусовай зачыненасьцi ад усясьветнае культуры. Каб слухаць джаз, рок-н-рол, рэгi, якiмi ён захапiўся, выкарыстаў свой вайсковы досьвед. Ягоная служба была зьвязаная з радыётрансьляцыйнымі сыстэмамі ваенна-паветраных сілаў. У войску, паводле сваiх абавязкаў, павiнен быў у тым ліку глушыць замежныя радыёгаласы, а на самой справе, вынаходзiў хiтрыкi, каб iх фiльтраваць i слухаць рок-н-рол.
Калi я ўпершыню ад яго пачуў, што на пачатку 1960-х ён быў стылягам, каралём танцпляцовак – не паверыў, засьмяяўся. Але ягоная невялiчкая кватэра насупраць Камароўкі пацьвярджала, што так яно й было. За нейкімі перагародкамі, фіранкамі – стосы вінілавых дыскаў: Элвіс Прэсьлi, Бiтлз, Луi Армстронг, Бі-Бі Кінг, Боб Дылан. Я бачыў шмат калекцыянэраў, якія зьбiралi кружэлкi адно толькі дзеля форсу. Кармiлкiн жа быў апантаным калекцыянэрам ня столькі кружэлак, колькі калекцыянэрам музыкі. Цi ня кожны, з кім Кармілкін знаёміўся, адчуваў патрэбу папоўніць гэтую калекцыю кружэлак, якiя аджывалі свой век i якiя гэтак неабходныя былi гэтаму чалавеку. Гаворыць дачка Кармілкіна – Міліта:
(Міліта: ) “Кароль рок-н-ролу, кароль танцпляцоўкі — сябе ён называў толькі так. Яшчэ ў войску набываў першыя дыскі. І потым усё жыцьцё зьбіраў, хадзіў увесь час на танцы, насіў свае кружэлкі — джаз, рок-н-рол”.
(Вядучы: ) “Ад пачатку 1990-х гадоў калекцыю кружэлак пасунулi новыя архiвы – на шматлiкiя палiцы клалiся тэчкi з фотаздымкамi, капэрты з нэгатывамi, аўдыё- i вiдэаакасэты. Сыстэматызавалася жывая гiсторыя, якая рабiлася на ягоных вачах. Амаль няспынна працавалі ў ягонай кватэры два відэамагнітафоны, якія запiсвалi ўсё, што паказвалi тэлеканалы пра разгоны дэманстрацыяў, затрыманьнi i арышты людзей у Беларусi. З асаблівым гонарам, дарэчы, ён дэманстраваў гасьцям паседжаньнi сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі, на якіх была абвешчаная дзяржаўная незалежнасьць Беларусі і ўхваленае рашэньне пра зьмену сымбаляў таталiтарнай дзяржавы на нацыянальныя.
Зноў і зноў запісваючы выступы Пазьняка і Ткачова, Майсені і Ганчара, Захаранкі й Карпенкі, сьведчаньнi звычайных людзей пра жорсткасьць мiлiцыi i ўмовы ўтрыманьня арыштаваных у вязьнiцах, Кармiлкiн ведаў, дзеля чаго ён гэта робiць. “Усе гэтыя стужкі будуць мець доказны характар, калі цяперашнюю ўладу пасьля дэмакратычных пераўтварэньняў пацягнуць у суд”, — прамаўляў Кармілкін, праслухоўваючы чарговую касэту ці праглядаючы здымак, зроблены ў часе расправы над дэманстрантамi. Гаворыць кiнадакумэнталiст Віктар Дашук...”
(Дашук: ) “Вельмі шкада, што лёс ня даў яму магчымасьці працаваць у прафэсійным кіно. Бо гэта быў таленавіты чалавек і галоўны ягоны талент — багацьце душы, тое, што дае толькі Бог. Бо калі Бог не паселіць у тваёй душы агню пачуцьцяў, дык ты нуль — халодны і прагматычны. Так што хоць лёсам яму і было наканавана займацца прафэсіяй дакумэнталіста як быццам бы хобі, але мне здаецца, што гэта грэла яго самога, і ён пасьпеў вельмі шмат зрабіць. На такім зломе гісторыі, які мы пражываем цягам апошняга дзесяцігодзьдзя, у гэты вір падзей мог толькі апантаны чалавек ускочыць са сваімі неспакойнымі думкамі і жаданьнямі”.
Зянон Пазьняк, бадай, самая значная фігура на палітычным небасхіле сутыку 1980-90-х, адным зь першых зразумеў усю важнасьць таго, што рабiў Кармiлкiн, i падарыў яму просьценькi замежны фотаапарат. Спадар Уладзiмер надзвычай ганарыўся гэтай старэнькай “мыльніцаю”. Колькі разоў гаварыў, што здымкі камэраю Пазьняка атрымліваюцца асаблівыя, чалавечныя. Зрэшты, і Зянон Пазьняк плоціць Кармілкіну ўзаемнасьцю...
(Пазьняк: ) “Гэта быў адзін зь нямногіх людзей, якія, будучы расейцамі, цалкам сталі на беларускі бок, сыходзячы зь меркаваньняў справядлівасьці. І гэта было шчыра, бо і сваім жыцьцём ён даказаў: пісаў па-беларуску, размаўляць спрабаваў. Ён вельмі чалавек добразычлівы, і можа ў кагосьці складвалася ўражаньне, што ён такі мяккі, бяспрынцыпны. Нічога падобнага: што тычыцца справядлівасьці, то ён быў вельмі прынцыповы. Ён ніколі ня йшоў на ўчынкі, якія не адпавядалі б маралі ці ягонаму сумленьню. Часам сапраўды здавалася, што яму 13 гадоў – у яго былі вельмі шчырыя зрухі душы”.
(Карней: ) “Дарэчы, ён заўсёды ганарыўся, дэманстраваў фотаапараты, якія падараваў яму спадар Пазьняк...”
(Пазьняк: ) “Ён да мяне вельмі добра ставіўся, шчыра, я гэта бачыў, адчуваў. Відаць, гэтак жа ставіўся да маіх словаў, можа нават і да падарункаў. Гэта нармальна”.
Зь дзёньнікаў Уладзімера Кармілкіна:
“30 лістапада 1955 г. Наша “радыёрубка”. 2:22 начы. Толькі што з прыяцелем скончылі мантаж 12-вольтавага ўзмацняльніка. І адразу ж з дынамку паліліся джазавыя мэлёдыі, факстрот, танга. Вось гэта мая стыхія! Навошта глушыць музыку? Думаю, бліжэйшым часам зможам такім жа чынам прафільтраваць “Голас Амэрыкі” і “Свабоду”. Пакуль чуваць вельмі дрэнна, але сэнс разумеем. Некаторыя рэчы ўспрымаю зь недаверам. Увесь час лаюць Сталіна. Памылкі, напэўна, і ў яго былі, але ж ён, між іншым, вайну выйграў. І ня даў Эўропе загінуць, а можа і ўсяму сьвету. Да таго ж, ня думаю, што людзі, якія сядзяць ля мікрафонаў чорт ведае дзе, жадаюць Савецкаму Саюзу дабра. Інакш папросту адсюль ня зьехалі б. Але падабаецца, што гавораць ня так, як нашыя дыктары. І здаецца, ведаюць пра нас куды больш, чым мы самі. Уяўляю, што было б, каб даведаўся бацька, што я слухаю Амэрыку. Ня кажучы пра камандзіраў. Але слухаць буду. Дый не адзін такі”.
Пасьля сэрыі незразумелых сьмерцяў ды зьнікненьняў апанэнтаў цяперашняе ўлады, у Кармілкіна акрэсьлілася яшчэ адна рыса. Ён, якi вельмi любiў людзей, ня мог быць удалечы ад гора iхных сваякоў. Уладзiмер Паўлавiч iнiцыяваў паездкi да мацярок Юрыя Захаранкi й Генадзя Карпенкі, да жонак зьніклых апазыцыйных палітыкаў. У Васiлевiчах, у матчыным доме былога міністра ўнутраных справаў Захаранкi, Кармілкін быў найпажаданейшым госьцем. Ульляна Рыгораўна не хавала, што дабрыня, бясхітраснасьць, увага — гэта рысы, якія аб’ядноўвалi і ейнага сына, і Ўладзімера Кармілкіна. Зараз са сьлязьмі кажа, што, пэўна, ніхто да яе больш не паедзе...
(Спадарыня Ульляна: ) “Я плакала-плакала. Каб гэта блізка, дык хоць на пахаваньне прыехала б. Так шкада, што ён бедны-няшчасны стараўся... Цяпер ніхто ўжо не паедзе, нікому я не патрэбная. А то ж ён, пэўна, усё арганізоўваў. Мне ўжо і нудна, і плачу: няма Кармілкіна, няма каму і прыяжджаць. Кожны раз фотаздымкі гляджу і плачу: колькі ён клапаціўся пра Юру. І сама думаю: ня сёньня, дык заўтра павалюся. Але яшчэ ўсё цягну, думаю, можа дачакаюся сыночка. Як жа мне цяжка...”
Уладзiмера Кармiлкiна шмат хто лiчыў сваiм сябрам, незалежна ад становішча ў грамадзтве цi веку. Аб’ядноўвала зь iм i агульная iдэя незалежнай, дэмакратычнай Беларусi. І шырыня ягоных iнтарэсаў — ад рыбалкi да матацыклаў. Нягледзячы на тое, што Ўладзiмер Паўлавiч, як па веку, нашмат старэйшы за мяне, я таксама лiчыў яго сваiм сябрам. Як i бальшыня незалежных журналiстаў, часта карыстаўся ягонымi аўдыё i вiдэаматэрыяламi; узамен ён нiчога ня браў i не прасiў.
Зрэшты, цiкавым было i нашае знаёмства. Яшчэ працуючы ў газэце “Звязда”, неяк праiлюстраваў артыкул пра няспынную інфляцыю фотакалажам Сяргея Грыца, дзе той у цэнтры выявы даляра зьмясьціў праставатага мужычка ў кепцы. Ім, як вы, напэўна, здагадаліся, быў акурат спадар Кармілкін. Зьяўленьне на першай паласе цэнтральнай беларускай газэты ў такім выглядзе вельмi абурыла на той час ужо сябра Сойму БНФ. І ён прыгразіў трыма судовымі працэсамі адразу: выданьню, аўтару матэрыялу і “фотахулігану” Грыцу адпаведна... Давялося апраўдвацца, што ніхто і нічога ня меў супраць паважанага сябра БНФ. Проста тыпаж спадабаўся... Зрэшты, пазнаёмiўшыся, пра крыўды адразу ж забылiся. Кармілкін пачаў распавядаць мне пра сваё жыцьцё, як старому знаёмаму. Гэтая ягоная рыса ўражвала многіх.
Сяргей Плыткевіч, рэдактар штотыднёвіка “Туризм и отдых” перакананы, што крыўдзіцца Кармілкін ня мог паводле вызначэньня – ён нават сябраваў з мужам сваёй першай жонкі...
(Плыткевіч: ) “Неяк тэлефануе і кажа: мы з жонкаю разышліся, зараз яна замужам за іншым, у яго будзе выстава самавараў. Маўляў, патрэбная рэкляма. У той час я працаваў у “Народнай газэце”, і для мяне гэта была не праблема. Прыяжджаю, раблю рэпартаж, і высьвятляю, якія дзівосныя нашы жанчыны (ды й мужчыны таксама). Кармілкін быў прапаршчыкам, а жонка пайшла да маёра. Кармілкін зьбіраў патэфоны, дыскі, кружэлкі, а гэты зьбірае самавары. І вось яны сябруюць сем’ямі. Кармілкін фактычна дапамагаў свайму, можна сказаць, канкурэнту, апанэнту. Ва ўсялякім разе, думаў ня толькі пра сябе, але й пра навакольных, у тым ліку, і пра мужа сваёй жонкі”.
Ня быў Кармілкін i скандалiстам. На маёй памяцi была толькi адна гучная гісторыя, зьвязаная зь ягоным iмем. У лісьце на адрас штотыднёвіка “Свободные новости” Ўладзімер Кармілкін абураўся пераўтварэньнямі ў газэце “Свабода”. Маўляў, “Свабода” прыстасоўваецца да новых умоваў, там прапаў дух Пазьняка, выданьне робіцца канфармісцкім і ўсё менш падобным да той “кусачай”, няхай і крыху эпатажнай, але вольнай газэты, якой яна была на самым пачатку iснаваньня, на мяжы 1980-х i 1990-х гадоў. Гэты момант памятае і заснавальнік “Свабоды”, а пазьней i яе галоўны рэдактар Павал Жук...
(Жук: ) “Я мяркую, што ня толькі Кармілкін раззлаваўся на тое, што газэта “Свабода” перайшла часткова на расейскую мову. Ён проста выказаў свае адносіны да гэтага і судзіць яго за гэта няма ніякага сэнсу: ён думаў так, а не інакш. Але нават калі ён напісаў такі абуральны ліст у газэту “Свободные новости”, супрацоўніцтва наша ня скончылася. Ён па-ранейшаму прыносіў нам здымкі, мы іх друкавалі. Незадоўга да сьмерці ён даў з архіву некалькі па-сапраўднаму ўнікальных здымкаў, якіх ня толькі ніхто не друкаваў, але й ня бачыў. Дарэчы, я іх так і не вярнуў, і яны ў мяне засталіся”.
Пачуцьцё справядлівасьці, годнасьці Кармілкін пераносіў нават на сваю сям’ю. Сам неаднойчы распавядаў, колькі праблемаў было ў яго з бацькам — кадравым афіцэрам, заўзятым савецкім партыйцам. Толькі пры канцы жыцьця бацькі, калі сын ўсё ж напалову пераканаў таго, што дэмакратычныя пераўтварэньні — элемэнтарнае патрабаваньне часу, бацька здаўся, і тады іхныя дачыненьні перайшлі ў рэчышча шчыра сяброўскіх. Мой калега Ўладзімер Глод прыгадвае эпізод, які яму расказаў Уладзімер Паўлавіч...
(Глод: ) “Маці Ўладзімера памерла раней. Яна была, як я зразумеў, вельмі тонкая жанчына, якая неяк згладжвала тыя складаныя дачыненьні паміж бацькам і сынам. Бацька, кадравы афіцэр, чалавек, які вырас ў савецкіх умовах, чалавек, які лічыў, што савецкае — найлепшае ў сьвеце, што партыя — найсумленьнейшая арганізацыя. Уладзімер быў зусім іншых поглядаў. Аднойчы мне распавёў наступнае. Кажа: ведаеш, я раніцою падымаюся, бацька падымаецца. Прыходзім на кухню. Бацька гатуе яечню на сваёй патэльні, а я побач стаю і гатую на сваёй патэльні тую ж самую яечню. Тут гэтыя шкваркі шквірчаць, а мы, кажа, з бацькам, усё сварымся і сварымся. Ён мне пра Леніна, пра партыю. Я яму — пра незалежнасьць і пра Пазьняка”.
Шматлiкiя сябры памятаюць Кармілкіна найперш як вельмi рамантычнага, душэўнага чалавека. Жонка Кармілкіна Тамара Іванаўна распавяла, як адразу ж пасьля вясельля муж літаральна вымусіў яе сесьці на ровар. І разам яны аб’ехалі цi ня ўсе лясы пад Менскам. Езьдзiлi ня проста, куды вочы глядзяць – Кармілкін ведаў, дзе растуць ландышы, дзе фіялкі, дзе буйныя рамонкі. Будзіў на золку, каб паказаць, дзе ходзяць алені, а дзе – дзікі. І — абавязковы “лікбез” у справе вызначэньня атрутных грыбоў і сапраўдных.
Але галоўны ягоны канёк — рыбалка. Да яе Паўлавiч рыхтаваўся вельмi старанна й дасьціпна – чарвякоў зьбіраў пасьля дажджу чамусьці толькi ля Опэрнага тэатру i толькi ўначы. Часам паляваньне на чарвякоў заканчвалася ў найбліжэйшым пастарунку міліцыі – патруль прымаў Кармілкіна за бамжа, які зусім зьехаў з глузду і перайшоў на, так бы мовіць, падножны корм. Завяршалася затрыманьне агульным сьмехам мiлiцыянтаў i парушальнiка. А раніцою разам са шматлiкiмi тэрмасамi, торбамі з харчамi, вёдрамi, намётамi, пад брэх нягегла-пузатага ўлюбёнца – сабакі Жулькі, Кармілкін камандаваў, куды ехаць. І першае, што рабiў, калi прыяжджаў на месца, дык гэта даставаў бел-чырвона-белы сьцяг i ўмацоўваў на вершалiне елкі або ў рашчыліне пня.
На прыродзе Кармілкін пачуваўся ў сваёй стыхіі.
Яшчэ адно зь мiнулых захапленьняў Кармiлкiна можна было б назваць дзiвацтвам, а мо характарам — страсьць да матацыклаў. За рулём спачатку “Явы”, а потым магутнага “Ўралу” зь люлькаю Кармілкін, паводле ўласных разьлiкаў, адмахаў паўсотні тысячаў кілямэтраў. А калі ў Менску зьявіліся першыя байкеры, ён на сваім “Урале” паехаў запісвацца ў “начныя ваўкі”. Хоць фармальна абмежаваньняў па веку ў байкерскай калёніі не было, але выгляд не экіпаванага ў скуру дзядзькі на савецкім “дуплеце” мотабрыгаду шакаваў. Ды і Ўладзімер Кармілкін, гледзячы на хлопцаў у татуiроўках побач зь нікэляванымі амэрыкана-японскiмi амфібіямі зразумеў, што зь ягонай пэнсiяй лепей заставацца каля палiтыкi. І тым ня меней, ніводзін фэст менскіх байкераў не адбываўся без удзелу спэцыяльнага фотакарэспандэнта Ўладзімера Кармілкіна, зь якім лічылі за гонар павітацца нават самыя “адарваныя” матагоншчыкі.
На якія, зрэшты, сродкі, існаваў спадар Уладзімер наагул? Гаворыць ці не найбліжэйшы сябра Кармілкіна відэаапэратар Віктар Кудраўцаў...
(Кудраўцаў: ) “Наконт дапамогі ад сям’і? Амаль упэўнены, што дапамогі ніякай не было. Дый Валодзя такі чалавек, што ніколі ў жыцьці не папросіць, ніколі! Усю сваю пэнсію траціў на тое, каб набыць стужкі, праявіцелі, замацавальнікі. А потым яшчэ друкуе здымкі, ня ведаючы: прадасьць ён іх ці не прадасьць. Наагул думаю, што напалову ён жыў упрогаладзь. На нейкае мерапрыемства пойдзе, там крыху пад’есьць, Жульцы прынясе рэшткі. Каб за душою было грошай ці яшчэ нечага — не”.
Ад Кармiлкiна часам адмахвалiся. Калi не стае часу, ягоныя шматлiкiя прапановы ды iдэi падавалiся залiшнiмi, нават надакучлiвымi. Увагі спадара Кармілкіна бывала часам зашмат. Калі трапляў у кватэру насупраць Камароўскага кірмашу, аўтаматычна, без усялякiх шанцаў на вызваленьне, апынаўся ў палоне гаспадара. Бясконцыя завіханьні ля пліты ды лядоўні, дэманстрацыя з наступным камэнтаром кожнай шклянкі засолаў, марынадаў, “грыбочкаў-агурочкаў”, паступовы пераход да абавязковай рыбкі, таксама злоўленай ды прыгатаванай iм самiм. Нарэшце, апошні нырэц у лядоўню, і гаспадар зьяўляецца з традыцынай пляшкаю, як ён казаў, “беларускага вінца”. Зрэшты, зьмесьцiва бутэлькі даволі спэцыфічнае: гэткая гаручая сумесь гарэлкі, нейкіх падазроных “зёлак” ды “чарніла”. Смак не перакажаш, адчуваньне, што напой зусiм ня дзеля спажываньня ў нутро. Прыгубіць даводзілася, але потым традыцыйнае: “Мо лепей кавы, бо шмат яшчэ сёньня справаў”.
Праз рытуалы частаваньняў Кармiлкiна прайшлi ўсе ягоныя сябры. Фотамастак Генадзь Ліхтаровіч нават напісаў з гэтай нагоды жартаўлівы вершык:
Наведайце з любой прычыны,
Зьдзіўленьне вас не абміне.
Заўжды пакорміць, бо гасьцінны.
Пад жарт: Кармілкін я ці не?”
А як працуе для Айчыны?
Ды вось пытаньне, як прызыў:
Між мітусьні і беганіны
Кармілкіна хто б падкарміў?
Здавалася, што прыхільнасьць Кармілкіна да кагосьці была нашмат мацнейшай, чым прыхiльнасьць у адказ. Ён вельмi ганарыўся сваiм сяброўствам цi проста блiзкасьцю зь людзьмi. А калi гаворка iшла пра такiх асобаў, як Зянон Пазьняк цi Васiль Быкаў... Ён ня мог перажыць, ня мог дараваць уладам зьдзек над фігурамi такога маштабу. Кармілкін не саромеўся распавядаць, як плакаў, калі Быкаў ад’яжджаў спачатку ў Фінляндыю, а потым у Нямеччыну. Плакаў на пару з жонкаю Васіля Ўладзімеравіча, бо яны ведалі, як цяжка ў сталым веку пачынаць фактычна новае жыцьцё. Асабліва не давала спакою дылема: чаму краіна, супраць якой колісь ваяваў Быкаў, дае яму прытулак, а родная дзяржава ўсяляк ганьбіць ды гоніць? На гэта пытаньне свайму сябру сёньня адказвае сам Васіль Уладзімеравіч...
(Быкаў: ) “Валодзя Кармілкін валодаў вельмі чуйнай чалавечай душою. Гэта ягоная душа, ейная чуйнасьць, рабілі дабро дзеля людзей, найперш, вядома, для людзей добрых, чымсьці падобных да яго. Але, натуральна, ня толькі, таму што ён жыў у грамадзтве, якое далёкае было ад дабрыні. Мяне ён шмат фатаграфаваў сваёй далёка не першакляснай оптыкаю. Гэтай оптыкаю, дарэчы, ён пераздымаў ці ня ўсе акцыі Народнага Фронту. Чытаў мае кнігі, звычайна на новую прасіў зрабіць аўтограф. Праводзіў мяне ў замежжа. Тады асабліва крануў, падараваўшы невялічкі аздоблены ім бел-чырвона-белы сьцяжок і “Пагоню”. Тыя змайстраваныя ім сымбалі заўсёды са мной. Цяпер яны мне асабліва дарагія. Бо ёсьць напамінкам і пра далёкую Беларусь, і пра незабыўнага нашага Валодзю Кармілкіна”.
Валеры Шчукiн жартаўлiва зьвязваў характар Уладзiмера Кармiлкiна зь якасьцямi камунiста. Маўляў, толькі сапраўдны камуніст здольны на такія бескарысьлівыя крокі ды ўчынкі. Ну хто яшчэ, апроч Кармілкіна, мог з уласнага гардэробу аддаць за проста так амаль новы швэдар ці палітон? Але і той жа Шчукін разумеў, што Кармілкін ня толькі ніколі ня быў камуністам, а зьяўляўся ваяўнічым крытыкам усяго, да чаго прыклалі руку будаўнікі сьветлае будучыні...
(Шчукін: ) “Галодны часам хадзіў, на апошнія грошы купляў фотапрэпараты, стужкі, рэактывы. Забываліся і партыі, і грамадзкія рухі... Карысталіся ягонай працай, а заплаціць – забываліся. Пры гэтым – ведаючы, што ён сам бяз грошай. Але сам ён заўжды пра кагосьці клапаціўся, заўсёды ў кішэні было нечым пачаставаць. Ён ня мог жыць толькі дзеля сябе. Чыстая, у маім разуменьні, камуністычная істота, камуністычная натура. Я сам такі...”
Зь дзёньнікаў Уладзімера Кармілкіна:
“10 студзеня 1956 г. Сьцяпянка, ваколіцы Менску. У той час, як нават самыя заўзятыя алькаголікі працьвярэзілі ад сустрэчы Новага году, я толькі выйшаў з гаўптвахты. 1 студзеня а пятай раніцы быў пасаджаны на 10 сутак арышту за самавольны сыход з падразьдзяленьня. Напярэдадні, 31 сьнежня, у 23:50 мы арганізавана паслухалі навагодні зварот К.Варашылава, але ж ня мог я далей, насамрэч, сустракаць Новы год пасярод шэрых сьценаў казармы! Сёньня з раніцы меў гутарку з маёрам М. Ён запытаўся, ці правільна зрабіў, што даў мне 10 сутак. “Так точно!”, -- адказаў я, паколькі варыянтаў і не было. А пра сябе падумаў, што наступны раз буду больш разважлівы, разумнейшы і хітрэйшы. Потым быў камсамольскі сход. Аднагалосна вывелі з членаў камсамольскага бюро. Прыгадалі пра ўсе папярэднія 16 “взысканий” па службовай лініі. Сумна, але нічога ня зробіш. Зрэшты, пражыву і без камсамолу: раней жа людзі неяк безь яго існавалі?”
З паходаў у Курапаты распачаўся апошнi этап жыцьця Ўладзiмера Кармiлкiна – жыцьця ў новай Беларусi. Курапаты сталiся i ягонай апошняй справаю. Ён прыходзiў туды, дзе моладзь болей за паўгоду абараняла памяць пра ахвяраў камунiстычнага рэжыму. Ён захаваў для гiсторыi гэтую вахту. Ягоныя здымкi гэтага пэрыяду ўжо ня проста фiксавалi момант. У iх перададзеная дынамiка супрацiву вандалiзму. У iх адчуваеш прысутнасьць аўтара. Найлепей, калi гэта скажа адзiн з валанцёраў, Сяргей Высоцкi...
(Высоцкі: ) “Кармілкін, рускі паводле крыві чалавек, зразумеў больш, чым вельмі многія беларусы, што такое быць беларусам. Ён быў ім і сапраўды высока трымаў імя беларуса. У гэтым пляне характэрна было тое, што ён зьяўляўся ў Курапатах. Словы, дарэчы, калі сыходзіў, былі ў яго аднолькавыя: трымайцеся, хлопчыкі, вы – героі. Фактычна, гэта ўсё, што трэба было сказаць. Але гэтыя словы гаварыла ня так шмат людзей. Гэта было, на жаль, у разрэз зь вялікай часткаю памяркоўнай апазыцыі, і ў гэтым пляне, я лічу, праяўлялася моц асобы. Падтрымка сыходзіла самай чыстай энэргіяй”.
Нiхто з тых двух-трох дзясяткаў сяброў Уладзiмера Паўлавiча, хто сабраўся на пачатку студзеня ў ягонай гасьцiннай кватэры адзначыць 68-годзьдзе гаспадара, ня мог падумаць, што гэта адбывалася апошнiм разам. Гулялi ў традыцыйную ягоную бяспройгрышную лятэрэю (зрэшты, за дзіцячыя ідэі яго любілі ці не найбольш). Як заўсёды, шмат сьмяяліся. Але настрой ягоны ўсё ж насьцярожваў...
(голас Кармілкіна: ) “Дажылі да гэтага дня, дай Божа, дажыць да наступнага. Ну, давайце, за тое, што прыйшлі да мяне, памянулі... Цьфу ты, якое памянулі? (сьмех, галасы: “Ну, Палыч, зноў пераблытаў. Сёньня ж дзень народзінаў!” У любым выпадку, дзякуй, што прыйшлі павіншаваць. Думаю, усім будзе прыемна. Бо гэтая кватэра — сапраўдны куточак свободы”.
Ужо потым, пасьля ягонай сьмерці, многія гэты вечар называлi разьвітаньнем зь сябрамі. І хоць Уладзiмер Паўлавiч усё часьцей гаварыў пра сьмерць, нiхто i падумаць ня мог, што яго раптам i вось так хутка ня стане. Дзівакі ж не паміраюць! Тады пра гэта казаў у адмыслова напісаным вершы калега і сябра Кармілкіна Яўген Пясецкі:
Дзівакі мы з табой, дзівакі.
П’ем за тое, што зь веку ня бачым.
Халуям ды прадажнікам дзячым,
Ды бруднеем ля чыстай ракі.
Эх, каб сьвет пабяднеў дзівакамі.
Хоць на крышачку, пакрысе.
Ды ня льецца вадзіца пад камень.
Покуль хваля яго не зьнясе.
Кармілкіна ня стала. Усе, хто яго добра ведаў, успамінаюць пра яго толькi добрымi словамi. І задаюцца пытаньнем: які лёс наканаваны ягоным архiвам, галоўнай справе ягонага жыцьця? Дачка Міліта, якая сталася адзінай распараджальніцай бацькавай маёмасьці, дала зразумець, што будзе лепей, каб усё гэта трапіла ў прафэсійныя, а не дылетанцкія рукі. Прынамсі, яна распараджацца архівамі ня ў стане...
(Міліта: ) “Старалася нікому асабліва нічога не раздаваць, не раскідваць, каб усё было ў адных руках. Адзінае, паставіла ўмову: калі людзі будуць пра нешта канкрэтнае пытацца, здымкі, нешта мэтавае — то аддавайце”.
У штаб-кватэры БНФ абяцаюць, што доступ да архiваў Кармілкіна атрымае кожны, каму гэта сапраўды неабходна. А вось пра тое, цi зьявяцца матэрыялы, датаваныя наступнымi днямi пасьля пахаваньня Ўладзiмера Паўлавiча, нiхто ня кажа... Месца, якое займаў гэты чалавек у найноўшай гiсторыi беларусаў, застаецца вольным...