Вуліца Куйбышава, заўсёды безаблічная і шэрая з-за аднолькавых шматпавярховых дамоў-скрынак выглядае ў прыцемках яшчэ больш змрочна і непрывабна. Гурбы сьнегу, якога сёлета выпала як ніколі шмат, адліга ператварыла ў карычнева-бруднае месіва.
Будынка насупраць, праз вуліцу, які я бачыў у акно маёй кватэры многія гады, зараз амаль зусім не відаць з-за густой імжы. Я ня бачу, але ведаю: недзе там, у гэтым доме, у паўзмроку, жанчына – як і заўсёды доўгімі безнадзейнымі вечарамі, глядзіць у акно і чакае.
А раптам, адна з тых машынаў, што імчаць па вуліцы, прытармозіць, заверне ў двор; а потым загудзіць ліфт, і на лесьвіцы пачуюцца знаёмыя крокі…
Некалі, аднае летняе начы, гэтую пустынную ў позьні час вуліцу напоўнілі гукі матораў легкавых аўтамабіляў. Пагоня! Стрэлы! Усё, нібыта ў галівудзікм фільме, а не наяве, у беларускай сталіцы. Міліцэйская куля, выпушчаная наўздагон службовай машыне старшыні эканамічнага суду СНД Віктара Ганчара, выпадкова трапіць не ў яго, а ў ягоную супрацоўніцу, якую лёгка параніць.
Гэтая гісторыя хутка стане падставай для прыхаваных намёкаў ды адкрытых кпінаў – у тым ліку з вуснаў першай асобы дзяржавы. І чамусьці будзе прынята лічыць, што тое была ўсяго-толькі недарэчная выпадковасьць.
Празь некалькі гадоў, 16 верасьня 1999-га, гісторыя паўтарыцца – у выглядзе трагедыі, ня фарсу. Гэтым разам усё будзе зроблена ціха, без пагоні і гучных спэцэфэктаў.
Мы размаўляем з жонкай Віктара Ганчара Зінаідай у іхнай кватэры на вуліцы Куйбышава.
Мы знаходзімся ў кабінэце, дзе звычайна працаваў Віктар. Вельмі сьціплы пакой. На падлозе – звычайны дыван. Ёсьць тэлевізар. Люстэрка. І – кніжныя шафы. Назаву некалькі кнігаў: у асноўным, гэта слоўнікі і кнігі, якімі ён карыстаўся ў сваёй працы. Выгляд з акна – стандартны, які часта можна бачыць у Менску: такі самы высотны шматпавярховы дом. У цэлым, утульны і просты пакой.
(Тарас: ) “Якія кнігі, на Вашай памяці, ён чытаў?”
(З.Ганчар: ) “Гэта і Булгакаў, і Шамякін. Ён чытаў кнігі і на беларускай мове – з тым, каб не забываць. І мяне прымушаў (я сама з Расеі), казаў: ты чытай, бо забудзем беларускую мову! Ён вельмі любіў Быкава. Вы ведаеце, маці ягоная мне казала, што ў дзяцінстве яны ў яго адбіралі кніжкі, таму што ён мог чытаць усю ноч безь перапынку”.
(Тарас: ) “Па колькасьці месцаў, дзе Віктар Ганчар пасьпеў папрацаваць, ягонай біяграфіі хапіла б і на некалькіх чалавек. Дзе яму падабалася працаваць найболей?”
(З.Ганчар: ) “Яму вельмі падабалася праца ў Эканамічным судзе. Ён вельмі шмат зрабіў для яго. Гэта ўсё было на маіх вачах. Я часта туды прыходзіла – я бачыла, з чаго яны пачыналі, і што атрымалася потым.
Яму вельмі падабалася выкладчыцкая праца. Проста ён яе перарос. Так бывае.
А вось праца ў Савеце Міністраў яму не прыносіла ніякага задавальненьня. Ён вельмі хацеў нешта зрабіць, і я бачыла, якім ён вяртаўся. І літаральна зь першых дзён я яму казала: Віктар, сыходзь адтуль, – бо бачыла, што гэта загубіць яго. Вось ён быццам нясецца на працу ў добрым настроі, і прыходзіць настолькі спустошаны, нейкі абяскрыўлены…”
Віктар Ганчар увойдзе ў гісторыю ня проста як першы віцэ-прэм’ер у першым урадзе першага прэзыдэнта Беларусі. Імя Ганчара назаўсёды зьвязанае зь імем Аляксандра Лукашэнкі, якому малады палітык дапамагаў прыйсьці да ўлады ў 1994-м, якому дапамагаў стаць палітыкам, навучыцца перамагаць.
Больш за тое, на пэўным этапе Віктар Ганчар разам з групай іншых маладых палітыкаў увайшоў у канфлікт з дэпутатамі Вярхоўнага Савету дэмакратычнай арыентацыі. Распавядае тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч:
(Шушкевіч: ) “Што яго адрозьнівала ад вялікай колькасьці дэпутатаў? Як бы там ні было, ён быў значна больш высокаадукаваным, значна больш таленавітым, чым іншыя. У мяне было ўражаньне, што многія закаранелыя практыкі савецкай партыйнай работы, альбо выканкамаўскай работы, былі ня супраць зь ім неяк аб’яднацца і выкарыстаць ягоны талент. І часам ён накіроўваўся, мне здаецца, не зусім туды, куды мне хацелася б.
Ён вельмі яскрава выступаў і супраць мяне, і супраць іншых. Але фактычна, калі ты выступаеш супраць каго-небудзь – ты выступаеш у падтрымку некага. І вось яму здавалася, што тупая воля і пэўная інтэлектуальная абмежаванасьць, якая ёсьць у Лукашэнкі – калі яна будзе спалучаная зь яго інтэлектам, гэта будзе прабіўная сіла. Ён не хацеў займацца нейкай чорнай працай, хацеў быць мазгавым цэнтрам. І мне здаецца, гэта подлым чынам было выкарыстана празь іншых”.
Пазьней Старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Віктар Ганчар адным зь першых назаве рэфэрэндум, прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам, незаконным.
Менш як тры гады аддзяляе тыя падзеі ад 21 ліпеня 1999-га – першага дня пасьля заканчэньня пяцігадовага тэрміну легітымных паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніцтва Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня пасьля таго, як прызначаныя ім прэзыдэнцкія выбары скончыліся безвынікова, фактычна ў гэты дзень самаўхілілася ад далейшай барацьбы.
І толькі Віктар Ганчар, толькі што абраны выканаўцам абавязкаў старшыні законна абранага парлямэнту, асьмеліўся зьвярнуцца непасрэдна да людзей, якія йшлі на Кастрычніцкую плошчу, каб адзначыць сымбалічную дату.
(Віктар Ганчар: ) “На сёньняшні момант, калі ўжо пяць гадоў насельніцтва Беларусі трывае гэтыя зьдзекі агрэсіўнага хама – дык гэта ж пытаньне да ўсіх жыхароў краіны. Толькі ад кожнага з нас залежыць – ці сапраўды мы давядзем да таго моманту, калі ў нас будзе кіраўніцтва, за якое ня будзе сорамна”, – гэтыя словы, мабыць, падаліся б неверагоднымі пяць гадоў перад гэтым.
Гаворыць Зінаіда Ганчар:
(З.Ганчар: ) “Мне нават здавалася, што ім абодвум падабалася сяброўства на той момант. Канечне, Лукашэнка многае браў ад Віктара. А Віктар… Ён адчуваў, канечне, што патэнцыял у Лукашэнкі ёсьць.
Я ж да яго нядрэнна ставілася. Шкадавала гэтага чалавека. Таму што вы ведаеце, як кепска, калі ўсё кепска. Вось, і нарадзіўся – ніхто не радуецца, і ажаніўся – ніхто не радуецца. Гэта ж жахліва, праўда?
Ён ніколі не казаў пра гэта, але я гэта адчувала. І чыста па-чалавечы я яго шкадавала. Але азлобленасьць у ім адчувалася. Ён не знайшоў, напэўна, таго, што шукаў…Відаць было, што хлопец вясковы, але ён вельмі цягнуўся. Я хачу сказаць, што зьнешне ён даваў фору многім гарадзкім. Ён вылучаўся…”
Віктар Ганчар нарадзіўся ў пасёлку Радзічава на Случчыне ў 1957-м годзе. У Віктара былі чатыры сястры і два браты, адзін зь якіх памёр малым. Непаўналетняму Віктару даводзілася працаваць у полі разам зь сёстрамі.
Падчас вайны бацька Віктара Ганчара, разам зь іншымі падлеткамі, быў гвалтоўна вывезены ў Нямеччыну, дзе працаваў тры гады. Гэтае кляймо нямецкага прыгоннага потым ляжа на яго ды ягоных блізкіх.
На пачатку 1960-х сям’я Ганчароў пераехала працаваць на торфазавод пад Лідай, дзе дагэтуль жыве маці Віктара.
(З.Ганчар: ) “Мы калі едзем да ягоных бацькоў і перасякаем Гарадзенскую вобласьць – на мяжы Лідзкага раёну ёсьць вёска Бакшты. І ён заўсёды цісьне на кляксон – вітае тыя стайні й кароўнікі, які ён пабудаваў на “шабашках”. Заўсёды з годнасьцю ён паказваў, што яны пабудавалі”.
(Тарас: ) “Як вы пазнаёміліся?”
(З.Ганчар: ) “Пазнаёміліся мы зь ім у асьпіранцкім інтэрнаце ў Менску. Я прыехала сюды паступаць у асьпірантуру, і мы зь ім апынуліся на адным патоку, а потым у інтэрнаце на адным паверсе. Ён вылучаўся з агульнай масы студэнтаў. Я адразу зьвярнула на яго ўвагу, таму што ён быў не такі, як тыя хлопцы, што былі навокал.
…Мэтанакіраванасьць, нейкая дзелавітасьць, арганізаванасьць. Ведаеце, калі студэнты – мы ж усе разгільдзяі, а тут нешта такое незразумелае… Ён вельмі хутка, як віхура, улятае. Мы заўсёды нейкія лёгкія размовы вядзем, гарбату п’ем – яму ўвесь час няма калі, і ён увесь у справах, справах, справах…
Мне нават здавалася, што ён трошкі ганарлівы. А потым выявілася – зусім не. Гэтая нейкая такая абарона. Таму што на самой справе ён чалавек вельмі адкрыты. І напэўна, вось гэтае “шкло” – яно было патрэбнае. Я спачатку думала: о, Божухна, які ён! Гэта ж трэба! Зараз мы яго таксама ў “барані рог” скруцім. А потым выявілася – гэта проста абарона. Ён вельмі добры, чульлівы”.
(Тарас: ) “Што для Віктара на першым месцы – праца, альбо дом, сям’я?”
(З.Ганчар: ) “Мне здаецца, што Віктар любіў свой дом. Хаця ён часта мне казаў – ты мне перашкаджаеш працаваць. Ён любіў паляжаць на канапе, пасядзець вось тут, нешта напісаць, пачытаць.
…Калі ён працаваў у Маладэчне, ён уставаў а 5-й гадзіне раніцы – гэтак было тры-чатыры гады – і вяртаўся ўвечары дадому. Мы любім пагаварыць, і зусім не пра каструлі, як многія лічаць… Мы іншы раз сядзем пасьнедаць, і ў нас гэта пераходзіла ў вячэру, асабліва ў маладосьці, калі было шмат часу.
Ён уставаў – калі трэба а пятай, значыць, а пятай. Калі можна а шостай – значыць, гэта будзе шостая гадзіна. Але наогул спаў мала…
Ён добра і адпачываў. Але гэта атрымлівалася тады, калі быў час. Ён любіў лазьню, любіў выехаць на прыроду з мужычкамі сваімі… Але што тычыцца паездак на Поўдзень, каб месяц недзе ляжаць на марскім беразе – дык не. Таму я не любіла зь ім нікуды езьдзіць, бо максымум мы вытрымлівалі тыдзень! Потым ён пачынаў скуголіць, што час ехаць дамоў і наогул – як можна ляжаць, як маржу на беразе мора?! Таму я ў асноўным адпачывала з сынам Андрэем, а ён альбо неяк заскочыць да нас, але ў асноўным працаваў. Гэта працаголік.
Па-першае, ён забясьпечваў сям’ю. Ён ніколі не працаваў у адным месцы – гэта яшчэ са студэнцтва я памятаю. І ён настолькі ўвайшоў у гэты рытм…”
(Тарас: ) “Ён недзе падпрацоўваў?”
(З.Ганчар: ) “Ён пачынаў шараговым пажарным, а стаў начальнікам групы – я ня ведаю, як там гэта называецца. Ён вадзіў мяне туды, з кожным пажарным пазнаёміў. Мяне трошкі злавала гэта – вы самі разумееце! Але я цярпела гэта. Ну, а ён іх вельмі любіў. У яго зь імі былі цудоўныя адносіны.
Ён тады пісаў дысэртацыю, а мы ўжо чакалі дзіцёнка. Ён сыходзіў туды – там таксама працаваў над дысэртацыяй. Яму стваралі ўмовы.
Ён іх прыахвоціў да строгага парадку. Там заўсёды ўсё было вылізанае ўсё. Я нават зьдзіўлялася – такая чысьціня ў пажарных”.
(Тарас: ) “Тэма кандыдацкай дысэртацыі Віктара Ганчара – “Унутрыгаспадарчы разьлік на прадпрыемствах (праўны аспэкт)”. Вы памятаеце, як праходзіла абарона?”
(З.Ганчар: ) “Ён абараняў яе ў Маскве, у доктарскай радзе. Там быў тады Сабчак. Ён быў у захапленьні ад Сабчака. Там яшчэ была Марына Замэнгоф. Я чаму памятаю гэтыя імёны? Бо ён прыяжджаў тады і ў захапленьні распавядаў – якія яны разумныя, таленавітыя”.
Успамінае прафэсар Станіслаў Шушкевіч:
(Шушкевіч: ) “Ганчар быў юрыстам, праўнікам добрага кшталту. Я бачыў, дарэчы, як ён працуе зь іншымі юрыстамі, якой ён вялікай павагай карыстаўся ў юрыстаў Расейскай Федэрацыі, у пэўных заказчыкаў, зь якімі ён сустракаўся ў маёй прысутнасьці. Ён мог мабілізаваць вялікую колькасьць юрыстаў на справу.
Вось я яго памятаю такім чалавекам. І калі ён выступаў супраць мяне, гэта ня значыць, што ён рабіў дрэнна. Яму здавалася, што ён шчыра робіць як мага лепей. Ён хацеў, каб мы хутчэй, вялікімі крокамі рухаліся да самастойнай, незалежнай Беларусі”.
Многія адзначалі, калі Віктар Ганчар яшчэ быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, што ў яго было нешта агульнае з Сабчаком, нават зьнешне, хаця Віктар значна маладзейшы.
(З.Ганчар: ) “Не, проста Сабчак быў выдатны спэцыяліст – юрыст, і аратар, безумоўна. І Віктар быў цудоўны юрыст, аратар. Але па-чалавечы – не.
Я некалі прачытала, што ён рэпэтыраваў, стоячы перад люстэркам. Гэта ж дзікунства! Я ніколі ня бачыла, каб ён нешта рэпэтыраваў. Яму гэта ня трэба было! Мне самой было цікава, калі пачаліся сэсіі ВС 12-га скліканьня, ён тады выкладаў у Наргасе.
Яго вельмі любілі студэнты. Мы жылі тады ў “маласямейцы”, і ў нас пастаянна валандаліся студэнты. Нам не было з кім пакінуць дзіцёнка, і мы пакідалі яго з тымі самымі студэнтамі, калі хацелі некуды пайсьці. Я вось думаю – за штосьці ж любілі студэнты свайго выкладчыка?”
(Тарас: ) “У яго быў імідж палітыка эўрапейскага стылю. Прынамсі, у зьнешнасьці. Ён заўсёды падкрэсьлена акуратны ў адзеньні, зашпілены, як кажуць, на ўсе гузікі, заўсёды паголены…”
(З.Ганчар: ) “Нават людзі, якія працавалі побач зь ім, падцягваліся. Я заўважала, што і кіроўца ў яго сядзеў у гальштуку, кашулі, у прасаваных штанах і чыстых чаравіках”.
(Тарас: ) “А сам ён любіў кіраваць машынай?”
(З.Ганчар: ) “Вельмі! Вельмі любіў сам гэта рабіць. Ён хацеў добрую машыну, але мы проста не маглі гэта сабе дазволіць. Ён добра водзіць машыну, ён вельмі спакойны і зь ім прыемна езьдзіць. Ён сам чалавек дастакова ўраўнаважаны. І адносіны да машыны ў яго былі як да каханай жанчыны…”
(Тарас: ) “Вы маглі б распавесьці якую-небудзь гісторыю з вашага сумеснага жыцьця зь Віктарам, у якой ён, на Вашую думку, раскрыўся для вас зь нечаканага боку?”
(З.Ганчар: ) “Ведаеце, калі чалавек вельмі стрыманы, іншым разам адбываецца нейкі выбух…
Ён пайшоў зь віцэ-прэм’ерства, мы паехалі на нейкую вечарыну… Не – перад тым, як сысьці!
Я яшчэ нічога ня ведала, але ўжо адчувала па ім, што нешта адбываецца, але ён мне нічога не казаў да апошняга моманту. І вось мы былі на вечарыне – гэта было за горадам. Хтосьці граў ці то на баяне, ці на акардэоне, і ён пусьціўся ў скокі…
Віктар – чалавек стрыманы ў кампаніі, і тут як пачаў мяне круціць, кідаць. Я думаю – усё: ці “крыша паехала”, ці яшчэ нешта будзе. І вось мы прыяжджаем дадому, і я так з боязьзю паглядаю на мужа – я да гэтага ніколі ня бачыла яго такім: нейкая неўтрыманая радасьць. І мы ўжо ляглі спаць, і я кажу – слухай, ну, што гэта такое з табой сёньня здарылася? А ён кажа: ты ведаеш, я заўтра сыходжу…
Ён вызваліўся, ён прыняў рашэньне! Гэта быў першы чалавек, які сышоў ад Лукашэнкі. На той момант мы ня ведалі, што нас чакае”.
Зінаіда Ганчар заўсёды была побач з мужам падчас выпрабаваньняў. Адно з самых цяжкіх – гэта 10 дзён за кратамі, калі Віктар трымаў сухую, перамагаючы зьдзекі й прыніжэньні.
(З.Ганчар: ) “Ён мне казаў: пасадзяць мяне – ты не скуголь! Нічога страшнага, выпусьцяць! Канечне, я вельмі перажывала за яго, шмат разоў прасіла ўсё гэта кінуць, таму што бачыла глупства, дурасьць усяго таго, што адбываецца.
Але напэўна, людзі, калі ідуць у палітыку, набываюць нейкую хваробу. Я хоць і скардзілася, разумела, што гэта цалкам ня мае сэнсу, таму што чалавеку настолькі падабаецца… Таму што нават мы, людзі, якія проста апынуліся побач, уцягнуліся ў гэта. А вы ўявіце мужчыну, які ставіць перад сабой мэту…
Хацелася, каб жыцьцё ў гэтай краіне было годным, таму што не такія ўжо мы дурныя. Чаму так усё адбываецца? Канечне, вельмі крыўдна. Мы пра гэта шмат размаўлялі, і я думаю, што калі б ня здарылася гэта… Зразумела, усё было пралічана, каб Віктара не было на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. Шкада. Вельмі шкада, бо людзі, напэўна, дагэтуль яшчэ не ўсьвядомілі, што насамрэч адбываецца”.
Запіс голасу Віктара Ганчара:
(Віктар Ганчар: ) “Хачу заявіць жорстка, цьвёрда і адназначна – мы будзем выконваць закон. Але на сёньняшні дзень склалася такая сытуацыя, што і мы прымусім выконваць закон”.