Вароны заходзяцца:
"Кар-р... Кар-р..." -
горла дзяруць у прарэджаным сасьняку.
Мне чуецца:
"Трэба краю кар
караць таго,
хто каравы кат".
І падае каркат,
як чорны град,
на расстраляны дол Курапат
за каўнер балючаму скразьняку.
А побач,
разрываючы на шматкі
час, што ахлынае нас,
газуюць, гізуюць,
як напаказ,
"варанкі",
"варанкі",
"варанкі".
І бензінавы перагар
душыць душы ў высьляпе фар...
Час!
Хаду прыпыні.
Чуеш,
у жудаснай цішыні,
як залп, як удар:
"Кар-р... Кар-р..."
(Пераклад Рыгора Барадуліна)