Article 2001-10-15


верш на свабоду
жыцьцё на свабоду
лёс на свабоду

я рыхтуюся мацую ў сабе
упэўненасьць
сёньня я буду свабоднай
я адпачну ад самотных думак

словы на свабоду
думкі на свабоду
мары на свабоду

я вырвуся і будзе ўсё надзвычайна
я буду моцнай і пасьлядоўнай

бо за свабоду патрэбная ахвяра
яна не жыве ў галечы
яна не жыве ў бяспраўі

за свабоду плацілі і жыцьці

у мяне зноў не хапіла моцы
які ўжо раз не хапіла моцы
яна зноў прамільгнула побач
гэтая няўлоўная птушка
я застаюся тут

каб зноў гаварыць зь сябрамі
як невыносна жыць у няволі
што вартыя рэчы каштуюць

няўлоўная дзіўная птушка
свабода проста так не даецца
за свабоду патрэбна ахвяра