Article 2001-09-02


Рэзідэнцыя прэзыдэнта -
недасяжная і важная.
Прысутнасьць ягоная
спавяшчаецца разьветраным сьцягам.
Ды дзесьці ў незьлічоных турмах
пад цапамі катаваньняў
зьняволеныя пісьменьнікі ня падаюць духам.
Як перапёлкі ў плеценых клетках,
перажываюць яны сваю лютаснасьць
у прысудах, якія гадамі доўжацца,
і мажліва гартаюць старонкі
пайкавай кнігі.
Галодныя пайкі скрозь,
павязкі на іхных вачох,
каб яны не маглі глядзець.
Гукі допытаў і катаваньняў,
праклёны, абразы брудныя
ламаюць іхныя косьці...
Целы звальваюць зноў у камэру перапоўненую.
Аніхто ня ведае, што ім сказаць давялося,
ім, заціснутым у ціскі лядовыя.
Бачылі вочы мае сьлёзы праз сьлёзы,
а язык вымаўляў словы, якія абпальваюць.
калі справа ясная,
давайце скажам проста:
гэта не дыялёг каханьня й нянавісьці,
гэта ў чыстым выглядзе дзяржаўная тыранія
на сыстэмным узроўні.
пашкоджаньне на пашкоджаньні,
удараў - легіён.
Ня падайце духам.
Тут можаце вы адказваць на пытаньні,
але там яны растлумачылі небясьпеку -
калі дэпрэсія - гэта затоены гнеў,
дык давайце выцягнем яго,
як хворы зуб мудрасьці
рукі дасьведчанага дантыста.
Калі быў бы я кнігай цытатаў
ці магнітафонам,
я перадаў бы вам іхныя сьмелыя словы,
болей чымся паэзію, чымся прозу,
але зараз, сканчаючы гэты верш,
я паціскаю руку вам, слухачу,
а яна не ў крыві.

(Пераклад Рыгора Барадуліна)