Article 2001-07-14


На дарозе, дзе няма ні знаку,
Дзе не разьмінуцца і дваім,
Я сустрэну раптам ваўкалака
І спынюся моўчкі перад ім.

Вочы ў вочы глянем з насьцярогай,
І па стоме цяжкай і журбе,
Доўгаю народжаных дарогай,
Кожны з нас пазнае ў іх сябе.

Азірніся, - ваўкалак мне скажа. -
Ты хіба не бачыш,
За сьпіной
Лівень часу, велічны і страшны,
Размывае шлях зваротны твой!

Усьміхнуся горка:
Я даволі
На зямлі пажыў сярод людзей
І шукаў ня золата, а волі,
Але там няма яе нідзе.

Што ж, - ён мовіць, - гэтую дарогу
Выбраў недарэмна ты, відаць.
Воля - тут.
Ды толькі больш - нічога.
За яе патрэбна ўсё аддаць.

Я ў былым і так усё пакінуў! -
Выдыхну і вусны задрыжаць. -
Адшукаю волю тут ці зьгіну -
Што згублю?
Няма чаго губляць!

- Але нам з табой не разьмінуцца
На дарозе гэтай аніяк!
Нехта мусіць збочыць ці вярнуцца.
Нехта - разумееш? - а не я!

Воля - гэта проста адзінота.
Адзінота - кара, а не дар.
Шлях мой - да людзей.
Ня знаю, хто ты.
Лепей збоч па-добраму.
Не дай

Стаць сабе дарэмнаю ахвярай.
Хопіць страшыць! - крыкну. - Замаўчы!
І пад ногі
Упадуць нам хмары,
І маланкі бліснуць, як мячы.

Гэта неба і зямля сальюцца
Там, дзе нас чакае небыцьцё.
Гэта ў бойцы поўнасьцю сатруцца
Межы паміж сьмерцю і жыцьцём.

…Год міне, і сто гадоў, і дзьвесьце.
Нехта іншы выйдзе на той шлях.
І прад ім, як пыл, падыме вецер
Двуадзіны нескароны прах.