Генік вярнуўся з апраметнай Расеі.
Браў там,
дзе з краніка проста ў кішэню сьцякалі грашыскі.
Колькі набраўся,
столькі пакінуў сяброўцы.
Так абдурыў ён Расею –
наняў у ахову жанчыну.
Генік вярнуўся з драпежнаю кайстрай – вандроўнік.
Сварыцца бацька:
ня бачыць крыжоў на магілах.
Хлопцы адтуль не вяртаюцца,
нават ў трунах.
Генік вучыў там законы –
ня жыў па законах.
Там выдаюцца.
там вучаць,
там прадаюцца законы,
там па законах нялюдзкіх жывуць.
Але Генік аб гэтым маўчыць.
Брату і братавай котцы майструе кватэру,
рай у гаёчку знаходзіць,
адхланьне ў касьцёле.
Генік Жыбар. Матыль.
Дыялектнае прозьвішча дзеда
польскі праўнік запольшчыў на Zyber,
расейскі зрасеіў на Жибер.
Тут адступае Расея.
Вяртаецца Польшча,
Зноў саступае Расеі,
Жыбару мейсца няма.
Генік – душа да нябёсаў маленькага краю –
чуе:
дзяды, бурдукі, бандары, супраны, махраі, скрагі, бурносы, шнакі, бакасы, пінчукі, карабаны, петрашы, самардакі, жамойды, габрушчыкі, жыбары, жыбары, жыбары, жыбары, жыбары…