Article 2001-05-15


Я – салдат. Баявыя патроны
Берагу. Прыхаваў і касу.
Пад харугваю дзядзькі Мірона
Варту вернасьці пільна нясу.

Досыць хмарыцца небу і сонцу –
Веснавы загудзеў крыгалом,
Баявыя сябры-каліноўцы
Зноў чужацкі руйнуюць паход.

Сьцяг узьвіўся зранёны, караны,
Гневам праведным сьцяты кулак –
На калені, Юдак-вурдалак!
Разгінайся народзе забраны!

Судны дзень грыміць з высяў дазорных,
Пад'ярэмны руйнуецца друз –
На бальшак разьняволена-зорны
Пераможна ступіў беларус.

Нашчадзь крыўская цьвёрдай пароды,
Крышыць рогі глумлівай брыдзе,
Хай усьцешацца брацьця-народы:
Хто гасьцінцам свабоды ідзе!