Article 2001-02-20


Волю скручваюць страхам сьмерці.
Долю высьпеліць страта страху.
Хто здалее пятлю разьдзерці,
Уратуе душу ад краху.

Страх накідваюць, як аркан,
Бессаромна рабуюць людзтва,
Антынацыянальны экран
Палівае народ паскудствам.

Быдла стала людзей судзіць,
Не збыдлеў – глядзяць, як на дзіва.
Ды вачыма дзяцей глядзіць
Абязьвечаная радзіма.

Ці адчуе пякельны жар
Хто чужынкай гвалтуе мову,
Хто аплёўвае Божы дар
І калечыць жывое слова?

З гэтым словам нас Бог пусьціў
У сусьветы сваіх абшараў.
Хто пачвар на зямлі пладзіў,
Ці пазьбегне суда і кары?

Варта людзка пражыць свой век,
Не падлізваць, ня поўзаць ракам,
Каб сказалі: "Памёр чалавек",
А то скажуць: "Падох сабака".