Цяпер ты можаш піць нагбом уладу
і марнатравіць людзкія надзеі,
але надыдзе час, і возьме плату
зь цябе народ за ўсе ліхія дзеі.
Надыдзе час, і люд захоча праўды.
І то ня ўсю, а толькі тую з праўдаў,
дзе не народ падманвацца быў рады,
а ты яго бязьлітасна падманваў.
Надыдзе час, і люд захоча праўды.
І нават не яе, а толькі ведаў,
што зло не абмінула пакараньне,
і першым той, хто сам з дубінкай бегаў,
якраз цябе абвінавачваць першым стане.
Надыдзе час, і люд захоча праўды.
І нават не яе, а толькі помсты,
за тыя беды і за тую беднасьць,
куды завёў ты грамадзянаў простых.
А з помстай да людзей прыходзіць еднасьць.
І мо на гэтай, зыбістай хоць, глебе
паўстане нацыя.
І нацыя паўстане.
І прага не відовішчаў ці хлеба,
а прага волі кіравацьме тым паўстаньнем.
І гледзячы, як гмах тваёй улады,
пераўтвараецца ў магільны камень,
адкрыеш ты, што жорсткі Бог расплаты
жыве ў табою зруйнаваным Храме.