Article 2001-01-06


Мы жылі ў велізарнай краіне
І краіны ня мелі сваёй.
І, як мошкі ў густой павуціне,
Мы зьнікалі, самотна, у ёй.

Мы зьнікалі, як жоўтае лісьце,
Як трава на сьцяжынах людзкіх.
І мы зьніклі б, як зьнікла калісьці
Атлянтыда ў глыбінях марскіх.

Мы жылі ў азіяцкай краіне,
Той краіны даўно ўжо няма,
Як лістоты няма на асіне,
Калі ў сьвеце ўладарыць зіма.

Я ня плачу па тым, што мінула,
Як ня плачуць крыжы на кладах.
Ува мне мая цемра заснула,
Ува мне разгараецца Шлях…