Фінская школа была прызнанай найлепшай у навучаньні пісьменнасьці, яна таксама ўвайшла ў пяцёрку лепшых у матэматыцы і дакладных дысцыплінах.
Звонку яна мала чым розьніцца ад школ у іншых краінах: у Фінляндыі дзеці пачынаюць вучыцца ад 7 гадоў, там няма нейкіх асаблівых праграмаў для адораных дзяцей, колькасьць вучняў у клясе каля 30, а на аднаго навучэнца выдзяляецца 5 тысяч даляраў на год.
У аналізе, падрыхтаваным у верасьні летась Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, Фінляндыя ачольвае сьпіс з 31 краіны. Аналіз зроблены паводле вынікаў тэставаньня 15-гадовых вучняў грамадзкіх і прыватных школ.
Некаторыя рэцэпты посьпеху фінскай адукацыйнай сыстэмы могуць быць экспартаваныя, прыкладам, індывідуальны падыход да навучаньня кожнага школьніка. Асобныя ж кампанэнты сыстэмы не прыдатныя для іншых нацыяў – насельніцтва краіны невялікае, аднароднае і з высокім дабрабытам.
Фінляндыя таксама вылучаецца з шэрагу іншых краінаў высокім прафэсійным узроўнем і сацыяльным статусам настаўніка. Усе настаўнікі ў Фінляндыі павінны мець найменей ступень магістра. І хоць заробкі настаўніка ня большыя, чым у іншых краінах, прафэсія зьяўляецца прэстыжнай. Жадаючых трапіць у пэдагагічныя ўнівэрсытэты значна болей, чым могуць даць месцаў унівэрсытэты.
Прафэсіяй нумар адзін назвалі настаўніцтва ў апытаньні й фінскія школьнікі.
Школа ў гарадку Суутарыле – тыповая для Фінляндыі: вясёлая, добра асьветленая і абагрэтая. Тут вучыцца каля 500 чалавек. Дзеці уваходзяць у школу, здымаюць свае боты-сьнягоўцы і застаюцца ў шкарпэтках.
Пасьля кожных сарака пяці хвілін вучобы вучні выпускаюць пару на вуліцы, іншыя граюць на электрагітарах ці б’юць у бубны. Тэорыю ім пачынаюць выкладаць даволі позна, а спачатку дзеці далучаюцца да ведаў праз гульню. Існуе і падрыхтоўчая кляса для шасьцігадовых. Паколькі многія жанчыны ў Фінляндыі маюць працу па-за домам, дзеці застаюцца ў клясах падоўжанага дня.
Дзеці вучацца чытаць у 7-гадовым узросьце. І на пачатку адстаюць у чытанцы ад сваіх равесьнікаў у іншых краінах. Але затым значна апярэджваюць іх. Экспэрты гавораць пра добрую традыцыю ў фінскіх сем’ях чытаць дзецям, пераказваць фальклёрныя казкі і наведваць бібліятэкі. А, падрастаючы, дзеці глядзяць тэлепраграмы і кінафільмы з субтытрамі, часта ангельскімі. (У Фінляндыі практычна няма практыкі дубляжу). Такім чынам, дзеці глядзяць фільм на замежнай мове і адначасна чытаюць субтытры па-фінску.
Школы абавязаныя прытрымлівацца агульнанацыянальных праграмаў, але ў выбары шляхоў навучаньня яны свабодныя. Можна карыстацца падручнікамі, а можна і не. Можна выкладаць у зачыненых памяшканьнях і на адкрытым паветры, у вялікіх групах дзяцей і малых. Паколькі няма праграмаў для асабліва адораных дзяцей, то настаўнікі самі могуць прыдумваць больш складаныя заданьні для іх.
Абавязковыя дзьве замежныя мовы: швэдзкая паводле закону (краіна мае дзьве дзяржаўныя мовы – фінскую і швэдзкую), а другая замежная мова ў бальшыні выпадкаў – ангельская.
Абавязковымі прадметамі зьяўляюцца мастацтва, музыка, фізкультура. Праца па дрэву, а таксама шыцьцё і вязаньне – абавязковыя і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак. Гарачыя і здаровыя сьняданкі ў фінскіх школах бясплатныя.
Натуральна, фінскія школы добра кампутарызаваныя, і вучням створаныя ўмовы заставацца пасьля ўрокаў у школах і выконваць там хатнія заданьні.