У ІРАКУ ПРАЦЯГВАЮЦЦА КРЫВАВЫЯ СУТЫЧКІ

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Падзеі, якія разгарнуліся ў Іраку ў мінулую нядзелю, могуць істотна паўплываць на працэс стабілізацыі ў гэтай краіне. У Вашынгтоне наўздагон падзеям раздаліся заклікі сэнатараў адтэрмінаваць перадачу ўлады іракцам, прызначаную на 30 чэрвеня. На думку кіраўніка сэнацкага камітэту ў міжнародных стасунках рэспубліканца Рычарда Лугара, іракцы ня змогуць даць рады з уладай самі, і ў краіне можа распачацца грамадзянская вайна. Зь ім пагаджаюцца і сэнатары-дэмакраты.

Рэч у тым, што раней па амэрыканцах стралялі суніты, якія былі апірышчам рэжыму Садама Хусэйна. Шыіты ж, якія складаюць 60% насельніцтва Іраку, у свой час падтрымалі зьвяржэньне рэжыму Садама і пазьбягалі актаў гвалту, аддаючы перавагу вулічным пратэстам і палітычным манэўрам.

Але вось жа ў нядзелю малады (яму прыкладна 30 гадоў) шыіцкі сьвятар Мактада Садр, які актыўна выступае супраць супрацоўніцтва іракцаў зь сіламі кааліцыі, выпусьціў заяву, у якой гаварылася, што дэманстрацыі сталі беспрадметнымі, а таму трэба тэрарызаваць акупантаў. Вынікам сталіся ўзброеныя сутычкі паміж шыітамі й сіламі кааліцыі.

Пакуль што ня ўсе шыіты вядуць барацьбу з кааліцыяй. Іх галоўны духоўны правадыр аятала Алі Сістані заклікаў сваіх прыхільнікаў да спакою. Аднак, назіральнікі пагаджаюцца ў меркаваньні, што калі сутычкі паміж акупацыйнымі войскамі і пасьлядоўнікамі Садра пяройдуць у зацяжныя баі, дык асноўнай масе ірацкіх шыітаў прыдзецца рабіць выбар паміж варагуючымі бакамі.

Варта адзначыць, што рост аўтарытэту яшчэ нядаўна зусім не вядомага Садра мае падставы. Сын вядомага шыіцкага сьвятара, забітага агентамі ірацкага ўраду ў 1999 годзе, з падзеньнем баасісцкага рэжыму працягнуў справу бацькі ў дабрачыннасьці. Ужо ў першыя дні пасьля пачатку вайны ягоныя прыхільнікі ўзяліся патруляваць вуліцы бедных шыіцкіх кварталаў Багдаду і раздаваць харчаваньне галодным. Ягонае імя ўжо мае выразнае гучаньне ўлады: шыіцкі раён Багдаду, што раней называўся Садам-сіці, цяпер перайменавалі ў Садр-сіці. Садр ужо пасьпеў стварыць ваенізаваную групоўку “Войска Мэхдзі”, абвесьціў пра стварэньне ўраду, альтэрнатыўнага прызначанай амэрыканцамі ірацкай кіроўнай радзе. Праўда, далей за заяву справа не пайшла. Малады сьвятар мае харызму – ягоныя палымяныя прамовы з заклікамі да вяршэнства ісламскага закону і зваротам да нацыянальнай годнасьці іракцаў, выклікаюць энтузіязм у маладых людзей.

Такім чынам, небеспадстаўнымі падаюцца меркаваньні назіральнікаў пра раскол сярод шыітаў і пра магчымасьць грамадзянскай вайны. Таму заклікі сэнатараў пачакаць зь перадачай улады іракцам пададуцца ў Вашынгтоне вельмі актуальнымі. Што тычыцца другога варыянту – выхаду зь Іраку – то да яго амаль ніхто там не заклікае.