ЦІ СТАЛА ЗЬМЕНА ЎЛАДЫ Ў ГІШПАНІІ ПЕРАМОГАЙ ТЭРАРЫСТАЎ?

Віталь Цыганкоў, Прагау

За некалькі дзён да галасаваньня гішпанская правацэнтрысцкая кіроўная Народная партыя, здавалася, ізноў, трэці ўжо раз, пераможа на парлямэнцкіх выбарах. Аднак за тры дні да галасаваньня раздаліся чатыры выбухі ў цягніках у Мадрыдзе, забраўшы жыцьці 200 чалавек. Доказы і сьведчаньні кажуць, што тэракты былі ўчыненыя ісламскімі тэрарыстамі – як пакараньне гішпанскага ўраду за падтрымку апэрацыі ЗША ў Іраку.

Праз тры дні пасьля тэрактаў выбарнікі адвярнуліся ад Народнай партыі і аддалі свае галасы сацыялістам. Іхны лідэр, Хасэ Луіс Радрыгес Сапатэра, ужо заявіў, што Гішпанія вывядзе свае войскі з Іраку да 30 чэрвеня. Гэты факт прымусіў некаторых назіральнікаў зрабіць бязьлітасную выснову – тэрарысты бомбамі дасягнулі сваіх палітычных мэтаў і нават пахіснулі вынік дэмакратычных выбараў. Вось меркаваньне Пола Вілкінсана, кіраўніка цэнтру дасьледаваньня тэрарызму і палітычнага гвалту ў Сэйнт-Андэрсе, Шатляндыя.

(Вілкінсан: ) “Я ня ўпэўнены, што яны дакладна маглі ведаць, як будзе рэагаваць урад. Але яны напэўна былі здольныя ацаніць, што грамадзтва будзе занепакоенае наконт будучых нападаў, калі гішпанскі ўрад ня зьменіць сваю пазыцыю. Так што іхняя мэта была прывесьці да зьменаў гішпанскай палітыкі наконт Іраку. І вы павінны прызнаць, што яны сапраўды прывялі да такіх зьменаў”.

Аднак пэсымістычная думка, што вынікі галасаваньня ўяўляюць сабой перамогу тэрарыстаў, далёка не адзіны пункт гледжаньня. Пазытыўны погляд кажа, што на самой справе спрацавала “дэмакратыя ў дзеяньні” – выбарнікі адвярнуліся ад партыі, чыя палітыка наконт Іраку была непапулярная сярод 90% насельніцтва.

Іншыя аналітыкі кажуць, што гішпанцы раззлаваліся на папярэдні ўрад за імкненьне да апошняга моманту даказваць, што выбухі былі справай рук баскскіх сэпаратыстаў. Аднак сама ідэя, што тэрарысты спрабуюць уплываць на вынікі выбараў, можа заахвоціць іх на нанясеньне наступных удараў. Сёлета выбары адбудуцца ў ЗША і Вялікай Брытаніі. Вось што з гэтай нагоды кажа Гелен Уолес –экспэртка эўрапейскай палітыкі з Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Флярэнцыі.

(Уолес: ) “У многіх эўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Брытаніі, мы прызвычаіліся да тэрарыстычных інцыдэнтаў рознай ступені. У Брытаніі мы маем доўгі досьвед ірляндзкага і блізкаўсходняга тэрарызму. Але відавочна тое, што адбылося ў Мадрыдзе, было такога жахлівага маштабу, зь якім мы пакуль тут не сутыкаліся, і людзі вельмі занепакоеныя з-за гэтага. Таму кожная эўрапейская краіна мусіць падвоіць свае спробы, каб абараніцца супраць вельмі складанага ворага”.

Кіраўнік польскага агенцтва выведкі Зьбігнэў Семянткоўскі заявіў, што Польшча можа стаць мішэньню для тэрарыстычных атакаў, паколькі мае свае войскі ў Іраку. Семянткоўскі заклікаў палякаў быць пільнымі, адзначыўшы, што пакуль ані большасьць насельніцтва, ані спэцслужбы дастаткова не гатовыя да магчымых нападаў.