(Йейтс: ) “Выбарчы працэс ў цэлым неадэкватна адпавядаў прынцыпам, неабходным для здаровай дэмакратычнай выбарчай кампаніі. Істотныя элемэнты абавязацельстваў АБСЭ, стандартаў АБСЭ для дэмакратычных выбараў такія як жывая палітычная дыскусія і адкрыты плюралізм адсутнічалі”.
Так сказаў кіраўнік групы міжнародных назіральнікаў на выбарах у Расеі Джуліян Піл Йейтс. А вось назіральнікі ад краінаў СНД, якія працавалі ў 68 рэгіёнах РФ, прызналі выбарчы працэс свабодным, дэмакратычным і справядлівым.
Кіраўнік групы назіральнікаў ад СНД Юры Яраў заявіў толькі пра нязначныя недахопы, якія не паўплывалі на вынікі выбараў.
На Захадзе ж ацэнкі адносна расейскай выбарчай кампаніі больш жорсткія. У прыватнасьці Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл, гаворачы пра вынікі расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў, выказаў занепакоенасьць з нагоды ўмоваў перадвыбарчай кампаніі, маючы на ўвазе на ўвазе перш за ўсё абмежаваны доступ да СМІ пяці кандыдатам, якія супрацьстаялі Ўладзіміру Пуціну.
(Паўэл: ) “Паколькі на гэтых выбарах у прэзыдэнта Пуціна была настолькі вялікая перавага, і ён насамрэч падабаецца расейскаму народу, то незразумела навошта было рабіць такія намаганьні, каб ня даць кандыдатам ад апазыцыі прыняць поўнавартасны ўдзел у выбарчым працэсе,”
Паўэл зазначыў, што пакуль гэта не азначае канец дэмакратыі ў Расеі, але міжнародная супольнасьць ня можа прызнаць Расею як “поўную дэмакратыю”.
У справаздачы ЦРУ амэрыканскаму Кангрэсу з нагоды выбараў у Расеі зазначаецца, што пасьля пераабраньня Пуціна Расея будзе праводзіць больш цьвёрдую і ўпэўненую палітыку у адносінах да суседніх дзяржаваў, такіх як Грузія і Ўкраіна і не адмовіцца ад працягу вайны ў Чачні.
Улада ў Расеі будзе канчаткова цэнтралізаваная, дзяржава можа зрабіць новыя спробы абмежаваць грамадзянскую супольнасьць і паставіць пад свой кантроль буйны бізнэс, лічаць у ЦРУ.
Сам Уладзімер Пуцін адразу і рашуча адрынуў крытыцызм ЗША:
(Пуцін: ) “Некаторыя людзі ў чужым воку трэсачку бачаць, а ў сваім – бервяна не заўважаюць. У многіх краінах так званай разьвітой дэмакратыі таксама шмат праблемаў з гэтай самай дэмакратыяй. У тым ліку – у выбарчых працэдурах”.
Адна з кандыдатаў, якія прайгралі Ўладзімеру Пуціну, Ірына Хакамада з Саюзу правых сілаў, гэтак сказала пра свае пляны на будучыню:
(Хакамада: ) “Я займуся праблематыкай звычайных людзей. Я ўпэўненая, што ў гэтым была памылка правых. Занадта шмат займаліся бізнэсам і зусім забылі, што рынак, свабода і дэмакратыя павінны сумяшчацца з нармальнымі заробкамі для афіцэраў, салдат, лекараў, настаўнікаў, дастойнымі пэнсіямі для пэнсіянэраў дапамогай для дзяцей і сем’яў. І таму народ вырашыў, што каб атрымаць нармальнае жыцьцё, патрэбна адмовіцца ад сваіх свабод”.
Такія высновы з выбараў зрабіла Ірына Хакамада.