ДЭПУТАТЫ ГРУПЫ “РЭСПУБЛІКА” ВЯРНУЛІСЯ ЗЬ ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ

Уладзімер Глод, Менск

Перадусім беларускія дэпутаты сустракаліся са сваімі калегамі, сярод якіх быў і лорд Понсанбі — сябра адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Асноўная гаворка вялася пра становішча ў Беларусі і парлямэнцкія выбары, што маюць адбыцца сёлета восеньню. Сябры групы “Рэспубліка”, паводле Ўладзімера Парфяновіча, падкрэсьлівалі, што клапаціцца пра адпаведнасьць выбарчай кампаніі міжнародным дэмакратычным стандартам трэба ўжо цяпер.

(Парфяновіч: ) “Мы неаднаразова абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Мы ставім сёньня нашую ўзаемную працу так, каб прадстаўнікі замежных парлямэнтаў выказаліся сёньня, а не пасьля, калі выбары ўжо пройдуць. Мы ставім пытаньне так: калі ў Беларусі ня будуць унесеныя зьмяненьні ў Выбарчы кодэкс, то ўжо сёньня патрэбна казаць: выбары ў Беларусі будуць сфальсыфікаваныя, а не канстатаваць пасьля, што выбары ў Беларусі прайшлі недэмакратычна. Таму асноўная задача, каб пра Беларусь вялася дыскусія”.

Сябры групы “Рэспубліка” распавялі, што ніхто зь іхных суразмоўцаў не прапаноўваў уводзіць эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, паколькі ад гэтага можа пацярпець насельніцтва. Але ж замежнай палітыкі Беларусі яны не падтрымліваюць, падкрэсьлівае Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Яны гавораць: як так, чаму вы праводзіце палітыку самаізаляцыі? Ну, каму гэта патрэбна?! Як з вамі весьці размовы, калі вы не прытрымліваецеся нават тых прапановаў, пад якімі стаяць подпісы прадстаўнікоў уладаў Беларусі? Канечне, яны ня хочуць прадпрымаць эканамічных санкцыяў. Але яны адзначаюць: калі мы такімі тэмпамі будзем аб’ядноўвацца з Эўропай, дык тады мінімум праз дваццаць гадоў можа паўстаць пытаньне пра далучэньне Беларусі да складу Эўразьвязу”.

Вельмі цёплымі засталіся ў дэпутатаў групы “Рэспубліка” ўражаньні ад сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Гаворыць Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Аж сьлёзы наварочваюцца на вочы, калі ты размаўляеш з тымі людзьмі, якія любяць беларускую мову, якія размаўляюць на беларускай мове…”