ЯК СЫХОДЗЯЦЬ ПРЭЗЫДЭНТЫ

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Ва ўсьведамленьні людзей, якія спэцыяльна не займаюцца палітыкай, Паўдзённая Карэя выглядае перадусім, эканамічна стабільнай, заможнай, дэмакратычнай. З падзеяў 1996 году ў Беларусі мы ведаем, што абвесьціць імпічмэнт кіраўніка дзяржавы ня так проста, патрэбныя вельмі моцныя абвінавачаньні і моцная воля парлямэнтароў. Дык што ж адбылося ў Паўдзённай Карэі?

Прэзыдэнта абвінавацілі ў некампэтэнтнасьці і незаконнай падтрымцы сваёй партыі ў часе выбарчай кампаніі. Таксама яму інкрымінавалі, што ён дапусьціў карупцыю сярод свайго атачэньня. Паўнамоцтвы прэзыдэнта адразу ж пасьля галасаваньня ў парлямэнце былі прыпыненыя, і цяпер канчатковае рашэньне аб ягонай адстаўцы будзе вырашаць канстытуцыйны суд. На гэтую працэдуру можа пайсьці да шасьці месяцаў. І ў гэты пэрыяд выконваць абавязкі прэзыдэнта будзе прэм’ер-міністар краіны Го Кун.

Зь лёгкасьцю ніхто не адмаўляецца ад улады. І ў Сэўле абмеркаваньне ў парлямэнце адбывалася вельмі драматычна, яно вылілася ў бойку паміж апазыцыйнымі дэпутатамі і прыхільнікамі прэзыдэнта. Бойкі адбываліся і ля сьценаў будынку парлямэнту. Напярэдадні галасаваньня Но Му Хен зрабіў спробу прызнаць сваю віну і папрасіў прабачэньня ў краіны. Але апазыцыя не прыняла прабачэньня, і за імпічмэнт прагаласавалі 193 дэпутаты, супраць былі толькі двое. Тут дзеля справядлівасьці скажу, што ў парлямэнце болей за дзьве траціны месцаў належаць прадстаўнікам апазыцыйных партыяў. Но Му Хен пасьля галасаваньня назваў тое, што адбылося “дзяржаўным пераваротам”, а 47 заканадаўцаў – ягоных прыхільнікаў – на знак пратэсту заявілі, што спыняюць працу ў парлямэнце.

Сёньня паўдзённакарэйская паліцыя перайшла на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы. Да будынку парлямэнту, дзе мітынгуюць сотні людзей, сьцягнутыя дадатковыя сілы спэцназу. А наступствы імпічмэнту не прымусілі сябе доўга чакаць. Імкліва пачалі падаць катыроўкі акцыяў вядучых кампаніяў краіны, упаў і курс нацыянальнай валюты. Так што на прэм’ер-міністра Го Куна, які цяпер выконвае і абавязкі прэзыдэнта, кладзецца асаблівая адказнасьць. Вось што ён сёньня заявіў:

(Го Кун: ) “Цяпер, калі імпічмэнт адбыўся, кабінэт адчувае цяжкую адказнасьць. Шмат грамадзянаў адчуваюць сябе няўпэўнена, таму прадстаўнікі ўсіх узроўняў улады, гэтаксама як сябры кабінэту, павінны выконваць свае абавязкі рашуча і без хістаньняў”.

Гэтыя падзеі адбываюцца ў Азіі. Тым часам сэйм суседняй зь Беларусяй эўрапейскай Літвы таксама наладзіў працэс імпічмэнту прэзыдэнта Паксаса, якога вінавацяць у парушэньнях канстытуцыі.

А на амэрыканскім кантынэнце – ў Вэнэсуэле – апазыцыя патрабуе рэфэрэндуму аб даверы прэзыдэнту Ўгу Чавэсу. Выглядае, што мы назіраем тэндэнцыю дэмакратызацыі сьвету – вырашэньня праблемы зьмены ўлады канстытуцыйным шляхам, а не гвалтоўнымі пераваротамі і разбурэньнямі, як гэта здарылася апошнімі тыднямі на Гаіці.