ДЭМАГРАФІЧНЫ ДЫСБАЛЯНС У КІТАІ МОЖА ВЫКЛІКАЦЬ СУР’ЁЗНЫЯ САЦЫЯЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Афіцыйныя статыстычныя дадзеныя засьведчылі, што ў 2002 годзе на кожных 100 дзяўчынак нараджалася 117 хлопчыкаў. Калі гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца, то да 2020 году ў Кітаі мужчын будзе на 40 мільёнаў болей, чым жанчын. А гэта, як папярэджваюць экспэрты ў дэмаграфіі, будзе мець сур’ёзныя сацыяльныя наступствы. Перадусім, вырасьце колькасьць злачынстваў на сэксуальнай глебе – згвалтаваньняў, прастытуцыі, выкраданьня жанчын, шлюбаў паводле разьліку. У Кітаі таксама расьце колькасьць абортаў, калі маецца нарадзіцца дзяўчынка. А гэта мае дрэнныя фізычныя і эмацыйныя наступствы для жанчын.

Гэтая статыстыка сталася шокам для палітыкаў, якія заяўляюць, што патрабуюцца тэрміновыя дзеяньні. Тым болей, што дыспрапорцыя паміж мужчынамі і жанчынамі становіцца ўсё болей і болей сур’ёзнай, асабліва ў сельскіх раёнах. Гэтаму паспрыялі дасягненьні мэдычнай тэхнікі. Як толькі з дапамогай ультрагуку стала мажлівым даведвацца пра пол будучага дзіцяці, павялічылася колькасьць абортаў у выпадках, калі жанчыны даведваліся, што народзяць дзяўчынку. Гэта пацьвярджаюць і прадстаўнікі жаночых арганізацыяў. Праўда, паводле кітайскіх законаў, у плянаваньні сям’і раскрываць пол эмбрыёну забаронена, але новая тэхналёгія выкарыстоўваецца пры вызначэньні стану здароўя будучага дзіцяці, і інфармацыя пра пол раскрываецца.

На думку прадстаўнікоў руху за жаночыя правы, у вясковых людзей захоўваецца моцнае перакананьне, што лепш мець хлопчыка. І ва ўмовах, калі дазваляецца мець толькі адно дзіця, кітайцы забіваюць ненароджаных дзяўчынак.

Дзіцячыя прытулкі ў Кітаі таксама перапоўненыя дзяўчынкамі. Гэты факт стаў шырока вядомым на Захадзе, і бязьдзетныя людзі адтуль прыяжджаюць у Кітай, каб забраць пакінутых дзяцей.

Паводле статыстыкі, у асобных вясковых рэгіёнах і ў паўдзённых правінцыях, сытуацыя яшчэ горшая – суадносіны народжаных хлопчыкаў да дзяўчынак дасягае 130 да 100.