ЦІ НАВЯДУЦЬ АМЭРЫКАНСКІЯ РЭЗЭРВІСТЫ ПАРАДАК У ІРАКУ?

Вольга Караткевіч, Прага

Пэнтагон абвесьціў амбітную праграму ратацыі войскаў у Іраку. Такім чынам плянуецца аказаць дапамогу цяперашнім амэрыканскім жаўнерам у Іраку, якія павінныя ня толькі ваяваць, але і аказваць міратворчую місію. Гэтая місія аказалася больш крывавай, чым чакалася.

Буйная ратацыя і адпраўка менш дасьведчаных вайскоўцаў з Нацыянальнай гвардыі і рэзэрвістаў выклікаюць сумнеў што да бясьпекі салдатаў ды іхнай здатнасьці ўсталёўваць парадак. 40% жаўнераў, якіх пашлюць у Ірак, фактычна зьяўляюцца дзяржаўнымі апалчэнцамі, часовымі вайскоўцамі, якія праходзяць падрыхтоўку ў выходныя і на працягу двухтыднёвых збораў. Цяперашняя колькасьць такіх амэрыканскіх жаўнераў у Іраку – 20%.

Ці нерэгулярная падрыхтоўка жаўнераў ня стане для іх праблемай у сутычках з паўстанцамі і ў пытаньні культурнай розьніцы з краінай, дзе ім прыйдзецца ваяваць? “Не”, – адказвае Джэк Спэнсэр, аналітык у справах абароны і нацыянальнай бясьпекі прыватнага дасьледнага цэнтру ў Вашынгтоне Heritage Foundation. І тлумачыць гэта тым, што розьніца паміж салдатамі з гвардыі, рэзэрвістамі і салдатамі рэгулярнага войска – толькі ў працягласьці падрыхтоўкі для выкананьня місіі. У часе працы яны добра каапэруюцца і дапаўняюць адно аднаго.

Паводле Спэнсэра, няправільна прадстаўляць чальцоў гвардыі і рэзэрвістаў проста як часова абавязаных салдатаў. Іхная роля вельмі ўзрасла ў апошнія дзесяцігодзьдзі. Гэта пачалося зь першых дзён кіраваньня адміністрацыі Біла Клінтана і разьвівалася ў часе акцыяў у Самалі, на Балканах, а цяпер у Афганістане ды Іраку.

(Спэнсэр: ) “Пакажэце мне вайскоўца з Нацыянальнай гвардыі, які за апошняе дзесяцігодзьдзе не правёў бальшыню часу на службе? Гвардыя і рэзэрвісты сёньня адрозьніваюцца ад стэрэатыпнага ўяўленьня пра іх. Апрача таго, што яны трэніруюцца ў выходныя і два тыдні за год, яны яшчэ шмат месяцаў на год нясуць вайсковую службу”.

Іншы экспэрт – Тэд Гален Карпэнтэр – трансфармацыю рэзэрвістаў ня бачаць такой гладкай. Карпэнтэр – віцэ-прэзыдэнт аддзелу абаронных і замежных пытаньняў Інстытуту Като, яшчэ аднаго прыватнага цэнтру Вашынгтону. Паводле яго, шырэйшае выкарыстаньне сілаў Нацыянальнай гвардыі і рэзэрвістаў азначае, што вялікая частка амэрыканскіх жаўнераў у Іраку будзе менш падрыхтваная да небясьпекі і сілы апынуцца ў большай рызыцы. “Таму,” – робіць выснову Карпэнтэр, – “плян ратацыі Міністэрства абароны ЗША створыць вялікія праблемы для амэрыканскіх войскаў у Іраку”.

Карпэнтэр адзначае і праблему разуменьня спэцыфікі ірацкай культуры, актуальную й для цяперашніх амэрыканскіх сілаў, якія знаходзяцца ў Іраку шмат месяцаў. Высыланьне туды пачаткоўцаў толькі абвострыць непаразуменьні паміж ірацкім насельніцтвам і амэрыканскімі акупацыйнымі сіламі. Тэд Карпэнтэр уважае, што для таго, каб падтрымаць хаця б мінімальна добрыя стасункі з іракцамі, амэрыканскім жаўнерам трэба прайсьці мінімальны курс усталяваньня міжкультурных дачыненьняў. Тыя салдаты, якія ў Іраку цяпер, магчыма, і могуць у гэтым дапамагчы перад ад’ездам, але ня здатныя зрабіць гэта напоўніцу.