Прэсавы сакратар галоўнага камэнданта Службы аховы межаў Польшчы палкоўнік Яраслаў Жуковіч паведаміў Радыё Свабода, што ў параўнаньні зь верасьнем – апошнім месяцам перад увядзеньнем візаў, у кастрычніку Польшчу наведалі прыкладна на палову меней грамядзянаў Беларусі.
Лістападаўскіх дадзеных пакуль няма, але, паводле папярэдніх падлікаў, яны павінны выглядаць больш аптымістычна.
У сваю чаргу колькасьць палякаў, што наведваюць Беларусь, скарацілася на 30%.
Між тым у Польшчы ад зьмяншэньня колькасьці беларускіх турыстаў церпяць перадусім бізнэсоўцы з памежных рэгіёнаў, чыя гаспадарчая дзейнасьць у некаторых выпадках цалкам ськіраваная на спажыўцоў з Усходу.
Гаворыць старшыня Зьвязу гандляроў, вытворцаў і працаўнікоў сфэры паслугаў у Беластоку Аляксандра Аніська.
(Аніська: ) “Увядзеньне візаў паўплывала на прыбыткі нашых прадпрымальнікаў вельмі нэгатыўна. Асабліва тых, хто гандлюее на кірмашах. Прычым праблемы маюць ня толькі прадпрымальнікі, якія гандлююць танным аддзеньнем ці харчамі, але і, прыкладам, ювэлірныя крамы. Гандлёвыя абароты значна зьнізіліся”.
(Карэспандэнт: ) “Ці можна казаць, што апошнім часам сытуацыя паволі выпраўляецца?”
(Аніська: ) “Некаторыя прызнакі паляпшэньня сытуацыі ёсьць, але да таго ўзроўню, што быў да ўвядзеньня візаў яшчэ вельмі далёка”.
У Міністэрстве замежных справаў Польшчы паведамілі, што факт павольнага аднаўленьня давізавай колькасьці беларускіх турыстаў, што наведваюць суседнюю краіну ня варта драматызаваць. Гаворыць намесьнік дырэктара дэпартаманту інфармацыі польскага МЗС Яраслаў Дрозд.
(Дрозд: ) “Да 17 лістапада мы выдалі беларусам больш за 60 тысячаў візаў. Зьвярну ўвагу, што гэта перавышае колькасьць перасячэньняў польскай мяжы грамадзянамі Беларусі, значыць некаторыя беларусы яшчэ не скарысталіся з ўжо зробленых візаў. Нашыя консульствы працуюць на ўсю моц і візу атрымаць можа практычна кожны. Таму мы ня лічым, што памежны рух чакае нейкая катастрофа, і мы не занепакоеныя сытуацыяй на мяжы”.
Колькасьць беларусаў, што прыяжджаюць у Польшу, напэўна магла б павялічыцца, калі б візы былі больш танныя. Напряэдадні міністар замежных справаў Польшчы Влодзімеж Цімашэвіч заявіў, што ягоная краіна гатовая зьменшыць кошты польскіх візаў для беларусаў удвая, але калі беларусі бок зробіць тое самае.
Вось як пракамэнтаваў прапанову польскага міністра для Радыё Свабода амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка.
(Латушка: ) “Афіцыйна ніякіх прапановаў да нас не паступала, таму гаварыць няма пра што. Мы яшчэ раней, у часе абмеркаваньня ўмоваў дзеючай дамовы аб візавым рэжыме, прапаноўвалі ўвесьці 50% зьніжкі на кошт візаў для жыхароў памежных раёнаў, але польскі бок тройчы нам адмовіў. Калі Варшава гатовая вярнуцца да абмеркаваньня гэтай прапановы магчымасьці – мы чакаем афіцыйных прапановаў.”
Тымчасам Яраслаў Дрозд зь міністэрства замежных справаў Польшчы паведаміў нашаму радыё, што польскі бок ня будзе першым афіцыйна прапаноўваць Беларусі зьніжэньне цаны візаў, бо яны ўжо рабілі гэта яшчэ ў часе перамоваў у справе падпісаньня пагадненьня аб увядзеньні візавага рэжыму.
***
Ад заўтра праз памежны пераход Кузьніца Беластоцкая на польска-беларускай мяжы нарэшце змогуць праяжджаць і грузавікі. Раней перасякаць мяжу там маглі толькі кіроўцы легкавых аўтамабіляў. Пасьля рэканструкцыі, якая скончылася напярэдадні, пераход у Кузьніцы Беластоцкай стане найвялікшым і найбольш сучасным памежным пераходам на ўсёй усходняй мяжы Польшчы з прапускной здольнасьцю – 8 тысячаў легкавых аўтамабіляў і 1,5 тысячы грузавікоў у суткі.