ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ Ў СЭРБІІ ЗНОЎ НЕ АДБЫЛІСЯ

Віталь Цыганкоў, Прага

Міністар замежных справаў Сэрбіі і Чарнагорыі Горан Сьвіланавіч назваў чарговы правал спробы абраць прэзыдэнта гіганцкім крокам назад. Паводле Сьвіланавіча, гэткія вынікі выбараў нанясуць сур’ёзную шкоду рэпутацыі Сэрбіі і Чарнагорыі на міжнароднай арэне.

Папярэднія вынікі паказваюць, што лідар Сэрбскай радыкальнай партыі Таміслаў Ніколіч атрымаў каля 45% галасоў тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні – істотна больш, чым прадказвалі сацыялягічныя апытаньні.

Радыкальная партыя раней была зьвязаная са Слабаданам Мілошавічам, і яе лідарам быў скандальна знакаміты Ваіслаў Шэшэль, пазьней выдадзены Гаагскаму трыбуналу.

Іншы кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах, 73-гадовы памяркоўны дэмакрат Драгалюб Мічунавіч, лідар невялікай партыі “Дэмакратычны цэнтар”, атрымаў каля 36%.

Адна з асноўных прычынаў правалу выбараў – іхны байкот дзьвюмя галоўнымі палітычнымі сіламі – Дэмакратычнай партыяй былога прэзыдэнта Сэрбіі Ваіслава Каштуніцы і партыі “Г-17 плюс” Міраслава Лабуса.

Каштуніца і Лабус былі асноўнымі кандыдатамі ў часе дзьвюх папярэдніх спробаў абраць прэзыдэнта. Такім чынам правал галасаваньня ў нядзелю прадказваўся амаль адзінагалосна ўсімі аналітыкамі. Байкот, што абвесьцілі Каштуніца і Лабус задоўга да выбараў, меў асноўнай мэтай прымусіць урад прызначыць у сьнежні новыя парляманцкія выбары. Аднак, як выглядае, байкот згуляў на руку нацыяналістам, якія толькі ўзмацнілі свае пазыцыі.

Аляксандар Вучыч, адзін з кіраўнікоў радыкальнай партыі, адзначыў з гэтай нагоды: “Цяпер мы ўпэўненыя, што мы (Радыкальная партыя) набярэм найбольш галасоў на парлямэнцкіх выбарах 28-га сьнежня”.

Чарговы правал прэзыдэнцкіх выбараў азначае, што на гэты момант Сэрбія ня мае ані прэзыдэнта, ані парляманту. Парлямант закончыў свае паўнамоцтвы якраз у мінулы чацьвер, бо ў сьнежні павінны адбыцца новыя парляманцкія выбары. Бяз дзеючага заканадаўчага органу ніхто ня можа прызначыць новыя прэзыдэнцкія выбары, так што сэрбам прыйдзецца чакаць як мінімум паўгады да новай магчымасьці абраць прэзыдэнта. Зрэшты, гэтая пасада ў Сэрбіі дастаткова намінальная, і магчыма, сярод іншага, і гэтым чыньнікам можна часткова патлумачыць, чаму многія сэрбы ўпарта адмаўляюцца браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.