НАСТАЎНІЦЫ-МАТУЛІ ЛІЦЭІСТАЎ ЛІЧАЦЬ, ШТО ІХ ДЫСКРЭДЫТУЮЦЬ НА ПРАЦЫ

Любоў Лунёва, Менск

Пры канцы першай чвэрці адміністрацыі школаў пачалі больш настойліва запрашаць бацькоў ліцэістаў і пагражаць, што дзяцей не дапусьцяць да экзамэнаў, калі тыя ня будуць наведваць школьных заняткаў. Тыя бацькі, якія самі працуюць у галіне адукацыі, у большай ступені адчулі ціск з боку чыноўнікаў.

Галіна Папова працуе настаўніцай гісторыі ў 57-й гімназіі. Ёй значна зьменшылі працоўную нагрузку. Апроч таго, на вольную стаўку замест яе ўзялі на працу дзьвюх студэнтак. Завуч школы, каб вырашыць пытаньне, параіла настаўніцы забраць дачку зь ліцэю і ўладкаваць у школу.

Дачка настаўніцы беларускай мовы і літаратуры 180-й школы Алены Дэц таксама вучыцца ў ліцэі. Алена лічыць, што адміністрацыя школы, выконваючы загад раённага кіраўніцтва, несправядліва ставіцца да яе:

(Дэц: ) “На маю думку, тая акалічнасьць, што мая дачка вучыцца ў ліцэі, і спрыяе таму, што кабінэт дагэтуль знаходзіцца ў аварыйным стане. Тое, што маё працоўнае месца знаходзіцца ў такім кабінэце і сьведчыць на тое, што адміністрацыя атрымала загад на перасьлед маёй асобы. Са мной на гэтую тэму гаварыў дырэктар, гаварыла завуч і мяне папракалі, што я пэдагог, а маё дзіця ня вучыцца ў звычайнай школе”.

Дырэктар школы Андрэй Рэдлін абвяргае абвінавачаньні сваёй падначаленай:

(Рэдлін: ) “Што тычыцца кабінэту, які ёй прапанавалі замест таго, што быў раней, то гэта мы зрабілі, каб стварыць зімовы сад. У нас шмат расьлінаў, і мы вырашылі там іх разьмесьціць. Ніякіх указаньняў зьверху я не атрымліваў. Так, сапраўды, супрацоўнікі нашай школы, а, магчыма, і я, цікавіліся ў яе, дзе вучыцца дачка. Я цікавіўся з тае прычыны, што ліцэй жа ліквідаваны, а дзяўчынка раней вучылася ў маёй школе. Натуральна, мне цікавы лёс гэтага дзіцяці, і я хацеў даведацца — дзе яна, чым займаецца. Вучыцца ў нашай школе — гэта аптымальны варыянт. Дарэчы, беларуская мова ў нас выкладаецца на высокім узроўні. У Алены Георгіеўны папросту склалася ўражаньне, што мы наўмысна далі ёй іншы кабінэт, каб пакараць яе такім чынам. Але гэта дурасьць, і дурасьць вялікая”.

Бацькі навучэнцаў Нацыянальнага ліцэю імя Якуба Коласа зьбіраюць зьвесткі пра ціск улады на бацькоў, каб потым прыцягнуць чыноўнікаў да судовай адказнасьці.