“FINANCIAL TIMES” ПІША ПРА ХАДАРКОЎСКАГА І “ЮКОС”

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Барацьба Ўладзімера Пуціна з кампаніяй “ЮКОС” яскрава паказала ягонае імкненьне да поўнага кантролю над краінай і ягоны страх перад любой пагрозай ягонай уладзе”, – да такой высновы прыходзяць журналісты “Financial Times”. Адну з прычынаў таго, што ж сёньня адбываецца ў Расеі, газэта бачыць у тым, што краіна ня хоча ісьці шляхам Польшчы і іншых сярэдняэўрапейскіх дзяржаваў ад марксізму да лібэральнай дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Замест гэтага яна дэманструе ўсе прыкметы пераўтварэньня ў аўтарытарную дзяржаву, у якой Крэмль зь вялізным адміністрацыйным апаратам, на які ён абапіраецца, цалкам валодае палітычнай уладай.

Так, амаль адразу пасьля прыходу да ўлады Пуцін паставіў пад кантроль губэрнатараў. Затым заключыў зьдзелку з алігархамі: паабяцаў ім, што яны захаваюць свае назапашаныя сумнеўным шляхам багацьці, калі застануцца па-за палітыкай. Бальшыня пагадзіліся. Двое, якія не падпарадкаваліся, – Беразоўскі і Гусінскі – былі вымушаныя ўрэшце ўцячы ў эміграцыю.

На думку “Financial Times”, прыхільнасьць Пуціна да дэмакратыі выклікае сумнеў у лібэральных палітыкаў. У разьвязаньні праблемы Чачэніі ён стала абірае сілавы шлях, ён цісьне на сродкі масавай інфармацыі, каб не дапусьціць ніякай крытыкі Крамлю, ён спрабуе душыць апазыцыю ў Дзяржаўнай думе, дзе пануе прапрэзыдэнцкая партыя “Адзіная Расея”. Нават у эканоміцы Пуцін ня змог устрымацца ад спробаў усталяваньня свайго кантролю. Хоць і наладзіў некаторыя лібэральныя рэформы, ён шмат разоў адкладваў лібэралізацыю банкаўскай галіны і электрычнай манаполіі. У газавай галіне ён дамогся вяртаньня пад кантроль дзяржавы газавай манаполіі “Газпром”.

“Financial Times” падкрэсьлівае, што Хадаркоўскі і акцыянэры “ЮКОС” ужо даўно раздражняюць Уладзімера Пуціна сваім фінансаваньнем апазыцыйных партыяў, у тым ліку, лібэралаў і камуністаў. Хадаркоўскі ня рабіў сакрэту са свайго жаданьня ў 2007 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2008 году, пакінуць бізнэс і заняцца палітыкай.

Барацьба паміж Пуціным і Хадаркоўскім сёлетнім летам перарасла ў крызыс, які можа мець наступствы ўвогуле для расейскай эканомікі, а таксама і для Расеі ў цэлым. Магчыма, Пуцін мяркуе, што на прыкладзе аднаго алігарха зможа навучыць іншых. Аднак, піша “Financial Times”, прэзыдэнт Пуцін, відавочна, распачаў тое, што ўжо ня можа спыніць. Па ўсёй Расеі “сілавікі” сталі распраўляцца з прадстаўнікамі бізнэсу, як вялікага, гэтак і малога. Вось чаму багатыя расейцы вывозяць свае капіталы за мяжу.

Сёньняшняя заходняя прэса, і “Financial Times” у прыватнасьці, зьвяртаюць увагу, што ў Крамлі адбываецца раскол у зьвязку з падыходам да справы “ЮКОС”. У прыватнасьці, спасылаюцца на ўчорашні выступ на расейскай тэлевізіі новага кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Дзьмітрыя Мядзьведзева, які выказаў сумнеў у правамоцнасьці арышту акцыяў кампаніі “ЮКОС”. Раней з падобнай заявай выступіў прэм’ер-міністар Міхаіл Касьянаў.

Такім чынам, піша “Financial Times” у Расеі ёсьць прыкметы падтрымкі Хадаркоўскага. Але наўрад ці ягоныя прыхільнікі аб’яднаюцца ў сур’ёзную палітычную сілу. Практычна не выклікае сумневу, што ў сьнежні Пуцін будзе мець яшчэ адну прыхільную Думу, а ягонае пераабраньне ў сакавіку – гарантаванае. Што тычыцца Захаду, то ён шмат з чым можа зьмірыцца, калі Пуцін і надалей будзе супрацоўнічаць у найважнейшых пытаньнях замежнай палітыкі. Калі заходнія ўрады гатовыя прыглушыць сваю крытыку вайны ў Чачэніі, то наўрад ці яны ўсур’ёз будуць пратэставаць супраць арышту бізнэсоўцы Хадаркоўскага.

Што тычыцца Расеі, то з гледзішча яе гісторыі палітычнага гвалту, шлях на аўтарытарызм не выключаецца. Магчыма, Пуцін дакладна ведае, дзе хоча правесьці рысу. Небясьпека ў тым, што асобныя ягоныя чыноўнікі, магчыма, штурхаюць яго далей, чым ён хоча пайсьці. А прэзыдэнт, зусім верагодна, ня здольны іх спыніць – піша газэта “Financial Times”.