АРЫШТ ХАДАРКОЎСКАГА – АГЛЯД РАСЕЙСКАЙ І ЗАХОДНЯЙ ПРЭСЫ

Юрыя Дракахруст, Прага

Гэта пытаньне стаўленьня расейскай ўлады да бізнэсу наагул, нарэшце, пытаньне шляху Расеі да праўнай дзяржавы і свабоднага рынку. Такое меркаваньне выказваюць апошнімі днямі шэраг расейскіх палітыкаў і бізнэсмэнаў і заходні друк.

“Гэта не адносіны бізнэса і ўлады. Гэты прыпынак. Мы ўжо, так бы мовіць, прыехалі. Гэта ўжо ідзе фармаваньне сучаснага капіталізму са сталінскім тварам,” – гэтак ахарактарызаваў арышт кіраўніка ЮКАС’у лідар расейскай партыі “Яблоко” Яўлінскі.

Міхаіл Хадаркоўскі быў арыштаваны ў суботу, калі ягоны самалёт прызямліўся ў аэрапорце Навісібірска. Ён быў дастаўлены ў Маскву, на допыт у пракуратуру, дзе яму было прад’яўленае абвінавачваньне паводле сямі артыкулаў крымінальнага кодэксу.

Пасьля таго, як суд даў згоду на ягоны арышт, Хадаркоўскі апынуўся у маскоўскім сьледчым ізалятары “Матроская цішыня”.

Гэтыя дзеяньні пракуратуры выклікалі рэзкую рэакцыю расейскіх прадпрымальніцкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў. Кіраўнік энэргетычнай манаполіі РАО ЕС і адзін зь лідараў партыі Саюз правых сілаў Анатоль Чубайс заявіў:

(Чубайс: ) “Мы лічым, што спыніць гэтае надзваычай небясьпечнае разьвіцьцё падзеяў можа зараз толькі яснае і нядвухсэнсоўная пазыцыя прэзыдэнта Расеі Пуціна. Адсутнасьць такой пазыцыі ў разуменьні расейскага бізнэсу прывядзе да таго, што краіна патрапіць у незваротны працэс пагаршэньня бізнэс-клімату, і Расея ператворыцца ў краіну, неспрыяльную для разьвіцьця бізнэсу з ўсімі ўласьцівымі гэтаму наступствамі.”

Чубайс ад імя расейскага буйнога бізнэсу запартабаваў неадкладнай сустрэчы з Пуціным. Сёньня прэзыдэнт Расеі выказаўся паводле арышту Хадаркоўскага цалкам недвухсэнсоўна, але гэты сэнс быў супрацьлеглым таму, на які спадзяваўся Чубайс.

(Пуцін: ) “Ніякіх сустрэчаў і ніякага гандлю наконт дзйнасьці праваахоўных органаў ня будзе, калі, зразумела, гэтыя органы дзейнічаюць у межах расейскага заканадаўства.”

Прэзыдэнт Расеі даў зразумець, што Хадаркоўскі застанецца турме.

(Пуцін: ) “Пазбавіць чалавека волі нават на час папярэдняга сьледзтва ня могуць органы выканаўчай ўлады, ня можа гэтага зрабіць і пракуратура. Гэта можа зрабіць толькі суд. І калі зроблена менавіта гэта, я зыходжу з таго, што ў суду былі на гэта падставы.”

Разам з тым Уладзімер Пуцін пастараўся супакоіць безнэс-супольнасьць Расеі і патэнцыйных інвэстараў, што справа Хадаркоўскага ня стане ані пачаткам паляваньня на алігархаў, ані пачаткам перагляду вынікаў прыватызвацыі 1990-х гадоў.

(Пуцін: ) “У сувязі з гэтай справай ніякіх абагульненьняў, аналёгіяў, прэцэдэнтаў, тым болей зьвязаных з вынікмі прываатызацыі ня будзе. Таму ўсе спэкуляцыі і гістэрыку на гэты конт прасіў бы спыніць, а ўрад прашу ў гэтыю дыскусію ня ўцягваць.”

Апошняя фраза прэзыдэнта Расеі стала рэакцыяй на заяву ананімнай урадавай крыніцы, якая яшчэ ў суботу адзначала нэгатыўныя наступствы арышту кіраўніка ЮКАС’у для расейскай эканомікі.

Але сёньняшнія паводзіны фондавага рынку пацьвердзілі гэты пэсымістычны прагноз. Сёньня адбылося драматычнае падзеньне акцыяў расейскіх кампаніяў. Найбольш – на 20% упалі акцыі ЮКАС’у, але паніка закранула і іншых гігантаў расейскага фондавага рынку, напрыклад, на прыкладна 10% абясцэніліся акцыі РАО ЕС і Лукойла.

Каб не дапусьціць далейшага росту панікі, кіраўніцтва расейскай фондавай біржы прыпыніла таргі. Абвал на фондавай біржы адбіўся і на курсе расейскага рубля, за дзень ён патаньнеў адносна даляру на 15 капеек.

На арышт ЮКАС’у адрэагавалі і замежныя інвэстары. Як паведаміла брытанская Financial Times, кампаніі Exxon і Shevron абвесьцілі пра спыненьне перамоваў з ЮКАС’ам аб зьліцьці.

International Herald Tribune паведаміла пра намер швайцарскага банку Credit Suisse вывесьці свае грошы з Расеі.

Арышт Міхаіла Хадаркоўскага шырока камэнтуе міжнародны друк. Вось толькі некаторыя цытаты.

New York Times: “Шмат аналітыкаў сьцвярджае, што Пуцін разьлічвае атрымаць буйныя палітычныя дывідэнды ад барацьбы з непапулярнымі і празьмеркна багатымі алігархамі. Аднак арышт Хадаркоўскага – гэта больш радыкальны крок, чым той, на які разьлічвалі алігархі і ён пасылае патэнцыйным інвэчстарам сігнал аб небясьпечцы.”

Washington Post: “Навідавоку крызыс адносінаў улады і бізнэса, а таксама крызыс ўлады ў Расеі.”

L.A. Times: “Крытыкі разглядаюць юрыдычную атаку на Хадаркоўскага і ягоных калегаў па бізнэсу як сэлектыўнае ўжываньне закону. Юрыдычная атака на Хадаркоўскага і ягоную кампанію пачалася пасьля таго, як ён стаў фінасаваць апазыцыйныя партыі. Хадаркоўскі таксама ўзгадваўся як магчымы канддыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2008 году.”

Die Welt: “Спроба падтрымаць як правыя, гэтак і левыя партыі для стварэньня ў Думе процівагі было расцэненае як зьнявага “яго вялікасьці”, якое заслугоўвае пакараньня.”

Liberation: “Алігархі прсабечвалі рэнту ад сыравіных рэсурсаў. Гэта зусім не пай-хлопчыкі, але ж самое іх існаваньне паказвала, што ўлада ў Расеі залежыць ня толькі ад Крамля. Найбуйнейшая ў сьвеце нафтавая кампанія Exxon была гатовая заплаціць 28 мільярдаў даляраў, каб мець долю ў агульным капітале ЮКАС’у разам з Хадаркоўскім. Прыбраўшы алігарха, Пуцін стварыў перадумовы для рэкапіталізацыі на сваіх умовах.”

Экспэрты выказваюць розныя меркаваньні наконт сапараўдных прычынаў арышту кіраўніка ЮКАС’у. Прыгадваюць публічныя заявы Хадаркоўскага пра намер фінансаваць перадвыбарчую думскую кампанію “Яблыка”, Саюзу правых сілаў і камуністычнай партыі.

Liberation піша пра ягоныя заявы падчас вайны ў Іраку, калі кіраўнік ЮКАС’у заклікаў падтрымаць Злучаныя Штаты. Нарэшце францускае выданьне прыгадвае сутычку Хадаркоўскага з Пуціным падчас лютаўскай нарады прэзыдэнта з бізнэсоўцамі, калі Хадаркоўскі выказаўся за неадкладныя меры па барацьбе з карупцыяй. Тады Пуцін у адказ зваўважыў, што у ЮКАС’у ёсьць праблемы з падатковымі органамі.

Экспэрты адзначаюць, што амбітны кіраўнік ЮКАС’у парушыў нефармальныя правілы гульні, усталяваныя Крамлем у адносінах з бізнэсам: бізнэс ня лезе ў палітыку, улада заплюшчвае вочы на сумніўнае паходжаньне капіталаў.

Хадаркоўскі, пасьля Барыса Беразоўскага і Ўладзімера Гусінскага, стаўся наступнай ахвярай парушэньня гэтых правілаў. Гусінскі ў свой час таксама правёў некалькі дзён у турме, але ані яму, ані Беразоўскаму не перашкодзілі ў рэшце пакінуць Расею. Хадаркоўскі адмовіўся ад гэтага варыянту. Пэўны час таму ён заявіў:

(Хадаркоўскі: ) “Я не зьбіраюся рабіцца палітэмігрантам. Калі пастаўленая задача выцісьнуць мяне з краіны ці пасадзіць – тады трэба саджаць, бо я палітэмігрантам ня буду.”