ДОНАЛЬД РАМСФЭЛЬД: БУДАВАЦЬ СВАБОДНЫ, ДЭМАКРАТЫЧНЫ І ЗАМОЖНЫ ІРАК – СПРАВА САМІХ ІРАКЦАЎ

Юры Дракахруст, Прага

Міністар абароны ЗША нагадвае, што падчас вайны ў Іраку скэптыкі таксама прадказвалі няўдачу, гаварылі пра памылкі ваеннага плянаваньня, пра міжнародную ізаляцыю Злучаных Штатаў. “Зараз мы ізноў чуем, што нашыя пасьляваеныя высілкі – на мяжы правалу,” – піша міністар Рамсфэльд. Ён параўноўвае вынікі пасьляваенай палітыкі ЗША ў Іраку з аднаўленьнем цывільнага жыцьця ў акупаванай саюзнымі сіламі Нямеччыне пасьля разгрому нацызму.

Праз два месяцы пасьля завяршэньня вайны – піша Рамсфэльд – “усе буйныя ірацкія гарады і большасьць малых маюць муніцыпальныя рады, у Нямеччыне гэта адбылося праз 8 месяцаў пасьля перамогі. Праз 4 месяцы кіруючая рада Іраку прызначыла міністраў – у пасьляваенай Нямеччыне гэта адбылося праз 14 месяцаў, у канцы 1946 году. Ужо створаны новы цэнтральны банк Іраку і абвешчана пра ўвядзеньне новай нацыянальнай валюты – у Нямеччыне грашовая рэформа была праведзеная праз 3 гады пасьля разгрому Гітлера. Нарэшце, ужо цяпер новая ірацкая паліцыя патрулюе ірацкія гарады, пачалося стварэньне новага ірацкага войска, якое ўжо зараз налічвае 56 тысячаў салдатаў. Для параўнаньня – у пасьляваенай Нямеччыне паліцыя была створана праз 14 месяцаў, а бундэсвэр – наагул праз 10 гадоў пасьля вайны – адзначае міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд у сваім артыкуле ў Washington Post.

Галоўная думка амэрыканскага міністра: амэрыканцы ня мусяць і не зьбіраюцца займацца будаўніцтвам ірацкай нацыі. Рамсфэльд прыводзіць прыклады Ўсходняга Тымору і Косава, дзе спробы будоўлі нацыі рукамі міжнародных інстытуцыяў маюць адмоўны вынік. Будаваць свабодны, дэмакратычны і заможны Ірак – справа саміх іракцаў – адзначае Дональд Рамсфэльд. Чым хутчэй іракцы возьмуць на сябе адказнасьць за свае ўласныя справы, тым раней амэрыканскія войскі змогуць вярнуцца дамоў – піша міністар.

Мэта будзе дасягальнай, калі мы дапаможам іракцам будаваць іх нацыю, замест таго, каб рабіць гэта за іх, і калі мы будзем дастаткова разумнымі, каб разумець розьніцу – такімі словамі завяршаецца артыкул міністра абароны ЗША Дональда Рамсфэльда ў Washington Post.