БУШ-ПУЦІН: ЦІ ПАЎСТАНЕ БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ?

Юры Дракахруст, Прага

Напярэдадні саміту ў шэрагу амэрыканскіх выданьняў зьявіліся артыкулы, аўтары якіх заклікалі прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша па новаму паглядзець на амэрыканска-расейскія стасункі, прынамсі давесьці Пуціну падчас перамоваў занепакенасьць Злучаных Штатаў з нагоды крокаў Крамля па абмежаваньні дэмакратыі ў Расеі.

У публікацыях прыгадваліся ўсталяваньне кантролю над тэлеканаламі з боку расейскіх ўладаў, палітычна матываваны перасьлед нафтавай кампаніі “Юкас”, дзеяньні расейскага войска ў Чачні. Адной з самых гучных публікацыяў такога кшталту стаўся ліст Барыса Беразоўскага і чатырох праваабаронцаў і палітыкаў, надрукаваны напярэдадні саміту ў шэрагу амэрыканскіх і заходнеэўрапэйскіх выданьняў.

Сустрэча Джорджа Буша і Ўладзімера Пуціна будзе працягвацца два дні. Ці будуць падчас перамоваў закранутыя гэтыя, даволі балесныя для расейскага прэзыдэнта тэмы? Гаворыць аналітык нашага радыё Джэрэмі Бэрнстайн.

(Бэрнстайн: ) “Натуральна, у ЗША і ў замежжы гучала шмат галасоў, якія заклікалі Джорджа Буша не ігнараваць на гэтым саміце пытаньне правоў чалавека і іншыя ўнутраныя пытаньні Расеі. Але я думаю, што цэнтральнымі пытаньнямі сустрэчы Буша з Пуціным будзе лёс новай рэзалюцыі па Іраку, якая цяпер абмяркоўваецца ў ААН, праблема іранскіх ядзерных амбіцыяў, праблема нераспаўсюджваньня ядзернай зброі, нарэшце, пытаньне супрацоўніцтва Расеі і ЗША ў галіне энэргетыкі. Калі правы чалавека ў Расеі і будуць узгаданыя ў часе саміту, я ня думаю, што гэта будзе цэнтральным пытаньнем.”

Меркаваньне спадара Бэрнстайна падзяляе большасьць экспэртаў. Варта нагадаць, што саміту ў Кэмп-Дэвідзе папярэднічала сэсія генэральнай асамамблеі ААН, на якой цэнтральнай была ірацкая праблема. ЗША зацікаўленыя ў далучэньні як мага больш шырокага кола краінаў да адбудовы Іраку і да забесьпячэньня бясьпекі ў гэтай краіне.

Гэтаму можа спрыяць прыняцьцё Радай бясьпекі ААН новай рэзалюцыі па Іраку, Расея, нагадаем, зьяўляецца сталым сябрам Рады. Назіральнікі адзначылі ў выступе Пуціна на генасамблеі ААН гатоўнасьць пайсьці насустрач Злучаным Штатам у ірацкай праблеме.

Пра тое, наколькі важна для Вашынгтону дасянуць згоды ў ірацкім пытаньні, сьведчыць сёньняшняя заява дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэлла пра тое, што праз паўгоду Ірак атрымае новую Канстытуцыю. Пажаданьне, каб тэрміны перадачы ўлады ад акупацыйнай адміністрацыі іракцам былі дакладна вызначаныя, гучалі апошнім часам з вуснаў як кіраўніцтва ААН, гэтак і прэзыдэнта Францыі Жака Шырака.

Пазыцыя Масквы ў гэтым пытаньні, дарэчы, больш гнуткая, чым пазыцыя Парыжу і магчыма дзеля таго, каб знайсьці ў асобе Пуціна саюзьніка ў справе вырашэньня іракцай праблемы, Джордж Буш ня будзе акцэнтаваць увагу на небясьпечныя крокі Крамля па абмежаваньні расейскай дэмакратыі.

Напярэдані саміту ў Кэмп-Дэвідзе некаторыя амэрыканскія выданьні заклікалі Джорджа Буша ўзьняць ў размове з Уладзімерам Пуціным беларускае пытаньне. Марк Бжэзынскі і Марк Лэнцы у Boston Globe нагадвалі пра беларускія пастаўкі зброі рэжымам-ізгоям , прынамсі, Ірану, Сырыі і Паўночнай Карэі.

Уладзімер Сокар у Wall Street Journal папярэджваў пра небясьпеку імпэрскіх амбіцыяў Масквы, прыгадваў яе спробы пашырыць свой уплыў на пастсавецкай прасторы.

Варта нагадаць, што і сам прэзыдэнт Буш неаднаразова крытыкаваў становішча з правамі чалавека ў Беларусі. У ліпені сёлета ён назваў Беларусь у ліку 6 краінаў, у якіх гэтыя парушэньні адбываюцца ў найбольш брутальных і масавых формах. Летась у сьнежні ён таксама казаў, што Амэрыка “будзе стаяць плячо да пляча з дэмакратычнымі актывістамі Кубы, студэнтамі Ірану, апацыцыянэрамі Зімбабвэ, журналістамі Беларусі, народам Паўночнай Карэі, якія ніколі ня ведалі, што такое свобода”.

Ці стане беларускае пытаньне адным з пунктаў парадку дня саміту Буш-Пуцін?

(Бэрнстайн: ) “Я думаю, цалкам зразумела, што прыярытэты адміністрацыі Буша – гэта: вайна з тэрарызмам, пытаньні энэргетыкі, гандаль зброяй. Калі нелегальны гандаль зброі Беларусі з такімі краінамі як Іран і Сырыя, дакладна пацьверджаны, я ня выключаю, што адміністрацыя Буша будзе зацікаўленая ў ціску на Беларусь, прынамсі, і праз Расею. Што ж тычыцца пытаньня парушэньня ўрадам Лукашэнкі правоў чалавека, натуральна, ЗША выступаюць супраць гэтага, але, я баюся, што гэтай тэме ня будзе нададзена вялікай увагі ў часе сустрэчы.”

Паводле спадара Бэрнстайна тэма Беларусі калі і ўзьнікне падчас перамоваў прэзыдэнтаў ЗША і Расеі, то толькі ў межах больш шырокага пытаньня барацьбы з тэрарызмам і ягонымі спонсарамі. Фактычна ў гэтым пытаньні палітыка афіцыйнага Менску зьяўляецца выклікам ня толькі амэрыканскім каштоўнасьцям, але і амэрыканскай нацыянальнай бясьпецы.

Што ж тычыцца іншых праблемаў, то тут можна заўважыць пэўную дылему амэрыканскай палітыкі: заклікаючы Маскву зрабіць ціск на Менск, Вашынгтон у пэўнай ступені легітымізуе расейскі ўплыў на Беларусь.

Гэтак і апошнюю заяву Пуціна пра пастаўкі газу ў Беларусь паводле рынкавых коштаў можна разглядаць з двух пунктаў гледжаньня. З аднаго боку заходнія краіны і беларуская апазыцыя неаднаразова заклікалі Маскву спыніць падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а нізкія цэны на расейскі газ былі якраз адной з істотных формаў гэтай падтрымкі. Ня выключана , што заяву Пуціна пра газ для Беларусі Крэмль тлумачыць Вашынгтону менавіта як спыненьне такой падтрымкі.

З другога боку газавую атаку Масквы можна разглядаць і як спробу пазбавіць Беларусі незалежнасьці, прымусіўшы плаціць за яе велізарную цану.

Аднак у тым, што тычыцца паставак зброі зь Беларусі краінам, якія фігуруюць у сьпісе спонсараў тэрарызму, то гэта наўпрост закранае нацыянальную бясьпеку Злучаных Штатаў, і для прадухіленьня гэтага яны могуць дзейнічаць любымі шляхамі, у тым ліку і праз Расею.