ВЫСТУПЛЕНЬНІ ПРЭЗЫДЭНТАЎ КРАІНАЎ УСХОДНЯЙ ЭЎРОПЫ Ў ААН

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Прэзыдэнты Харватыі, Эстоніі і Македоніі – краінаў, якія знаходзяцца ў кааліцыі на чале з ЗША ў ірацкай кампаніі, у сваіх выступах на гэтым тыдні ў ААН засьведчылі, што яны ўсё ж не знаходзяцца ў моцна рэглямантаваных стасунках з ЗША, і што іхная падтрымка прэзыдэнта Буша не пашыраецца на ўсе пытаньні замежнай палітыкі.

Асобныя назіральнікі зазначаюць, што посткамуністычным краінам зь іх кволымі эканомікамі, няма куды дзецца, апроч як стаць на бок звышдзяржавы. Але ўрады гэтых краінаў не заўсёды мелі такую падтрымку сваіх грамадзянаў, каб браць удзел у вайне з Іракам без дазволу ААН. Зрэшты, і стан гэтых дзяржаваў істотна не зьмяніўся, бо бясьпека ў Іраку ўсё яшчэ застаецца хісткай, а сілы кааліцыі разам з чыноўнікамі ААН сталіся мішэнямі тэрарыстаў і партызанскіх баевікоў.

Свае пазыцыі ў прамовах у ААН ўсходнеэўрапейскія лідэры фармулявалі празрыста. Прэзыдэнт Харватыі Стыпэ Мэсіч заявіў, што ягоная краіна гатовая да ўдзелу ў аднаўленьні Іраку і будзе гэта рабіць. Але ён выказаў адрозны ад ЗША погляд на дамову аб забароне ядзерных выпрабаваньняў. Мэсіч заклікаў усе нацыі ратыфікаваць дамову, ў той час, як Джордж Буш адмаўляецца яе падпісваць.

Учора эстонскі прэзыдэнт Арнольд Руйтэль ізноў выказаўся у падтрымку амэрыканскай палітыкі ў Іраку. Ён таксама адрынуў абвінавачаньні, што вайна ў Іраку падарвала маральны аўтарытэт ААН. Але, на ягоную думку, у будучыні ААН павінна быць больш рашучай.

Руйтэль выказаў адрозную ад ЗША пазыцыю ў пытаньні глябальнай экалёгіі. Эстонскі прэзыдэнт заявіў, што нават такая маленькая краіна як Эстонія разумее небясьпеку забруджаньня асяродзьдзя і што чалавецтва нясе адказнасьць за глябальнае пацяпленьне, сьмяротныя наступствы якога ўжо былі заўважнымі сёлетнім летам.

Руйтэль пераконваў удзельнікаў, каб усе краіны падпісалі Кіёцкі пратакол пра глябальнае пацяпленьне. Нагадаю, што былы амэрыканскі прэзыдэнт Біл Клінтан падтрымаў пратакол, але ў 2001 годзе новы прэзыдэнт ЗША Буш вырашыў не падпісваць яго, бо баіцца, што гэта нашкодзіць амэрыканскай эканоміцы.

Тымчасам прэзыдэнт Македоніі Барыс Трайкоўскі выказаўся за наданьне большых паўнамоцтваў ААН у справе вяртаньня Іраку да сувэрэнітэту. ЗША не прымаюць заклікаў да хуткай перадачы палітычнай улады самім іракцам пад кантролем ААН. Трайкоўскі таксама пераконваў ААН адыгрываць і большую ролю ў разьвязаньні ізраільска-палестынскага канфлікту.

Цяперашнія саюзьнікі крытыкуюць ЗША за адмову падпісваць дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў і аб глябальным пацяпленьні, за рашэньне не ратыфікоўваць пагадненьне аб стварэньні міжнароднага Крымінальнага суду, за выхад з дамовы аб супрацьракетнай абароне, падпісанай з СССР у 1972 годзе. Але ў прамовах ўсходнеэўрапейскіх прэзыдэнтаў на Генэральнай асамблеі ААН не было і намёку на розьніцу падыходаў, якія б крытычна паўплывалі на двохбаковыя стасункі з ЗША.