ЗАЎТРА Ў СЛАВАЧЧЫНЕ ПАЧНЕЦЦА РЭФЭРЭНДУМ АБ ДАЛУЧЭНЬНІ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ

Юры Дракахруст, Прага

“Наперад, Славаччына, наперад разам” – гэтая песьня стала неафіцыйным эўрагімнам Славаччыны. Яе словы заклікаюць славакаў сказаць “так” на рэфэрэндуме пра далучэньне да Эўразьвязу. За гэта выступаюць усе асноўныя партыі краіны – як урадавыя, гэтак і апазыцыйныя. Назіральнікі адзначаюць, што праблемай не зьяўляецца ні арганізаваная апазыцыя эўраінтэграцыі – яе проста не існуе, ні пэўны скепсыс насельніцтва.

Праблема, галоўная інтрыга рэфэрэндуму – ці прыйдуць людзі да выбарчых скрыняў. Паводле славацкіх законаў, вынікі рэфэрэндуму зьяўляюцца сапраўднымі толькі ў тым выпадку, калі ў ім узялі ўдзел больш за 50% выбарцаў.

Паводле апытаньняў, за далучэньне краіны да Эўразьвязу выступаюць кожныя 7 з 10 славакаў. Аднак крыху менш за палову апытаных гавораць, што абавязкова пойдуць на рэфэрэндум і каля чвэрці – што магчыма пойдуць. Гаворыць славацкі палітоляг Рыгор Мясежнікаў:

(Мясежнікаў: ) “Ёсьць пэўныя перасьцярогі наконт гэтага, бо славакі ня маюць удалага досьведу выкарыстаньня рэфэрэндумаў як інструмэнту наўпроставай дэмакратыі. У нас было чатыры няўдалыя рэфэрэндумы. Акрамя гэтага, з 1997 году ў нас кожны год адбываюцца выбары. Ёсьць пэўная стомленасьць ад галасаваньняў. І гэта непакоіць”.

Славацкія палітыкі надаюць вялікую ўвагу станоўчаму выніку рэфэрэндуму. Прэм’ер-міністар Міклаш Дзурында заявіў, што галасаваньне завершыць працэс, які пачаўся з падзеньнем камунізму ў Чэхаславаччыне ў 1989 годзе.

Прэзыдэнт і лідэры сямі партыяў краіны зьвярнуліся да насельніцтва са зваротам, у якім гаворыцца, што ў гэтыя дні на кожным славаку ляжыць адказнасьць за будучыню краіны. Прэсавы сакратар прэзыдэнта Шустэра Ян Фулэ заявіў:

(Фулэ: ) “Незалежна ад нашых палітычных поглядаў і этнічнай прыналежнасьці, мы ўпэўненыя, што вяртаньне Славаччыны ў супольнасьць перадавых нацыяў – гэта крок, які ў будучыні забясьпечыць наш дабрабыт, стабільнасьць, эканамічны рост і бясьпеку. Мы таксама атрымаем магчымасьць фармаваць Эўропу, якая ўсё шчыльней аб’ядноўваецца”.

Каб прыцягнуць выбарцаў да выбарчых участкаў, лідэры асноўных партыяў Славаччыны ўзялі ўдзел у вялікім сьвяткаваньні-канцэрце ў Братыславе. Прэзыдэнт Рудольф Шустэр заявіў, што калі ў першы дзень галасаваньня яўка будзе нізкая, палітыкі зноў зьвернуцца да народу з заклікам ісьці галасаваць.

Рэфэрэндум у Славаччыне працягнецца два дні – гэтак жа, як і нядаўні рэфэрэндум аб далучэньні да Эўразьвязу ў Літве. Дарэчы, у першы дзень літоўскага рэфэрэндуму ў ім ўзялі ўдзел толькі 25% выбарцаў, аднак за два дні прагаласавала больш за 60%. Вынік атрымаўся больш чым пераканаўчым – за далучэньне да Зьвязу выказалася больш за 90%.

Да гэтага рэфэрэндумы прайшлі ў Славеніі, Вугоршчыне і на Мальце. Рыгор Мясежнікаў мяркуе, што нядаўні рэфэрэндум у Літве і ягоныя вынікі паўплываюць на настрой славакаў.

(Мясежнікаў: ) “Я мяркую, што вынік літоўскага рэфэрэндуму вельмі спрыяльны для Славаччыны, гэта зьвяно ў ланцугу рэфэрэндумаў аб далучэньні да Эўразьвязу – і славакі найхутчэй не захочуць выпасьці з гэтага ланцугу. Вынікі літоўскага рэфэрэндуму магуць паспрыяць таму, што і славацкі рэфэрэндум будзе плённы”.

Які будзе вынік – стане вядома ў суботу ўвечары. А сёньня ў Славаччыне гучыць песьня “Наперад, Славаччына, наперад разам”.