ДЗЯРЖДУМА РАСЕІ РАЗГЛЕДЗІЦЬ ЗАКОНАПРАЕКТ АМНІСТЫІ ДЛЯ ЧАЧЭНЦАЎ

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Пададзены расейскім прэзыдэнтам законапраект прапаноўвае вызваліць ад крымінальнага перасьледу ўсіх незалежнікаў, якія адмовяцца ад узброенага супраціву, альбо дабраахвотна складуць зброю да 1 жніўня сёлета. Крэмль заяўляе: “Амністыя, як акт гуманізму, перадусім накіраваная на стварэньне дадатковых умоваў для ўсталяваньня мірнага жыцьця ў Чачэнскай Рэспубліцы”.

У той самы час прапанаваны Пуціным законапраект прадугледжвае, што пад амністыю не трапляюць тыя, хто мае дачыненьне да цяжкіх злачынстваў, такіх як забойствы й выкраданьні людзей, згвалтаваньні й рабаўнічыя напады. Амністыя таксама ня тычыцца замежнікаў і асобаў без грамадзянства.

Між тым, сёньня ў Маскву прыехаў кіраўнік прамаскоўскай адміністрацыі Чачэніі Ахмад Кадыраў. Паводле некаторых зьвестак, яго выклікалі ў сталіцу, каб абмеркаваць амністыю некаторай частцы незалежнікаў. У прыватнасьці, гаворка пойдзе пра апошнія выбухі ў рэспубліцы, ахвярамі якіх сталіся некалькі дзясяткаў асобаў.

У выніку тэракту ў вёсцы Ілісхан-Юрт, што ў Гурэрмескім раёне Чачэніі, загінулі паводле розных зьвестак ад 16 да 26 чалавек, а 145 былі параненыя. 43 зь іх у сур’ёзным стане. У ліку загіблых тры целаахоўнікі Ахмада Кадырава, супраць якога, паводле сьледзтва, і быў накіраваны гэты тэракт. Яшчэ 59 чалавек загінулі і больш як 300 былі параненыя ў панядзелак у Надцерэчным раёне.

Паведамляюць, што законапраект пра амністыю ў Чачэніі будзе разглядацца Дзяржаўнай Думай Расеі ў наступны аўторак. Нагадаем, што ранейшая амністыя, якая праводзілася ў Чачэнскай рэспубліцы ў 1999 годзе, не прынесла станоўчых вынікаў. Як паведамілі у Паўночна-каўкаскай рэдакцыі нашага радыё, бальшыня тых, хто ў 1999-м прыйшлі амніставацца, пазьней былі забітыя альбо зьніклі.