ЭПОХА ВЯЛІКІХ ПЕРАМЕНАЎ ДЛЯ КІТАЙСКАЙ КАМПАРТЫІ

Віталь Тарас, Прага

У будучым пастаянным камітэце Палітбюро большасьць – таксама хаўрусьнікі Цьзян Цзэміня. Удзельнікі зьезду ўхвалілі 13-гадовага праўленьне Цьзянь Цзэміня як спадкаемцы лініі Мао Цзэдуна і Дэн Сяопіна. Між тым, для кітайскай Кампартыі наступае эпоха вялікіх пераменаў – лічыць газэта “Washington Post”.

Праўленьне Цьзян Цзэміня было пэрыядам няяўных, але вельмі грунтоўных палітычных, эканамічных і сацыяльных пераўтварэньняў у Кітаі. Гэтыя пераўтварэньні засьведчылі, што КПК выжыла, нягледзячы на хвалю дэмакратызацыі, якая ахапіла краіны Варшаўскага пакту і зьяўленьне эканамічных тыграў у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Кампартыя дамаглася росту НВП больш як на 9 адсоткаў. Няясна, ці захаваюць гэтыя пераўтварэньні Кампартыю Кітаю ва ўладзе у наступныя гады.

Партыя застаецца вышэйшай за права, што стварае карупцыю, якая працьвітае ў яе шэрагах. Цяжка спалучаць палітычную дыктатару з эканамічнымі свабодамі. Вялікія запазычанасць кітайскіх банкаў можа аднойчы выклікаць крызыс, на тле якога дзесяцігадовы фінансавы крызыс Японі падасца мяккім.

Аднак, падчас праўленьня Цьзян Цзэміня партыя дазволіла некаторыя рэчы, якія не дапускала ніколі раней. Гэта зьвядзеньне да мінімуму палітычнай бойкі, якая паставіла партыю на мяжу крызысу ў 1989-м. Палітычная барацьба была выведзеная па-за межы публічнасьці. Адначасна партыя перайшла на запасны шлях эканамічных рэформаў. У выніку Кітай сёньня нагадвае агромністую карпарацыю, у якой кіруе камуністычная партыя. За часам Мао партыя кантралявала ўсё – усе сто адсоткаў грамадзкіх і рэлігійных арганізацыяў, фірмаў, гаспадарак, заводаў, школаў і нават сувязі паміж людзьмі. Аднак, Цьзян і ягоныя падначаленыя зразумелі тое, што капіталісты ведалі ўжо даўно. Нават калі кантраляваць менш за палову ўласнасьці, калі яны захоўваюць ключавыя пазыцыі ў галоўных галінах – такіх, як мэдыі і сілы бясьпекі, ды кантралююць падаткі найбольш буйных кампаніяў – яны могуць кантраляваць увесь Кітай.

За апошнія 13 гадоў кітайскія ўлады, пры забароне прыватнай уласнасьці для большасьці кітайцаў, адчынілі большасьць сэктараў эканомікі для прыватнага замежнага капіталу. Кітайцы зараз цалкам свабодна могуць займацца прадпрымальніцтвам, шукаць працу і жыць амаль паўсюль, дзе ім больш падабаецца. Хаця грамадзянскія правы не адпавядаюць заходнім стандартам, людзі карыстаюцца свабодамі, нечуванымі пры камунізме.

Без усялякіх дэклярацыяў Кітай разьвіўся ад таталітарнай дзяржавы, дзе партыя адыгрывае дамінуючую ролю ва ўсіх сфэрах жыцьця, у аўтарытарную краіну, якая дапускае беспрэцэдэнтную свабоду ў бізнэсе і прыватным жыцьці, аднак захоўвае кантроль над грамадзтвам у цэлым.

Партыя таксама пазбавілася ранейшай базы сярод рабочых і сялянаў. За 13 гадоў, насуперак сваёй назве, Кампартыя сталася партыяй эканамістаў, інтэлектуалаў і палітычнай эліты. Гэты зрух ад рэвалюцыйнай партыі да кіруючай партыі ёсьць ключавой прычынай таго, што камуністы засталіся ва ўладзе. Ёсьць цудоўны стабільны саюз паміж эканамічнай і інтэлектуальнай элітамі Кітаю – лічыць сацыёляг Кан Сяогуан. Асноўнае наступства гэтага ў тым, што эліта не жадае зьмены ўраду.

Новая база партыі на зьездзе афіцыйна будзе вызначацца новымі правіламі, паводле якіх вітаецца ўдзел прадпрымальнікаў у партыі пры захаваньні дактрыны “трох прадстаўніцтваў” у статуце КПК. Гэтая дактрына, якую прыпісваюць Цьзян Цзэміню, абвяшчае, што партыя прадстаўляе зараз найбольш разьвітыя вытворчыя сілы і культурныя слаі грамадства.

Нягледзячы на зьмены, многія гарадзкія жыхары Кітаю лічаць, што партыя ім непатрэбная. “Гэта які зьезд партыі – 11?” – жыхар з Шанхаю. “Ён праводзіцца кожныя чатыры гады, або пяць?” – пытаюцца спэцыялісты-кампутаршычкі з Пэкіну. Рэальнасьць, аднак, у тым, што партыя існуе. І ад яе залежыць многае.

“Для таго, каб займацца бізнэсам, трэба мець блаславеньне партыі”, – гаворыць прадпрымальнік у тым самым Пэкіне. “Можна назаць гэта карпарацыяй, мафіяй, альбо дзяржаўным рэкетам, як заўгодна. Але яны дырыжуюць спэктаклем”.

Усе спробы зьмяніць партыю як арганізацыю сутыкаюцца з жорсткім адказам. Разгон дэманстрацыі сяброў Фалунгонг на пляцы Цяньаньмынь, у выніку чаго сотні былі забітыя і тысячы арыштаваныя, служыць прыкладам. “Вы можаце гаварыць у Кітаі што заўгодна – да таго моманту, пакуль вы адзін”, – сказаў вядомы літарартурны крытык, які правёў шмат гадоў у турме пасьля разгону студэнцкага мітынгу ў Пэкіне ў 1989-м годзе.

У кожным выпадку, кітайцы цяпер уступаюць у партыю з тых самых прычынаў, зь якіх людзі ўладкоўваюцца ў вялікія кампаніі – дзеля ўласнай карысьці.

Лу Гуанчжу, уладальнік фірмы, якая вырабляе дэталі для аўтамабіляў і які зарабіў 480 мільёнаў даляраў, кажа, што ён уступіў у партыю з простай прычны: “Спачатку, калі пачаў кіраваць фірмай, я ня быў сябрам партыі, і справы фірмы шлі кепска. Паколькі Кітаем кіруе кампартыя, я стаў сябрам партыі, і справы пайшлі лепш”. Лу нават двойчы быў дэлегатам партыйных зьездаў.

Партыя таксама ўлічвае рызыку палітычных зьменаў у сувязі з новымі тэхналёгіямі. Калі пры канцы 1990-х Інтэрнэт распаўсюджваўся ў Кітаі падобна выбуху, многія чакалі сацыяльнай і палітычнай рэвалюцыі. Аднак Пэкін адразу стварыў сетку з 30 тысяч цэнзараў, якія падтрымліваюць у сеціве паліцэйскі парадак. Заходнія кампаніі – такія, як America Online і Yahoo! падпісалі пагадненьне з пэкінскімі ўладамі, паводле якога мусяць пагаджацца з цэнзурай. Новыя правілы, якія забараняюць “вытворчасьць, паштовую рассылку альбо іншае распаўсюджваньне шкоднай інфармацыі” былі прынятыя нядаўна.

У сярэдзіне 1990-х Захад адзначыў рост нефармальных студэнцкіх арганізацыяў у Кітаі. Але партыя наклала абмежаваньне на іх колькасьць і склад. Рост нацыянальнага багацьця, посьпехі ў галіне новых тэхналёгіяў і мэдыяў прывялі многіх партыйных функцыянэраў да думкі, што фундамэнтальныя палітычныя рэформы непатрэбныя. Шмат у чым цяперашня камуністычнае кіраўніцтва менш дэмакратычнае, чымся ў 1989 годзе. Зараз стаіць праблема, як зрабіць партыю больш адказнай перад законамі. У 1988 годзе толькі некаторыя партыйныя сакратары ўзначальвалі мясцовыя заканадаўчыя органы. Зараз такіх больш за 12 тысяч. Чакаецца, што колькасьць кіраўнікоў, якія сумяшчаюць гэтыя пасады, узрасьце.

Сацыёлягі чакаюць двух магчымых праблемаў у блізкай будучыні – гэта крах банкаўскай сыстэмы альбо падзеньне тэмпаў эаканамічнага росту. Незабясьпечаныя крэдыты ў банках Кітаю дасягнулі 37% ВНП. Прырост ВНП у 7% на год абапіраецца на падатковыя льготы і дэфіцыт бюджэту. Але гэта ня можа цягнуцца бясконца.

Аднак лідэры КНР усё яшчэ маюць агромністыя рэсурсы, якія здольныя падтрымаць эканоміку. Продаж зямлі ў прыватную ўласнасьць мог бы прынесьці мільярды даляраў. Дзяржаўныя тэлефонныя і нафтавыя кампаніі, электрастанцыі таксама могуць быць прададзеныя. Назіральнікі лічаць, што партыя можа сутыкнуцца з праблемамі, спароджанымі беднасьцю. Расьце колькасьць хваляваньняў, скаргаў і страйкаў шараговых кітайцаў, якія ня маюць уласнасьці. Пакуль што ўладам удаецца спраўляцца з раздробленымі пратэстамі.