БАГДАД ВЫСТУПАЕ З ПРАПАНОВАМІ НОВЫХ ІНСПЭКЦЫЯЎ ІРАЦКІХ ВАЕННЫХ АБ’ЕКТАЎ

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Багдад прапануе новыя перамовы пра аднаўленьне iнспэкцыяў iрацкiх ваенных аб’ектаў. Сябры Рады Бясьпекi пагадзiлiся, што iнспэктары ААН не павiнны вяртацца ў Ірак i не распачынаць з Багдадам новых перамоваў.

Вядома, што Злучаныя Штаты абвiнавачваюць Ірак у распрацоўцы зброi масавага зьнiшчэньня. Напрыканцы вайны ў Пэрсыдзкай затоцы Ірак абавязаўся скасаваць свае праграмы ў бiялягiчным, хiмiчным i ядзерным узбраеньнi. Толькi пасьля гэтага маглi б быць зьнятыя санкцыi ААН. Аднак, Ірак перашкаджаў працы iнспэкцыi ААН, i перад апошнiмi бамбаваньнямi Злучанымi Штатамi Іраку ў 1998 годзе апошняя група iнспэктараў пакiнула Ірак.

З тых часоў Багдад iх не дапушчаў у сваю краiну, што дае падставу мiжнароднай супольнасьцi меркаваць, што распрацоўка зброi працягваецца. Апошнiм часам прэзыдэнт Злучаных Штатаў некалькi разоў заяўляў, што Вашынгтон мае цьвёрды намер зьвергнуць рэжым Садама i дзеля гэтага выкарыстае ўсе магчымыя сродкi, уключна з ваеннай апэрацыяй. Вiдавочна, Багдад зразумеў, што гэта ня жарты. Тым больш, што нават у прэсу пранiклi падрабязнасьцi магчымай апэрацыi ЗША супраць Іраку.

Сябры Рады Бясьпекi ў сваёй бальшынi расцэньваюць запрашэньне Багдаду распачаць новы раўнд перамоваў ня болей як дыпляматычны хiтрык. Мiнулыя перамовы заканчвалiся нiчым, бо кожным разам Ірак выстаўляў новыя сустрэчныя ўмовы. У першым раўндзе перамоваў на пачатку гэтага году ён высунуў ажно 19 сустрэчных умоваў.

І другi раўнд перамоваў у мiнулым месяцы Кофi Анана i мiнiстра замежных справаў Іраку Наджы Сабры ў Вене завершыўся бязвынiкова. Рэзалюцыя ж Рады Бясьпекi патрабуе безумоўнага выкананьня Іракам умоваў ААН. Галоўная зь якiх - допуск iнспэктараў на ўсе ваенныя аб’екты. Ірак жа разьлiчвае на разыходжаньнi ў поглядах 15 краiнаў – сябраў Рады Бясьпекi. Вось i ўчора прадстаўнiк Расеi Юры Фядотаў назваў iрацкае запрашэньне “крокам да аднаўленьня ў поўным маштабе супрацоўнiцтва памiж Багдадам i ААН”. А прадстаўнiк ЗША Сiн Маккормак заявiў, што гэтае пытаньне нават ня варта абмяркоўваць. Такiм чынам, Ірак, якi знаходзiцца пад пагрозай ваеннага нападу ЗША, спрабуе зацягнуць час i перашкодзiць утварэньню супраць яго агульнага фронту.

Зрэшты, ЗША у сваiх ваенных плянах ня маюць шырокай падтрымкi. Учора канцлер ФРГ Шродэр заявiў, што Нямеччына не падтрымае ЗША. Дый традыцыйнаму партнэру ЗША -- Вялiкай Брытанii, чый прэм’ер Тонi Блэр падтрымвае Джорджа Буша ў пытаньнi Іраку, будзе няпроста. Нават ягоная партыя – Лейбарысцкая – засьцерагае прэм’ера, што перш, чым далучыцца да Злучаных Штатаў у вайне з рэжымам Садама, трэба атрымаць дазвол парлямэнту.

Багдад накiраваў лiст i ў амэрыканскi Кангрэс, у якiм ён запрашае кангрэсмэнаў i экспэртаў у Ірак i забясьпечыць iм бесперашкодны агляд любых аб’ктаў. Мiнiстар абароны Доналд Рамсфэлд назваў запрашэньне “жартам”. У адказ на лiст спiкера iрацкага парлямэнту Саадуна Хамадзi прадстаўнiк Рады нацыянальнай бясьпекi ЗША Шон Маккормак заявiў, што Вашынгтон чакае ад Багдаду рэальных дзеяньняў, а ня новых перамоваў.