“ГЭТА МІТ, ШТО КУБІНСКІ РЭЖЫМ ВЕЧНЫ І НЕПЕРАМОЖНЫ”, – ЛІЧАЦЬ КУБІНСКІЯ ДЫСЫДЭНТЫ

Віталь Цыганкоў, Прага

Калі Асвальду Пая было 17 гадоў, ён сказаў аднаму са сваіх таварышаў-студэнтаў, што яму няма справы да ўраду Фідэля Кастра. Гэта быў 1969 год, разгар рэпрэсіяў на Кубе. Неасьцярожнае выказваньне каштавала яму трох гадоў зьняволеньня ў працоўным лягеры, дзе ён сёк цукровы трысьнёг і здабываў мармур.

“Гэта была бітва паміж уладай і духам, – кажа Пая, якому зараз 50. – Я пакінуў лягер зь яшчэ большай верай, што зьмены магчымыя”. Аднак гэта быў толькі першы раўнд бітвы зь Фідэлем Кастра, якую Пая вядзе ўжо 30 гадоў. Сёньня Асвальд Пая ўзначаліў рух, які намагаецца здабыць больш свабодаў для кубінцаў, выкарыстоўваючы незвычайныя сродкі – кубінскую Канстытуцыю, падпісаную самім Кастра.

“Гэта міт, што рэжым вечны і непераможны, людзі могуць зьмясьціць яго”, – сьцьвярджае Пая. Ён арганізаваў збор подпісаў пад пэтыцыяй з патрабаваньнем правесьці рэфэрэндум пра забесьпячэньне свабоды выказваньняў і асацыяцыяў, амністыю для палітычных зьняволеных, вольныя выбары і права на прыватныя прадпрыемствы.

Пая, якому дапамагаюць каля 140 дысыдэнцкіх груповак, больш як год зьбіраў і пацьвярджаў подпісы, якія найбліжэйшымі тыднямі будуць пададзеныя ў заканадаўчы кубінскі орган. Паводле закону, Нацыянальная асамблея павінна паставіць на галасаваньне любы законапраект, падпісаны прынамсі 10 тысячамі чалавек.

Зразумела, нават людзі, якія падтрымліваюць збор подпісаў, лічаць малаверагодным, што Фідэль Кастра дазволіць ажыцьцявіцца гэтаму праекту. Аднак сам факт, што 10 тысяч кубінцаў адкрыта падпісалі антыўрадавы зварот, Пая ды іншыя дысыдэнты называюць важнай перамогай для правоў чалавека на Кубе. “У атмасфэры страху перамены пачынаюцца, калі людзі пераадольваюць свой страх”, – кажа Пая, які ведае, што многіх удзельнікаў ягонага праекту запалохвала альбо затрымлівала паліцыя.

Кубінскі ўрад называе патрабаваньне рэфэрэндуму неістотным і сьцьвярджае, што яго падтрымлівае мізэрная частка 11-мільённага насельніцтва Кубы. У адзінай афіцыйнай заяве, датычнай праекту, міністар замежных справаў Кубы Філіпэ Пэрэс Роке нядаўна сказаў, што падпісантаў патрабаваньня фінансава падтрымліваюць ЗША. (Дарэчы, стандартнае абвінавачаньне апазыцыі з боку любых дыктатураў.) Амэрыканскія дыпляматы на Кубе адхілілі ўсе абвінавачаньні ў падтрымцы – акрамя маральнай падтрымкі гэтага руху.

Адзін з удзельнікаў збору подпісаў, 59-гадовы адстаўны кубінскі афіцэр ваенна-марскіх сілаў Ідэльфонса Брукс, ужо зьведаў перасьлед з боку кубінскіх службаў бясьпекі. Брукс, сябра Хрысьціянска-лібэральнага руху, які зьбіраў подпісы, паведаміў, што праблемы пачаліся летась у лютым, калі паліцыя выклікала яго на допыт. Яны пыталіся, як ён, чалавек, які 30 гадоў праслужыў на флёце, а потым яшчэ 10 гадоў працаваў у іншай дзяржаўнай установе, мог “адвярнуцца ад рэвалюцыі”.

Пад Новы год Брукс атрымаў яшчэ адзін пазоў. На гэты раз паліцыянты паставілі яго насупраць сьцяны, крычалі й пракліналі, называлі яго і Пая гомасэксуалістамі й здраднікамі. Брукса закінулі ў камэру і пратрымалі там каля сямі гадзінаў. “Яны сказалі, што дабяруцца да майго сына і ўнучкі, якія жывуць у Маямі”, – распавядае Брукс. “Калі я й меў нейкія сумневы наконт таго, што раблю ў нашым руху, то цяпер ніякіх сумневаў у мяне не засталося”, – кажа кубінскі праваабаронца.