У БАЗЭЛІ РАСПАЧАЎСЯ МІЖНАРОДНЫ СЫМПОЗІЮМ "ДЭМАКРАТЫЧНАЕ ВЫРАШЭНЬНЕ ПЫТАНЬНЯ ВЫКАРЫСТАНЬНЯ ЯДЗЕРНАЙ ЭНЭРГІІ"

Алена Панкратава, Менск

Паралельна з сымпозіюмам сёньня ў Базэлі адкрылася адмысловая экзпазыцыя, прысьвечаная наступствам Чарнобыльскае аварыі ў Беларусі. Зараз, пасьля завершэнья першага дня працы Кангрэсу, многія навукоўцы якраз знаёмяцца зь ёй у памяшканьні Элізабэт-кірхе. Са мной на сувязі францускі прафэсар мэдычнай радыялёгіі Саланж Фэрнэ, якая неаднойчы бывала ў Беларусі.

(Фэрнэ: ) “Зараз тут прыкладна сто чалавек. Людзі глядзяць на фотаздымкі Юрыя Бандажэўскага, чарнобыльскіх ахвяраў, па сутнасьці амбмяркоўваюць тыя ж праблемы, што і ў часе сымпозіюма, але на такім больш жыцьцёвым узроўні. Падыходзіць шмат маладых людзей, кажуць, як добра, што распавядаем пра Чарнобыль, Бандажэўскага. Многія выказваюць сваё жаданьне ўзяць удзел у вялікай акцыі "Свабоду Юрыю Бандажэўскаму", якая адбудзецца ў Жэнэве 25 траўня. Дарэчы, зараз такая падтрымка гомельскаму прафэсару аказваецца ў Інтэрнэце, на многіх сайтах".

Саланж Фэрнэ, як і шэраг іншых удзельнікаў сымпозіюму, прадстаўляе незалежную лябараторыю дасьледаваньня радыеактыўнасьці KRIIRAD. На пачатку году лябараторыя выпусьціла кнігу, якая выклікала сапраўдны бум у Заходняй Эўропе. Зборнік публікацыяў пад назовам "Радыеактыўнае забруджаньне: атляс Францыі і Эўропы", у якім цытуюцца дасьледаваньні гомельскага прафэсара Бандажэўскага, стаў сапраўдным выклікам тым эўрапейскім урадам, якія доўгі час хавалі ад насельніцтва праўду пра наступствы катастрофы.

Пасьля выхаду кнігі сотні жыхароў Францыі падалі ў суд супраць сваіх урадаў, спадзеючыся атрымаць ад іх вялікую грашовую кампэнсацыю за шкоду здароўю. Паводле прадстаўніка KRIIRAD швайцарскага прафэсара Андрэаса Нідэкера, беларускія грамадзяне, якія пацярпелі ад Чарнобылю больш за ўсё, пазбаўленыя магчымасьці адстойваць свае правы.

(Нідэкер: ) “На жаль, у Беларусі няма падобных публікацыяў, бо такія навукоўцы, як Бандажэўскі, знаходзяцца ў турме. Відавочна, ягоныя дасьледаваньні аказаліся не патрэбнымі ўраду, затое яны патрэбныя навуцы”.

Прафэсар Нідэкер ў часе адкрыцьця сымпозіюму выступіў з прапановай лічыць Бандажэўскага ганаровым удзельнікам форуму. Гэтую прапанову, паведаміў ён, падтрымалі ўсе ўдзельнікі. Прафэсар Нідэкер працягвае:

(Нідэкер: ) "Раней гаварылі так: тое, што адбылося у Чарнобылі, магчымае толькі ў СССР. Перажыўшы падзеі 11 верасьня, мы ведаем, што шляхам тэрактаў, якія адбыліся ў ЗША, магчыма зруйнаваць ня толькі дамы, але і ядзерныя рэактары. Падобны выбух можна заплянаваць наўмысна. Ведаючы дасьледаваньні беларускага прафэсара Юрыя Бандажэўскага і тую сытуацыю, якая назіраецца пасьля Чарнобыльскай аварыі у Беларусі, ва Ўкраіне, мы, эўрапейцы, павінны сёньня апэляваць да сваіх урадаў, прыводзіць ім канкрэтныя факты і строга пытаць іх, што яны могуць зрабіць у тым выпадку, калі што небудзь падобнае здарыцца”.

Паводле прафэсара Нідэкера, цешыць тое, што пасьля некатарога часу забыцьця грамадзкасьць Эўропы зноў пачала праяўляць цікавасьць да праблемаў 16-гадовай даўніны.