У БЕЛАРУСІ РАЗВАЖАЮЦЬ ПРА МАГЧЫМАСЬЦЬ НАБЫЦЬЦЯ ІГНАЛІНСКАЙ АТАМНАЙ СТАНЦЫІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра ідэю набыцьця ў Літвы Ігналінскай атамнай станцыі паведаміла сёньня інфармацыйная агенцыя “Інтэрфакс”. Агенцыя спасылаецца на намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Аляксандра Міхневіча, які, калі верыць “Інтэрфаксу”, гэтак адказаў на пытаньне карэспандэнта пра верагоднасьць пакупкі Ігналінскай АЭС: "Экспэрты прапрацоўваюць на пэрспэктыву самыя розныя магчымасьці надзейнага і гарантаванага забесьпячэньня нашай краіны электраэнэргіяй, аналізуюць шмат якія праекты".

Далей Аляксандар Міхневіч нібыта патлучачыў, чаму для Беларусі будзе выгадная пакупка ў суседзяў атамнай станцыі, закрыцьця якой дамагаецца аб'яднаная Эўропа. Пакупка станцыі мела б вынікам атрыманьне таннай электраэнэргіі, зьмяншэньне залежнасьці ад імпарту і новыя магчымасьці для экспарту, лічыць намесьнік міністра замежных справаў Міхневіч, паводле “Інтэрфаксу”.

Літоўскі афіцыйны бок абвяргае любую інфармацыю, датычную магчымай пакупкі Ігналінскай АЭС Беларусьсю. Вось як пракамэнтаваў зьвесткі “Інтэрфаксу” кіраўнік дэпартамэнту інфармацыі МЗС Літвы Петрас Заполскас:

(Заполскас: ) "Нам невядома пра гэта нічога, акрамя таго, што распаўсюджваюць некаторыя інфармацыйныя агенцыі. Ніякія перамовы зь літоўскім бокам не вядуцца і, мяркую, ня будуць весьціся. Літва не гандлюе сваёй тэрыторыяй".

Паводле крыніцаў у Вільні, сёньняшнюю інфармацыю “Інтэрфаксу” абвяргаюць і іншыя ведамствы ўраду Літвы. Супрацоўніца Беларускага інфармацыйнага цэнтру Тацяна Поклад распавядае:

(Поклад: ) "Ёсьць кароткая заява міністра гаспадаркі Петраса Чэсны, які кажа, што беларускую заяву пра тое, што будзе выкупацца Ігналіская АЭС, літоўскія прадстаўнікі ацэньваюць як някепскую прыдумку, але далёкую ад рэальнасьці. І вось дакладна, цытую: "Ніхто не забараняе нашым суседзям філязофстваваць. Можа, думка і арыгінальная, але з рэчаіснасьцю яна ня мае нічога агульнага”. Вось такая цытата”.

(Карэспандэнт: ) "Ці даводзілася вам раней чуць пра гэтую ідэю?"

(Поклад: ) "Ясная рэч. Разумееце, праблемы Ігналінскай АЭС тут даўно абмяркоўваюцца, і пытаньні прыватызацыі станцыі падымаліся ў друку і выклікалі вялікі скандал. Казіміра Прунскенэ была заявіла пра пагрозу прыватызацыі, але былі абвяржэньні любой прыватызацыі, таму што гэта выклікае вялікі неспакой у краіне. Гэта вельмі балючая тэма для Літвы — само закрыцьцё Ігналінскай АЭС, сама страта Ігналінскай АЭС. Прыкладам, учора гаварылі прэм’ер з прэзыдэнтам на гэтую тэму, у наступную сераду яна будзе абмяркоўвацца ў сойме. Абмяркоўвацца праблема закрыцьця станцыі, колькі гэта будзе каштаваць, але прыватызацыя абвяргаецца бясконца".

(Карэспандэнт: ) "Але вось беларускі сьлед у гэтай прыватызацыі ўпершыню зьявіўся?"

(Поклад: ) "Так, мы тут пра гэта чуем упершыню”.