Ініцыятарамі стварэньня новай групы выступілі дэпутаты з фракцыі кансэрватараў, але ўвайшлі ў яе прадстаўнікі ўсіх фракцыяў літоўскага парлямэнту. Заўтра новая дэпутацкая група мусіць быць зарэгістраваная кіраўніцтвам Сэйму, паведаміла нашаму радыё адна зь ініцыятарак яе стварэньня — дэпутатка Раса Юкневічэне.
(Юкневічэне:) "Я вельмі радая, што парлямэнтары з розных фракцыяў, усіх асноўных палітычных групаў літоўскага парлямэнту адклікнуліся і падпісалі першапачатковую дэклярацыю, якая павінная была зьявіцца паводле нашага статуту. Заўтра мы будзем зьбірацца на першае паседжаньне, будзем абіраць людзей, якія ўзначаляць гэтую групу, і пачнем працу. Я думаю, што будзе вельмі цікавая, і, я спадзяюся, карысная праца дзеля абедзьвюх краінаў".
Да гэтага часу ў Сэйме існавала толькі дэпутацкая група ў справе добрасуседзкіх сувязяў зь Беларусьсю, якая ў асноўным арыентавалася на кантакты з афіцыйнымі структурамі. Стварэньню новай групы паспрыялі слуханьні наконт праблемы правоў чалавека ў Беларусі, якія адбыліся ў літоўскім Сэйме на мінулым тыдні, лічыць спадарыня Юкневічэне. На яе думку, сваю ролю ў зьяўленьні групы адыграла і тое, што апошнія месяцы Літва старшынюе ў Радзе Эўропы, і таму літоўскія парлямэнтары выступалі з шэрагам ініцыятываў датычна Беларусі. Цяпер жа сама група паспрыяе далейшаму абмеркаваньню праблем Беларусі на міжнароднай арэне, кажа літоўская дэпутатка.
(Юкневічэне:) "Менавіта нашая група будзе падштурхоўваць дэлегацыі нашага парлямэнту ў міжпарлямэнцкіх структурах. Да прыкладу, я з маім калегам Вацлавам Станкевічам — парлямэнтаром ад сацыял-лібэралаў — будзем у Злучаных Штатах з 22 красавіка. Я думаю, што мы здолеем узьняць вельмі актульныя для Беларусі пытаньні там, размаўляючы з сэнатарамі, з кангрэсмэнамі, размаўляючы з афіцыйнымі асобамі гэтай краіны".