ГАБРЭІ ВА ЎСІМ СЬВЕЦЕ АДЗНАЧЫЛІ ДЗЕНЬ КАТАСТРОФЫ Й ГЕРАІЗМУ ЭЎРАПЕЙСКАГА ГАБРЭЙСТВА

Юры Сьвірко, Прага

Ізраільскі прэм’ер-міністар Арыэль Шарон, распачынаючы цырымонію памяці, заявіў: “Цяжкая барацьба, у якую мы ўцягнутыя сёньня, хваля антысэмітызму, якая пракацілася па Эўропе, забавязваюць габрэяў абараняць свой дом. Габрэі маюць права самі абараняць сябе”.

Ва ўсім астатнім Дзень Галакосту адзначаўся ў Ізраілі традыцыйна. А 10-й гадзіне раніцы па ўсім Ізраілі дзьве хвіліны гучала сырэна памяці, падчас якой спынілі рух аўтамабілі й цягнікі, нават на хуткасных аўтамагістралях кіроўцы спыніліся ды выйшлі са сваіх машын, каб ушанаваць памяць 6 мільёнаў габрэяў, зьнішчаных фашыстамі.

Сёньня прыйшлі паведамленьні, што й ваенная апэрацыя Ізраілю супраць палестынцаў спынілася ці прынамсі пачынае спыняцца пад націскам міжнароднае супольнасьці. Ізраільскія войскі былі выведзеныя сёньня з двух гарадоў Заходняга берагу – Калькіліі й Тулькарэму. А 3-й гадзіне начы паводле менскага часу Ізраіль пачаў выводзіць адтуль свае войскі.

Як паведамляе газэта “Jerusalem Post”, прэм’ер Арыэль Шарон, міністар Шымон Пэрэс і міністар абароны Біньямін Бэн-Эліэзэр пагадзіліся прыняць усе рэкамэндацыі наконт спыненьня агню, што былі зробленыя адмысловым пасланьнікам ЗША Энтані Зіні.

Прэзыдэнт Джордж Буш назваў частковы вывад ізраільскіх войскаў “пачаткам”. Але, паводле “Jerusalem Post”, пасьля таго, як сілы абароны Ізраілю закончаць апэрацыю “Сьцяна абароны”, яны будуць разьмешчаныя ў буфэрных зонах, якія будуць блякаваць доступ тэрарыстаў з палестынскіх тэрыторыяў у габрэйскія паселішчы ды прадухіляць атакі на ізраільцаў.

Шарон заявіў: “Мы не зьбіраемся пастаянна наноў займаць палестынскія гарады, аднак мы адыдзем у вызначаныя зоны бясьпекі”.

Аднак у іншых месцах на Заходнім беразе Ярдану дагэтуль працягваюцца баі. Сутыкненьні адбываюцца ў гарадах Наблусе й Джэніне.