ПОЛЬШЧА НЯ ВЫДАСЬЦЬ ЖУКАЎЦА БЕЛАРУСКІМ УЛАДАМ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Акрамя іншага, увагу сродкаў масавай інфармацыі й прадстаўнікоў грамадзкасьці да сёньняшняга судовага паседжаньня прыцягнулі дзьве акалічнасьці.

Першае: Беластоцкі акруговы суд, нягледзячы на заўвагі й скасаваньне яго рашэньняў судом апэляцыйным, упарта працягваў даводзіць, што выдача Жукаўца магчымая. Пакуль невядома, ці ёсьць трохразовае ігнараваньне акруговым судом заўвагаў суду апэляцыйнага нейкім рэкордам, але экспэрты кажуць, што гэта пэўна кідае цень на ўсю судовую сыстэму.

Другое: падчас апошняга паседжаньня Беластоцкага акруговага суду пракурор Уладзімер Раманчук і старшыня суду Ян Федарук да вялікага зьдзіўленьня прысутных пачалі хваліць беларускую судовую сыстэму і дзяржаўны лад.

“Бракуе падставаў сьцьвярджаць, што Андрэй Жукавец будзе ў Беларусі пазбаўлены права на справядлівы суд. Як вынікае з матэрыялаў сродкаў масавай інфармацыі, сытуацыя ў Беларусі паволі стабілізуецца”, – заявіў тады, аргумэнтуючы рашэньне суду, Ян Федарук.

Сёньня Беластоцкі апэляцыйны суд разгледзеў скаргу Андрэя Жукаўца і пастанавіў, што выдача грамадзяніна Беларусі Жукаўца не адпавядае польскаму заканадаўству і таму недапушчальная. Гэтым разам рашэньне апэляцыйнага суду было канчатковым.

Сёньняшняе судовае паседжаньне дадало справе яшчэ адну акалічнасьць, якая робіць увесь працэс у справе экстрадыцыі Андрэя Жукаўца ў пэўным сэнсе ўнікальным. На абарону абвінавачанага паўстаў сам пракурор.

Распавядае Андрэй Жукавец:

(Жукавец: ) “Пракурор выступіў з хадайніцтвам, каб апэляцыйны суд адмяніў папярэдняе рашэньне акруговага суду і не вяртаў справу на перагляд, а канчаткова пастанавіў не вяртаць мяне ў Беларусь. Выходзіць, пракурор выступіў як абаронца. Нават ня ведаю, як гэта можна патлумачыць. Я быў вельмі ўражаны, бо думаў, што пракурор будзе падтрымліваць беларускі бок, а ён зрабіў наадварот”.

Паводле польскага заканадаўства, абскардзіць рашэньне аэляцыйнага суду можа толькі пракуратура, аднак пасьля такога выступу пракурора гэта наўрад ці здарыцца.

Такім чынам, можна сказаць, што сёньня ў Беластоку ўрэшце закончыўся апошні зь вядомых працэсаў у справе заяваў Беларускай пракуратуры на экстрадыцыю беларускіх бізнэсоўцаў.

Напярэдадні суды ва Ўроцлаве і Варшаве не далі дазволу на экстрадыцыю іншых беларускіх бізнэсоўцаў – Аляксандра Якаўлева і Вацлава Маркевіча.