ЛУКАШЭНКА ПАКУЛЬ НІЯК НЕ ПАДТРЫМАЎ ГОД ШАЎЧЭНКІ Ў БЕЛАРУСІ

Юры Сьвірко, Менск

Амбасадар Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што помнік Тарасу Шаўчэнку, які стаіць каля ўкраінскае амбасады ў Менску, нарэшце можа быць афіцыйна адкрыты ў красавіку. Менавіта тады ў беларускай сталіцы пройдуць Дні эканомікі й культуры Кіева — адна са шматлікіх імпрэзаў "Году Тараса Шаўчэнкі на Беларусі". Хаця дзень нараджэньня Кабзара — 9 сакавіка, цяпер Украіне не да адкрыцьця помнікаў, бо ў апошні дзень гэтага месяца там пройдуць выбары ў Вярхоўную Раду.

Менскі помнік Тарасу Шаўчэнку стаіць без урачыстага адкрыцьця амаль год. Чакалася, што ў цырымоніі возьме ўдзел прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, аднак цяпер на гэта ніхто ўжо не спадзяецца. Часткова гэта таксама зьвязана з украінскімі выбарамі, таму што нядаўна Аляксандар Лукашэнка прыняў у Менску дэлегацыю кампартыі Ўкраіны ды заявіў, што падтрымлівае на выбарах у Вярхоўную Раду менавіта камуністаў.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ўкраінскі амбасадар у Беларусі Анатоль Дронь заявіў:

(Дронь: ) "Увогуле, наш прэзыдэнт і нашыя кіраўнікі не дазваляюць сабе прымаць прадстаўнікоў апазыцыйных уладзе арганізацыяў і адкрыта падтрымліваць іх. Такога не было і ў часе парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, і прэзыдэнцкіх тым больш. Хтосьці спрабаваў ехаць ува Ўкраіну, сустракаліся з адпаведнымі партыямі ды арганізацыямі, але каб кіраўнікі Ўкраіны — такога не было!"

Я спытаўся, ці ведала амбасада пра тое, што да Аляксандра Лукашэнкі прыедуць па падтрымку апанэнты Леаніда Кучмы.

(Дронь: ) "Пра візыт мы ня ведалі, але з прэсы даведаліся — так, як і вы, чулі пра гэтую сустрэчу. Гэта ж вядома, што кампартыя ў асобе Пятра Сыманэнкі ды іншых актыўна падтрымлівала Аляксандра Рыгоравіча на выбарах, гэта мы таксама ведаем, таму гэта зразумела".

Амбасадара Дроня я папрасіў пракамэнтаваць і паводзіны беларускіх уладаў, якія пагадзіліся з прапановай мясцовых украінцаў абвесьціць сёлета год Тараса Шаўчэнкі, але нічога больш не зрабілі.

(Дронь: ) "Ёсьць увага беларускае ўлады да Ўкраіны, да Шаўчэнкі, да ініцыятывы нашых украінскіх грамадаў і амбасады. Выканаўчая ўлада падтрымала ініцыятыву. Дарэчы, я прачытаў пра тое, што было сказана не зусім правільна: "Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь сваёй пастановай абвесьціў 2002 год годам Тараса Шаўчэнкі". Пастановы не было. І ня трэба пастановы".

Зазначыў амбасадар Украіны ў Менску Анатоль Дронь. Нагадаю, што 1999 год у Беларусі асобным указам Аляксандра Лукашэнкі быў абвешчаны годам расейскага паэта Аляксандра Пушкіна ў Беларусі, тады ж быў створаны нацыянальны аргкамітэт сьвяткаваньняў.

Адаму Міцкевічу, а цяпер і Тарасу Шаўчэнку пашанцавала меней.

Адметна, што сёлета ва Ўкраіне будуць адзначацца юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а ў Ялце адкрыюць помнік Максіму Багдановічу — пра ўдзел афіцыйнае Беларусі ў гэтым нічога не паведамляецца.