У ДАКЛАДЗЕ РАБОЧАЙ ГРУПЫ ПА АБСЭ ПА БЕЛАРУСІ ЗНОЎ ВЫКАЗВАЕЦЦА “АСЬЦЯРОЖНЫ АПТЫМІЗМ”

Юры Сьвірко, Менск

Заўтра ў Вене пачнецца першая ў гісторыі зімовая сэсія Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ, якая зможа даць сябрам асамблеі дадатковую мажлівасьць атрыманьня інфармацыі ад высокапастаўленых чыноўнікаў АБСЭ з выканаўчай галіны. На сэсіі прадугледжаныя сэрыі пытаньняў і адказаў, у часе якіх асобныя парлямэнтары маюць намер закрануць беларускія праблемы, сярод якіх вылучаецца пытаньне пра Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску.

На сёньняшнім брыфінгу ў Вене старшыня Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын з уласнай ініцыятывы падкрэсьліў, што асобнага беларускага пытаньня на зімовай сэсіі ня будзе. Прысутны на брыфінгу кіраўнік інфармацыйнае службы АБСЭ ў Вене Кіс Джынкс пераказаў словы спадара Севярына:

(Джынкс: ) “Сытуацыя гэткая, што заўтра яны не чакаюць дэлегацыю беларускага Вярхоўнага Савету. Але былі накіраваныя запрашэньні дэмакратычным асобам у Беларусі”.

Я спытаўся ў спадара Джынкса, ці будзе зноў разглядацца пытаньне пра статус гэтак званага Нацыянальнага сходу, які яшчэ летась спадзяваўся менавіта на лютаўскай сэсіі ПА АБСЭ стаць ейным паўнавартасным сябрам.

(Джынкс: ) “Паколькі беларускае дэлегацыі тут ня будзе, было б нямэтазгодным закранаць гэтае пытаньне”.

Зусім іншую пазыцыю займае кіраўніца дэлегацыі Латвіі ў Парлямэнцкай Асамблеі ды сябра ейнай адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі Хелена Дэмакава, якая нядаўна разам з двума калегамі наведала Менск. Яна была вельмі зьдзіўленая заявай спадара Севярына пра тое, што беларускага пытаньня ня будзе.

(Дэмакава: ) “Калі ён гэта сказаў, для мяне гэта навіна, таму што заўжды расейская дэлегацыя высоўвае гэтае пытаньне — пра ўдзел Беларусі, пра тое, ці будуць яны браць удзел надалей, ці не”.

Хелена Дэмакава таксама паведаміла, што ўжо гатовы даклад амаль на 40 старонках адмысловай рабочай групы ПА АБСЭ, куды ўваходзілі яшчэ два парлямэнтары — швэд Урбан Алін і немка Ута Цапф. Апошняя, паводле спадарыні Дэмакавай, абавязкова будзе выступаць на сэсіі.

(Дэмакава: ) “Увесь гэты даклад усім дэлегатам ужо раздадзены ў пісьмовай форме, і яна будзе прадстаўляць яго, а тады дэлегаты, натуральна, будуць абмяркоўваць і прымаць рашэньне галасаваньнем. Заўжды гэтыя рашэньні прымаліся галасаваньнем. Гэта будзе, натуральна, адным з ключавых пытаньняў”.

А на маё пытаньне, якое яна прагназуе рашэньне Парлямэнцкае Асамблеі наконт мажлівага ўдзелу гэтак званага Нацыянальнага сходу, спадарыня Дэмакава адказала гэтак:

(Дэмакава: ) “Што да мяне, дык латвійская дэлегацыя — як кіраўнік дэлегацыі, я буду галасаваць супраць гэтага ўдзелу Беларусі”.

Чаму ж у дакладзе групы на чале з Утай Цапф выказваецца “асьцярожны аптымізм”?

(Дэмакава: ) “Таму што ў кожным парлямэнце, нават у такім аўтарытарным рэжыме, пачынаюцца нейкія працэсы, якія ўсё ж нібыта “тварам да Эўропы”. Але зь іншага боку — усе тыя крытэры, якія былі высунутыя АБСЭ, беларуская адміністрацыя ня выканала”.