ІРАН, ІРАК І ПАЎНОЧНАЯ КАРЭЯ АДКАЗВАЮЦЬ НА ЗАЯВУ БУША

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Міністар замежных справаў Ірану Камаль Каразі сказаў, што сваю заяву Буша зрабіў, каб Злучаныя Штаты мелі падставу працягваць падтрымваць ізраільскія напады на палестынцаў на Заходнім беразе Ярдану і ў Паласе Газа. Паводле Каразі, Буш мае намер адвесьці грамадзкую думку ад блізкаўсходніх праблемаў, узьняўшы новую тэму, і гэтакім чынам стварыць глебу для Ізраілю ў задушэньні палестынскай нацыі. Ён назваў камэнтары Буша ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Ірану.

Буш сказаў, што Іран, Ірак і Паўночная Карэя імкнуцца атрымаць зброю масавага зьнішчэньня, якая можа перайсьці да тэрарыстаў. Ён запэўніў, што ЗША “не дазволяць найбольш небясьпечным рэжымам у сьвеце пагражаць найбольш разбуральнай у сьвеце зброяй”.

Кіраўнік камітэту міжнародных і арабскіх сувязяў ірацкага парлямэнту Салім аль-Кубаісі заявіў агенцтву Reuters, што закід Буша ў бок Іраку неабгрунтаваны, бо Ірак ясна сказаў, што больш не валодае ніякай зброяй масавага зьнішчэньня і далей ня здольны распрацоўваць яе. Паводле аль-Кубаісі, прамова можа папярэднічаць нападу на Ірак, паколькі асобныя афіцыйныя асобы з адміністрацыі Буша, як паведамлялася, пагражалі гэтым. Ён дадаў, што такія пагрозы не пужаюць Ірак, паколькі ірацкі народ добра падрыхтаваны да адказу на любую агрэсыю ці дурноту амэрыканска-сіянісцкай адміністрацыі.

Стасункі паміж Іранам і ЗША можна ахарактарызаваць як “крок наперад – крок назад”. Пасьля нападаў на ЗША 11 верасьня Іран выказваў свае сымпатыі да Злучаных Штатаў, і гэта давала надзею на аднаўленьне добрых узаемадачыненьняў паміж краінамі. Але ізраільска-палестынскі канфлікт ёсьць ключом, які блякуе разьвіцьцё стасункаў. ЗША абвінавачваюць Іран у падтрымцы палестынскіх тэрарыстычных груповак, а Іран папракае Злучаныя Штаты ў сьляпой падтрымцы Ізраілю.

Афіцыйнае паўночна-карэйскае прэсавае агенцтва распаўсюдзіла камэнтар. У ім словы Буша названыя сафізмам, які мае на мэце апраўдаць амэрыканскую ваенную прысутнасьць у Паўдзённай Карэі і ўпарта падтрымліваць палітыку агрэсіі супраць Паўночнай Карэі.

Філіпінскія афіцыйныя асобы, хоць і знаходзяцца ў саюзьніцкіх стасунках з Вашынгтонам, зьвярнулі ўвагу на запэўніваньне Буша, што тэрарысты будуць перасьледавацца ўсюды, дзе яны будуць выяўленыя. Амэрыканскія падразьдзяленьні знаходзяцца на Філіпінах і разам зь філіпінскімі сіламі сёньня распачалі вайсковыя вучэньні недалёка ад месца знаходжаньня мусульманскай экстрэмісцкай групоўкі Абу Саяфа перад тым, як распачаць супольную апэрацыю ў зьнішчэньні тэрарыстаў. Той-сёй у Маніле разглядае заяву Буша як засьцярогу, што амэрыканцы самі выканаюць гэтую працу, калі філіпінскае войска выявіць няздольнасьць завершыць яе. Міністар юстыцыі Пэрэз сказаў, што Філіпіны ня супраць дапамогі дружалюбных краінаў, калі ў гэтым ёсць неабходнасьць, але гэта не азначае, што тыя павінны займацца зьнешняй палітыкай Філіпінаў.