ТОЛЬКІ 28% АМЭРЫКАНЦАЎ ВЕРЫЦЬ, ШТО БІН ЛАДЭНА ЎДАСЦА ЗАХАПІЦЬ АЛЬБО ЗЬНІШЧЫЦЬ

Сяргей Навумчык,Ню-Ёрк

(Кар.: ) “Сяргей, якія апошнія навіны датычна вайсковых дзеяньняў?”

(Навумчык: ) “Амэрыканскія ўлады абверглі паведамленьні талібаў нібыта пра тое, што пяцьдзесят амэрыканскіх вайскоўцаў загінулі пад час выратавальнай апэрацыі. Сапраўды, пацярпеў катастрофу амэрыканскі гэлікоптэр. Ахвяраў катастрофы не было, але чатыры члены экіпажу параненыя, адзін – сур’ёзна. Гэлікоптэр накіроўваўся, каб забраць спэцназаўца, які захварэў. Пасьля катастрофы спэцназавец і параненыя члены экіпажу былі ўсё ж эвакуяваныя іншым гэлікоптэрам, а крыху пазьней самалёт “стэлз” зьнішчыў рэшткі першага гэлікоптэру, каб яны ня трапілі ў рукі талібаў, бо там было сакрэтнае абсталяваньне.

(Кар.: ) “Сяргей, міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэльд заявіў, што вынікі апэрацыі ў Афганістане пакуль сьціплыя... Ці будзе ў сувязі з гэтым ужытая нейкая іншая тактыка?”

(Навумчык: ) “Так, паводле інфармацыі, у часе свайго візыту ў краіны рэгіёну (міністар абароны даў прэсавыя канфэрэнцыі ў Ташкеньце і ў Дэлі) Рамсфэльд ацаніў вынікі апэрацыі ў Афганістане як сьціплыя менавіта з вайсковага пункту гледжаньня, але сказаў, што талібы нясуць істотныя страты. Рамсфэльд сказаў і пра тактыку талібаў – яны разьмяшчаюць ваенныя аб’екты, напрыклад, сховішчы зброі, у мячэцях, а потым заяўляюць, што амэрыканцы зьнішчаюць сьвятыя для мусульманаў месцы.

Што датычна тактыкі наземнай часткі апэрацыі, дык у ёй з амэрыкагскага боку задзейнічаныя гэлікоптэры і спэцназ. Раней меркавалася, што спэцназ паспрабуе захапіць Бін Ладэна ды лідэраў Аль-Каеды. Але адзначу, што гэтак меркавалі назіральнікі, і невядома, ці супадала гэта з плянамі Пэнтагону, хаця міністар абароны Рамсфэльд некалькі нразоў падкрэсьліваў, што было б вельмі добра захапіць Бін Ладэна – і тут жа прызнаваў, што, магчыма, гэта і ня ўдасца. Аднак, не захапіць жывым – гэта ня значыць “ня зьнішчыць”. Выглядае, што цяперашняя тактыка Пэнтагону палягае ў тым, што спэцназ выконвае ролю разьведкі, наводзячы бамбавікі на істотныя закамуфляваныя аб’екты тэрарыстаў. Другая мэта спэцназаўцаў – каардынацыя дзеяньняў амэрыканскіх вайсковых падразьдзяленьняў з сіламі Паўночнага альянсу. Генэрал Рычард Маерс заявіў, што ў зону баявых дзеяньняў закінутыя яшчэ дзьве групы спэцназаўцаў.

Але, паводле апытаньняў Ню-Ёрк Таймс, толькі менш як траціна амэрыкацаў (28 адсоткаў) упэўненыя ў тым, што Бін Ладэна ўдасца захапіць альбо зьнішчыць”.

(Кар.: ) “Калі казаць пра стаўленьне амэрыканцаў да баявых дзеяньняў – ці зьмянілася яно пасьля пачатку наземнай апэрацыі і з улікам таго, што амэрыканцы згубілі ўжо два гэлікоптэры?”

(Навумчык: ) “З таго, што я назіраю, стаўленьне амэрыканцаў не зьмянілася, але канешне, у такой тэме лепш кіравацца сацыялягічнымі апытаньнямі.

Паводле апытаньня тэлекампаніі CNN, наземную апэрацыю падтрымлівае 80 адсоткаў амэрыканцаў.

І вельмі паказальным можа зьяўляцца стаўленьне да вайны ва ўнівэрсытэцкіх цэнтрах, бо і амэрыканскія стуэнты, і прафэсура лічацца збольшага прыхільнікамі пацыфізму, яны падтрымліваюць дэмакратаў, а часам нават сымпатызуюць камуністам. Дык вось, паводле апытаньняў Гарвардскага ўнівэрсытэту (яго часам называюць Кэмбрыджскім, бо ён месьціцца ў Кэмбрыджы, штат Масачусэтс) – 79 адсоткаў студэнтаў падтрымліваюць вайну з тэрарызмам, а 68 адсоткаў амэрыканскіх студэнтаў выказваюцца за наземную аперацыю. І сэнсацыйна тое, што 71 % студэнтаў гатовыя пайсьці ў войска, калі будзе абвешчаная мабілізацыя. На думку назіральнікаў, ступень падтрымкі неістотна зьменіцца ў будучым, нават калі і ня будзе нейкіх хуткіх вынікаў ваеннай апэрацыі – Белы Дом адразу заявіў, што вайна зойме шмат часу.

Нельга “амэрыканскую “афганскую капмпанію” параўноўваць з савецкай афганскай кампаніяй – у тым выпадку абаранялі абстрактныя інтарэсы брэжнеўска-андропаўскага Палітбюро, а ў цяперашнім прычыны вайны ва ўсіх былі навідавоку. Трагедыя 11 верасьня сапраўды закранула тым ці іншым чынам шмат амэрыканцаў, гэта ніякае не перабольшваньне”.